У Мінску адбыўся круглы стол з удзелам прадстаўнікоў лукашэнкаўскага і недзяржаўнага медыясектару - сярод іх былі Зімоўскі, Літвіна, Сярэдзіч, Якубовіч, - а таксама Пяткевіч і еўрапейскіх дыпламатаў.

«Ніводнаму сродку масавай інфармацыі ў Беларусі не было адмоўлена ў рэгістрацыі», заявіла намесніца міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч на круглым стале «Заканадаўства аб СМІ як фактар развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы», што прайшоў 4 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы з удзелам прадстаўнікоў лукашэнкаўскага і недзяржаўнага медыясектару. У такім духу ішла гаворка на гэтай сустрэчы — адным з рэдкіх спатканняў лукашэнкаўцаў з прадстаўнікамі незалежнага грамадства.

Павел Якубовіч, галоўны рэдактар газеты «Советская Белоруссия» і адначасова новапрызначаны кіраўнік Грамадскай каардынацыйнай рады па СМІ выступіў з рэзкай крытыкай незалежных СМІ за тое, што яны не даюць процілеглага пункту гледжання і абвінаваціў апазіцыйных палітыкаў, што тыя, змагаючыся за ўладу, выкапалі прорву між аднымі СМІ і другімі.

Намесніца кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталля

Пяткевіч патлумачыла адмову «Белпошты» і «Белсаюздруку» распаўсюджваць шэраг выданняў эканамічнымі прычынамі.

Такога тону трымаліся лукашэнкаўцы.

У сваю чаргу, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, яе намеснік Андрэй Бастунец,

намесніца рэдактаркі газеты «Белорусы і рынок» Ірына Крыловіч і эксперт АБСЕ з Расіі Андрэй Ріхтэр крытыкавалі новы Закон пра СМІ (Рыхтэр) і сыпалі фактамі, што сведчаць пра манапалізацыю рынку СМІ і эканамічную дыскрымінацыю незалежных газетаў (Крыловіч, Літвіна).

Выступалі таксама кіраўнік Першага каналу ТВ Аляксандр Зімоўскі, рэдактар «Рэспублікі» і па сумяшчальніцтве старшыня лукашэнкаўскага Саюзу журналістаў Анатоль Лемяшонак, сацыёлаг з БДУ Давыд Ротман. Апошні прывёў звесткі, што ўжо 16‑19% насельніцтва карыстаюцца інтэрнэтам як крыніцай інфармацыі.

Што датычыць замежных дыпламатаў, то як пачэснага госця прымалі

пасла АБСЕ Ганса‑Ёгана Шмідта. Яго пасадзілі ў сярэдзіну стала. Леваруч яго сядзела спн. Пяткевіч, праваруч – міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч.
У сваім вітальным слове амб.Шмідт выказаў гаспадарам сустрэчы – Міністэрству інфармацыі і Беларускаму саюзу журналістаў – многа слоў падзякі за тое, што з іхнай дапамогай СМІ развіваюцца.

Зусім у іншай танальнасці выступаў намеснік кіраўніка дэлегацыі Еўракамісіі ў Беларусі (г.зн. прадстаўніцтва ЕС) Яніс Айзсалніекс. Ён падрабязна спыніўся на ўсіх праблемах і двайных стандартах у сферы СМІ ў Беларусі, вітаў вяртанне «Народнай волі» і «Нашай Нівы» ў распаўсюд, але адзначыў, што

Беларусь яшчэ толькі ў самым пачатку доўгае дарогі да свабоды слова.

Ягоны выступ выклікаў жывую рэакцыю П. Якубовіча, які паспяшаўся нагадаць, што на радзіме дыпламата неграў лінчуюць, г.зн. неграмадзяне не маюць правоў. «У нас таксама можна крытыкаваць Абаму!» – так і лез у галаву стары анекдот.

Стваралася ўражанне, што для прадстаўнікоў дзяржаўнага боку задачай дыялогу была контрапрапаганда ў прысутнасці заходняга боку.

Асертыўны выступ Жанны Літвіной вывеў з раўнавагі ўжо Наталлю Пяткевіч.
Заігралі па твары яе вытанчаныя рукі з фартэпіяннымі пальцамі, аздобленымі маляванымі на белае, выштукаванымі пазногцямі. Да гонару Наталлі Пяткевіч, у выступе ў адказ яна стрымала сябе і «абсалютна пагадзілася» з думкай кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной, што з боку мясцовых уладаў бывае залішні кантроль і завышаныя патрабаванні да СМІ, «якія вельмі цяжка пераадолець», а дзяржаўныя СМІ ўспрымаюцца імі «як камунальная ўласнасць». «З гэтым трэба змагацца, мы будзем з гэтым працаваць», — запэўніла яна.

Н.Пяткевіч таксама выказала думку аб неабходнасці самафінансавання дзяржаўных СМІ.

Усе адміністратыўныя праблемы яна тлумачыла перагібамі на месцах.

Выступае намесніца Макея ясна, гаворыць выразна, трымаецца нязмушана, шмат усміхаецца і нават смяецца.
Адзетая яна была ў строгі цёмны штанны касцюм.

«Пляцоўкай дыялогу», на якім так настойвае Еўропа, была канферэнц‑зала Нацыянальнай бібліятэкі з яе еўрапеоіднымі інтэр’ерамі. Столь час ад часу скаланалі гурбы, што падалі з плашчыняў «алмазу». Сустрэчу знімалі ўсе тры лукашэнкаўскія тэлеканалы. Відэааператару незалежнага агенцтва БелаПАН у прысутнасці было адмоўлена.

Рэдактары незалежных выданняў пакідалі круглы стол без ілюзій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?