Пагадненне аб стварэнні калектыўных сіл аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы падпісана 4 лютага ў Маскве па выніках пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян.

Паводле інфармацыі РІА Новости, гэтыя сілы будуць выкарыстоўвацца для адбіцця ваеннай агрэсіі, правядзення спецыяльных аперацый па барацьбе з міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, наркатрафікам, а таксама для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый.

Сёння сістэма калектыўнай бяспекі будуецца па рэгіянальным прынцыпе. Існуюць тры рэгіянальныя вайсковыя групоўкі, але ўсе яны не калектыўныя: расійска‑беларуская (усходнееўрапейская), расійска‑армянская (каўказская) і цэнтральнаазіяцкая, дзе пакуль створаны толькі абмежаваныя па складзе калектыўныя сілы хуткага рэагавання.

«Менавіта гэтыя сілы (цэнтральнаазіяцкая групоўка) разглядаюцца ў якасці асновы будучай аб’яднанай групоўкі сіл. Цяпер мы завяршаем распрацоўку праекта адпаведнага пагаднення», — сказаў напярэдадні саміта памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька.

Плануецца, што калектыўныя сілы будуць дыслакаваныя на пастаяннай аснове ў Расіі, і ім будуць надавацца ваенныя падраздзяленні краін АДКБ. Ва ўсіх сіл будзе агульнае камандаванне.
У існуючых цяпер сіл АДКБ няма пастаяннага месца дыслакацыі.

У якасці магчымага варыянта разглядаецца, што асновай сіл будуць расійскія 98‑я гвардзейская паветрана‑дэсантная дывізія і 31‑я дэсантная штурмавая брыгада ВДВ.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0