Фота СК

Фота СК

Сёння суд Заводскага раёна Мінска вынес прысуд па рэзанансным ДТЗ на МКАД з трыма загінулымі. Вінаватым прызналі кіроўцу фуры, піша Tut.by.

Суд прысудзіў кіроўцу цягача — 47-гадовага Сяргея — да пакарання ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. У сувязі з нядаўнім законам аб амністыі тэрмін пакарання яму быў скарочаны на год. Таксама дальнабойшчык будзе пазбаўлены правоў на пяць гадоў.

Яго працадаўцу, дырэктару ТАА «ФрэндшыпГруп», які быў грамадзянскім адказчыкам па справе, на працягу 30 дзён неабходна выплаціць пацярпелым 400 тысяч рублёў.

Пасля абвяшчэння прысуду кіроўца фуры заявіў, што з прысудам ён не згодзен, яго абаронца будзе падаваць апеляцыю.

Аварыя здарылася 1 лютага. На МКАД, у раёне 10-й бальніцы, у першай паласе фура ўрэзалася ў пагрузчык. Ад удару пагрузчык паляцеў на раздзяляльную агароджу, прабіў яе і выскачыў на сустрэчку. Там пагрузчык сутыкнуўся з «Маздай», а яна — яшчэ з двума аўто: «Опелем» і «Сітраэнам». На месцы ДТЗ загінулі 54-гадовы кіроўца Mazda і яго 52-гадовая жонка, 26-гадовы пасажыр легкавіка ў цяжкім стане быў дастаўлены ў бальніцу, дзе пазней памёр. Таксама ў аварыі пацярпелі кіроўцы «Опеля» і «Сітраэна». З траўмамі рознай ступені цяжкасці іх шпіталізавалі.

Кіроўцу фуры абвінавацілі ў парушэнні ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб. Мужчына сваю віну не прызнаў і сказаў у судзе, што парушыў толькі дыстанцыю пагрузчыка, што ехаў уперадзею Абвінавачаны меркаваў, што кіроўца пагрузчыка мог свядома паехаць на сустрэчку, «магчыма, каб сысці ад сутыкнення».

Кіроўца пагрузчыка сцвярджаў, што падчас руху ні на што не адхіляўся, хоць вядома, што перад і падчас ДТЗ па яго мабільніку ішоў актыўны выклік. Пасля ДТЗ яму была аказана меддапамога, але шпіталізацыя не спатрэбілася. Але ўжо на наступны дзень пасля аварыі мужчына пагутарыў з адвакатам, а пасля лёг у бальніцу — па яго словах у яго «кружылася галава і было млосна».

У ходзе следства былі праведзены аўтатэхнічныя экспертызы, аднак некаторыя пытанні засталіся без адказу. Напрыклад, эксперты не змаглі праверыць эфектыўнасць працы тармазной сістэмы пагрузчыка — не было магчымасцяў. Таксама не вядома, па якой траекторыі ехаў пагрузчык, якім чынам ён пераадолеў агароджу — гэтыя пытанні следства перад экспертамі не ставіла.

Абаронца абвінавачанага папрасіла суд апраўдаць і вызваліць ад крымінальнай адказнасці яе падабароннага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0