У ходзе праверкі рэйсавага аўтобуса «Гомель — Чарнігаў» у пункце пропуску Новыя Ярылавічы ўкраінскія мытнікі задалі пасажырам традыцыйнае пытанне пра наяўнасць у багажы забароненых рэчаў. Жанчына заявіла, што такіх тавараў, зброі і наркотыкаў у яе няма, аднак пры аглядзе ў трох яе торбах былі знойдзены 1360 пачкаў перманганату калію — марганцоўкі. У кожным пачку было па 5 г рэчыва, якое выкарыстоўваецца для дэзінфекцыі, усяго ж тавар пацягнуў на 6 кг 800 г.

Ці то ўкраінка не ведала, ці то разлічвала на шчаслівы выпадак праскочыць мытню без агляду, але ва Украіне з 2013 года перманганат калію адносіцца да прэкурсораў, у дачыненні да якіх устанаўліваюцца меры кантролю з абмежаваннем абарачэння. Выклікана гэта было тым, што ўкраінскія наркаманы навучыліся выкарыстоўваць марганцоўку ў вытворчасці наркотыкаў.

Пасажырка патлумачыла мытнікам, што марганцоўку купіла ў Гомелі па просьбе знаёмых і для ўласных патрэб, а не заявіла пра яе наяўнасць, таму што лічыла, што гэтага не патрабуецца.

Справа разглядалася ў Новазаводскім раённым судзе Чарнігава. Парушальніцу пакаралі штрафам у памеры 100% кошту тавару з яго канфіскацыяй. За 1360 пачкаў украінка заплаціла ў Гомелі каля 950 рублёў (прыкладна 460 даляраў). А вось суд штраф налічыў па ўкраінскіх цэнах, і выйшла, што паездка ў Гомель жанчыне каштавала 35 183 грыўні, што адпавядае 1390 далярам.

У Беларусі для набыцця марганцоўкі рэцэпт не патрабуецца, але ёсць абмежаванне — не больш як дзве пачкі ў адны рукі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?