Аляксандр Лукашэнка правёў сёння рабочую сустрэчу з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам, паведамляе БелТА.

«Пры прызначэнні мы дамовіліся, што праз пэўны прамежак часу, калі вы будзеце гатовыя, распаведзяце, па-першае, аб удасканаленні сістэмы аховы здароўя па ўсіх напрамках і ва ўсіх праявах. Што больш за ўсё хвалюе не толькі мяне, але і грамадства ў сілу апошніх падзей ў сістэме — гэта пытанні закупак медыцынскага абсталявання і цэнаўтварэння», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што справядлівае цэнаўтварэнне на лекі і праца без пасярэднікаў пры закупцы абсталявання — адны з найважнейшых пытанняў. «Натуральнае, што пасярэднікі да 30%, а часам і больш, павялічваюць кошты на абсталяванне. Тое ж самае тычыцца і лекавых сродкаў, прэпаратаў, субстанцый і гэтак далей, — дадаў ён. — Словам, вы, працуючы ў асноўным звяне нашай аховы здароўя, ведаеце болевыя кропкі і «хваробы» нашай аховы здароўя. І ў гэтым сэнсе нам трэба было б распачаць сур'ёзныя намаганні. Цягнуць нельга».

Лукашэнка таксама ўзняў пытанне вытворчасці лекавых сродкаў у Беларусі і імпартазамяшчэння. Паводле яго слоў, краіна траціць на закупку лекаў за мяжой да $500 млн. «Недапушчальна шмат. Тым больш што мы можам вырабляць свае лекі», — адзначыў ён. Раней, нагадаў ён, была пастаўлена задача наладзіць у краіне вытворчасць паловы аб'ёму лекавых сродкаў, якія закуплюцца. Даручэнне было выканана.

«Цяпер трэба звярнуць сур'ёзную ўвагу на субстанцыі і, як кажуць у прамысловасці, камплектуючыя гэтых лекаў. Трэба глыбей займацца распрацоўкай, вытворчасцю лекавых сродкаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на ўдасканаленне сістэмы аховы здароўя ў частцы аказання першаснай і спецыялізаванай дапамогі.

«Ламаць нічога не трэба. Гэта поўная лухта. І вы, і ўсе мы выраслі на гэтай сістэме. Але нічога не бывае дадзенага раз і назаўжды, трэба ўдасканальваць гэтую сістэму. Калі ў вас па гэтых і іншых пытаннях ёсць прапановы, я гатовы іх выслухаць. Калі яны прымальныя, мы зробім усё для таго, каб іх рэалізаваць ужо ў гэтым годзе», — заявіў ён.

Уладзімір Каранік далажыў кіраўніку дзяржавы аб выкананні яго даручэнняў, праінфармаваў пра бягучы стан спраў і наяўныя праблемы ў сістэме аховы здароўя, магчымыя шляхі іх вырашэння.

Як распавёў міністр, па некаторых пазіцыях закупанага абсталявання ім удалося знізіць цэны больш чым у 2 разы.

— Што тычыцца арганізацыі закупак — досыць шчыльна мы папрацавалі з усімі зацікаўленымі бакамі: гэта і пастаўшчыкі, і МАРГ. Паглыбілі правядзенне маркетынгавых даследаванняў.

На сённяшні момант магу канстатаваць: па многіх пазіцыях адбылося істотнае зніжэнне коштаў на запасныя часткі. Напрыклад, рэнтгенаўскі выпраменьвальнік для камп'ютарнага тамографа ў 2018 годзе нам прапаноўвалі па 223 тысячы даляраў, зараз мы купляем па 89 тысяч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0