Крыху больш за тры месяцы застаецца да парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца 17 лістапада. Напярэдадні гэтай падзеі «НН» апытала лідараў апазіцыі, ці збіраюцца яны стаць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў?

Лідар вулічных пратэстаў, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч кажа, што сам не будзе балатавацца ў якасці кандыдата. Тым не менш Статкевіч гатовы стаць даверанай асобай іншых кандыдатаў ад Беларускага нацыянальнага кангрэса, каб мець легальную магчымасць для сустрэч з людзьмі. Падчас выбарчай кампаніі Статкевіч мае намер аб’ехаць вялікія гарады.

Маладафронтавец і цясляр Зміцер Дашкевіч таксама не збіраецца ўдзельнічаць у дадзенай кампаніі. «Гэта нецікава нікому. Бессэнсоўна. У нашай краіне ёсць мноства справаў, якія можна зрабіць ярка і прыгожа, і не ўлазіць у гэтыя фэйкавыя выбары», — гаворыць Дашкевіч.

А вось лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў паспрабуе патрапіць у парламент. Палітык кажа, што пакуль не прыняў канчатковага рашэнне, дзе менавіта ён будзе балатавацца. «Альбо гэта будзе адна з акругаў у Мінску, пакуль не скажу якая менавіта, альбо ў Дзяржынску, дзе я балатаваўся мінулы раз». Іншая сустаршыня «ГП» Таццяна Караткевіч пакуль не вызначылася з мэтазгоднасцю свайго ўдзелу ў выбарах.

Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў гэтым разам будзе балатавацца не на радзіме ў Шклове, а па мінскай Купалаўскай акрузе. Адметнасцю гэтай акругі з’яўляецца тое, што да яе прымацаваныя ўсе замежныя ўчасткі. Магчыма, Кастусёў спадзяецца на дапамогу эмігрантаў і тых, хто часова пражывае не ў Беларусі.

Іншы прадстаўнік БНФ Аляксей Янукевіч гэтым разам не паспрабуе свае сілы на выбарах. «Гэта нашае супольнае тактычнае рашэнне. Буду даверанай асобай у фронтаўскіх кандыдатаў», — адзначыў Аляксей. Выглядае, што Янукевіч асноўную стаўку робіць на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах налета.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец кажа, што «выбараў няма», таму адмаўляецца ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. «Частка сябраў БХД будзе вылучацца, частка байкатуе, платформа партыі дазваляе гэта зрабіць. Рашэнне БХД падчас гэтай кампаніі —інфармаваць людзей пра фальсіфікацыі і паказваць альтэрнатыву, гэта можна рабіць і шляхам удзелу, і шляхам байкоту, і шляхам ігнору», — зазначае Севярынец.

Лідар руху «Дзея» Алесь Лагвінец быў адным з тых, хто ў 2016 годзе правёў запамінальную кампанію, якая праходзіла ў Сухараве. У выніку Лагвінца нават не зарэгістравалі як кандыдата. «Не збіраюся ўдзельнічаць», — лаканічна адказвае Лагвінец.

Затое пойдзе на выбары кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. «Буду балатавацца па месцы жыхарства — Першамайскім раёне Мінска. Гэта будзе 107 ці 108 акруга», — гаворыць ён.

Былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што даўно прыняў рашэнне не ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. «Сваё рашэнне я не мяняю», — адказвае ён.

Дзве незалежныя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў гэтага склікання Ганна Канапацкая і Алена Анісім (ад Кастрычніцкай і Стаўпецкай акруг адпаведна) зноў паспрабуюць трапіць у парламент па сваіх акругах. Дарэчы, цікава, калі Караткевіч усё ж вырашыць балатавацца, ці адбудзецца сёлета дуэль-рэванш па акрузе Канапацкая — Караткевіч?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?