16.08.2019 / 12:28

«Дай Дарогу!», «Класіка ля ратушы», кіно — варыянты адпачынку на выхадных для мінчукоў 1

Вось, чым можна заняцца:

1. Адарвацца на канцэрце «Дай Дарогу!»

17 жніўня брэсцкі гурт запрашае адзначыць дзень нараджэння свайго фронтмэна Юры Стыльскага ў сталічным Re:Public.

Хлопцы адыграюць вялікі канцэрт пад кодавай назвай — Supersession.

Будзе драйвова і горача, бо інакш немагчыма.

Дзе: Re:Public (Мінск, вул. Прытыцкага, 62)

Калі: 17 жніўня (субота), 19:00

Квіткі: 25.00 — 30.00 BYN (набыць можна на bezkassira.by)

2. Паслухаць «Класіку ля Ратушы»

17 жніўня — перадапошняя магчымасць для мінчукоў атрымаць асалоду ад якаснай класічнай музыкі ў самым сэрцы Мінска. Гэтым разам тут зайграе Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, а таксама выступіць міжнародны канцэртны саліст, прафесар Вышэйшай Школы мастацтваў піяніст Цімур Сергееня (Бельгія-Беларусь).

Дзе: Верхні горад, Мінск

Калі: 17 жніўня (субота), 20:30

Уваход: традыцыйна вольны

3. Аддаць даніну павагі Таранціна і паглядзець «Аднойчы ў… Галівудзе»

Фільм апавядае пра падзеі, якія адбыліся ў Галівудзе ў 1969 годзе, на захадзе яго «залатога стагоддзя». Па сюжэце, вядомы акцёр Рык Далтан (Леанарда ДыКапрыа) і яго дублёр Кліф Бут (Брэд Піт) спрабуюць знайсці сваё месца ў імклівым свеце кінаіндустрыі.

 

Гэты фільм выйшаў у пракат тыдзень таму і ўжо назбіраў вакол сябе шмат спрэчных водгукаў. Хтосьці вельмі хваліць стужку, а хтосьці дзёрзка заяўляе, што Таранціна — футфецішыст і проста расцягнуў бессюжэтную карціну на 3 гадзіны.

Але на наш суб’ектыўны погляд, фільм атрымаўся вельмі атмасферны. Відаць, што была праведзена вялікая праца над касцюмамі, дэкарацыямі, вобразамі. Усё прадумана і зроблена да драбнюткіх дэталяў, таму назіраць за тым, што адбываецца на экране, будзе вельмі і вельмі прыемна.

Прыемна будзе паглядзець і на па-сапраўднаму зорны акцёрскі склад. Галоўныя ролі тут выконваюць Леанарда ДыКапрыа (Рык Далтан), Брэд Піт (Кліф Бут) і Марго Робі (Шэран Тэйт).

Што тычыцца рэйтынгавых парталаў, то на Metacritic фільм атрымаў 84/100.

Але, каб займець уласнае меркаванне пра «Аднойчы ў… Галівудзе», мала пачытаць водгукі іншых людзей (нават калі яны класныя крытыкі) — трэба ісці і глядзець самому.

Дзе: Арт-кінатэатры (у ГЦ «Еўропа» і «Тытан»)

Калі:

17 і 18 жніўня 20:35 — у «Тытане»
17 і 18 жніўня 18:45 і 20:30 — у «Еўропе»

Уваход: 7.00 — 10.00 BYN.

Набыць квіткі можна праз нашу Афішу.

4. Параўнаць старога і новага «Караля Льва»

Рэмэйк на мультфільм «Кароль Леў» ідзе ў кіно ўжо даволі даўно, але, калі вы яго яшчэ не паглядзелі, то выправіць гэта можна ў суботу або нядзелю.

Пра што фільм? Дзеянне разгортваецца ў афрыканскай саване і распавядае пра маладога льва па імі Сімба, які страціў свайго бацьку Муфаса праз злога дзядзьку Шрама і быў выгнаны з прайду ў далёкія краі пустыні. Праз гады ён вяртаецца, каб вярнуць сабе трон. Знаёмыя з дзяцінства героі сталеюць, спазнаюць сябе і навакольны свет, памыляюцца, але ўсё ж робяць правільны выбар.

Водгукі пра стужку розныя. Хтосьці хваліць фільм, а хтосьці кажа, што Disney вырашыў гэтай карцінай падзарабіць на шчырых пачуццях гледачоў, але самому новаму фільму пачуццёвасці бракуе. Затое тэхнічны бок — дасканалы. Якасная карцінка і гук, падчас прагляду становіцца цяжка адчуваць мяжу паміж камп’ютарнай графікай і добра адзнятымі фільмамі Discovery.

На Metacritic фільм атрымаў 55/100.

Дзе купіць квіткі? Зрабіць гэта можна на нашай Афішы. Мы прапануем глядзець фільмы ў Арткінатэатрах (ГЦ «Еўропа» і «Тытан»), бо яны сапраўды класныя. Сучасная тэхніка, зручнае абсталяванне — тут ёсць усё для камфортнага прагляду.

Кошт: 6.00 — 10.00 BYN

5. Выгадна набыць кнігі на начным кірмашы

У ноч з пятніцы на суботу ў аматараў кніг з’явіцца магчымасць сустрэцца з аднадумцамі ў небанальнай атмасферы, а таксама набыць літаратуру па прыемных коштах. Асабліва актуальна гэта перад пачаткам навучальнага года.

Традыцыйны начны кніжны кірмаш пачынае працаваць а 23:55 у пятніцу і сканчвае працу а 14:00 у суботу.

Калі: 16-17 жніўня, 23:55 — 14:00

Дзе: Спартыўны комплекс «Дынама» (вул. Даўмана, 23а)

Уваход: вольны

Маша Клімовіч

2
Палескі партызан / Адказаць
16.08.2019 / 13:33
17.08., субота, 19.00 Dzeciuki ў Lidbeer. Будзе драйвова і горача, бо інакш немагчыма! (c) :)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру