Фота Сяргея Гудзіліна
Першы званок у гэтым навучальным годзе прагучыць ва ўсіх мінскіх школах 2 верасня (панядзелак), паведамляюць Мінск-навіны.
— 2 верасня ў сталічных школах і гімназіях адбудуцца ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку навучальнага года. Пасля святочных мерапрыемстваў дзеці разыйдуцца па класах, дзе ў іх пройдзе першы ўрок, — растлумачылі ў ведамстве. — Сёлета тэма першага занятку будзе сугучная радкам з верша Янкі Купалы «Маладая Беларусь»: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!..»
Са школьнікамі будуць размаўляць на тэму Года малой радзімы, у цэнтры ўвагі таксама апынецца і 75-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Згадаюць і яшчэ адну знакавую дату: 45-годдзе прысваення Мінску звання «Горад-герой».