У каталогах агенцтваў нерухомасці днямі з’явілася цікавая аб’ява: прадаецца «катэдж для ВІП» на беразе вадасховішча Дразды. Пабудаваны ў 2019 годзе, гатовы на 90%.

За дом плошчай 298 квадратных метраў просяць 1 мільён беларускіх рублёў (гэта прыкладна $500 тысяч).

Як высветліла «Наша Ніва», дом належыць беларускаму мастаку Віктару Альшэўскаму. Надзел зямлі яму «выдзелілі» па той жа схеме, што і чыноўнікам, якія жывуць у Драздах.

Чытайце. Ад Абельскай да Ярмошынай: 113 уладальнікаў катэджаў у Драздах, поўны спіс

Віктар Альшэўскі — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за серыю твораў для Гомельскага палацава-паркавага ансамбля (разам з Уладзімірам Савічам і Уладзімірам Зінкевічам, які таксама займеў элітны надзел), у 2013 годзе мастаку быў уручаны медаль Францыска Скарыны.

«Наша Ніва» звязалася з мастаком. Ён не стаў абвяргаць, што дом належыць яму, але ад каментароў адмовіўся.

Прадае дом не сам мастак. Нейкі Антон, чый тэлефон указаны як кантактны, паведаміў, што «дом належыць яго знаёмаму». Прадаецца, бо не хапае грошай дабудаваць. Ужо ўкладзена ў пабудову каля 150 тысяч даляраў, але каб дабудаваць, трэба яшчэ каля 50 тысяч.

Цікава, што два гады таму, улетку 2017 года з’явілася аб’ява, у якой Альшэўскі прадаваў той самы надзел зямлі ў Драздах, але яшчэ пусты. Прасіў за яго 350 тысяч даляраў. Пасля званка карэспандэнта «НН» мастак паведаміў, што нічога не прадае і зняў аб'яву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?