У год яе нараджэння сям'ю выслалі ў тайгу. Там дзед памёр з голаду, праз тры гады памерла і мама. Малодшага брата забілі немцы, а бацька памёр на нямецкай катарзе. Але на дарозе жыцця знайшліся і добрыя людзі.
«Маёй бабулі Марыі Канстанцінаўне Дрозд споўнілася 90 гадоў, — піша Зміцер Дрозд. — Гэта неймаверная падзея, улічваючы тое цяжкае жыццё, якое ёй давялося пражыць у жудасным ХХ стагоддзі.
Бабуля нарадзілася на востраве Зыслаў сярод балот. Гэтую зямлю купілі нашы продкі — незацверджаныя ў расійскім дваранстве шляхцічы ВКЛ Сініцкія.
У год нараджэння бабулі сям'я перажыла найцяжэйшае выпрабаванне — сям'я яе дзеда таксама з незацверджанай шляхты Сільвестра Мохарта была абрабаваная (т.зв. «раскулачванне») і высланая ў Свядлоўскую тайгу. Там Сільвестр і памёр ад голаду.
Сініцкія былі пазбаўленыя іх законна набытай зямлі і пераселены ў вёску Загалле.
Маці маёй бабулі Алена памерла, калі бабулі было каля 3 гадоў у галодныя 30-я гады.
Бацька Канстанцін Сініцкі ажаніўся другі раз. А потым пачалася Другая сусветная. Сям'і бабулі і самой ёй давялося перажыць усе выпрабаванні людзей, якія жывуць у мясцовасці, дзе актыўна дзейнічалі партызаны (Зыслаў — вядомы штаб партызанскага руху).
Бабуля ўспамінала, як яны хаваліся ў нейкай яме, а бацька кідаў ім некалькі бульбін на дзень. Але схавацца не ўдалося. Малодшага брата Івана забілі немцы.
А бацьку, бабулю і яе брата Паўла ўгналі ў Нямеччыну. Там яны працавалі на заводзе ў горадзе Золінген. За месяц да вызвалення бацька памёр.
Пасля заканчэння вайны бабулі не было куды вяртацца. Яна стала поўнай сіратой. І яе запрасіў да сябе жыць брат маці, які здолеў выбіцца ў людзі. Праўда, і яго за тое, што быў сынам заможнага селяніна і падтрымліваў сувязь з раскулачанымі сваякамі, выключылі з партыі, і ён амаль 30 гадоў змагаўся за аднаўленне ў КПСС, чаго дамогся за некалькі гадоў да смерці.
Бабуля ўжо ў Мінску працавала ў Драздах, дзе пазнаёмілася з маім дзедам Уладзімірам Канстанцінавічам Драздом — таксама ўнукам раскулачаных.
Успамінаюць, што прадзед быў не ў захапленні ад выбару сына — бедная сірата. Але маладыя ўсё ж такі пажаніліся. Наперадзе бабулю чакала яшчэ адно найцяжкае выпрабаванне — яе сын Міхаіл, мой бацька, раптоўна памёр за некалькі дзён да свайго 40-годдзя.
Бабуля ўжо амаль на 15 гадоў перажыла свайго мужа — майго дзеда. І нягледзячы на ўсе гэтыя выпрабаванні і вельмі слабае здароўе — яна паставіла сапраўдны рэкорд. Ніхто з маіх прамых продкаў не жыў так доўга!
Цяпер ёй вельмі цяжка, гады бяруць сваё, яна практычна не можа есці і важыць усяго 37 кілаграмаў. Але яна для мяне доказ таго, што чалавек можа выстаяць у любых выпрабаваннях.
У бабулі трое ўнукаў і чацвёра праўнукаў.
Побач з тым, што прыйшлося перажыць ёй і яе пакаленню паміж молатам і кавадлам двух людажэрскіх рэжымаў — нашы цяперашнія праблемы — пшык, нават сорамна перажываць.
І ад самой думкі, што і маё жыццё можа складзецца так, што наперадзе ў мяне яшчэ адно жыццё, кружыцца галава! З юбілеем!» — піша Зміцер Дрозд.