«Усведамляю, што зараз раззлую частку сваёй стужкі, але мушу шчыра засведчыць», — піша беларус Дзмітрый Гурневіч, які раней жыў і працаваў у Варшаве, а цяпер — у Празе.
«Ніколі не жыў у Менску даўжэй 5 дзён і не ведаю яго так, як менчукі. Ацэньваю, як чалавек прыезджы. За апошнія гады ён радыкальна змяніўся.
Стаў больш утульны і зручны. Ёсць куды зайсці і файна правесці час. Нават мае дзеці сказалі: «уаў, у Празе і Варшаве такога няма» (гэта яны пра VR-парк Teleport).
І людзі. Раней я мог беспамылкова сказаць, хто ў шэрым натоўпе замежнік, бо і сам хадзіў ва ўсім чорным або шэрым. Цяпер гэта немагчыма. Цяпер гэта подыюм моднікаў, як Токіа. Захад тут, як кажуць палякі, pełną gębą. Але галоўнае не гэтае.
Людзі сталі ў разы больш адкрытымі. Можна загаварыць у краме, ці з чалавекам за суседнім столікам у забягалаўцы і міла пагаманіць пра невядома што.
Ну, не ведаю, можа гэта мне так шанцуе. Але я сябе адчуў, як у амерыканскім горадзе, усе кідаюцца ў гутарку і ўсміхаюцца. Можа я гэта адчуваю інакш, бо розніца з ранейшым каласальная.
Сумна, што ані разу не пачуў беларускай мовы. Хаця пачулі дзеці. Ад хлопчыка Андрэя ў батутным цэнтры, з якім за хвіліну знайшлі супольную мову».