Нягледзячы на ​​праліўны дождж, дзясяткі тысяч чалавек выйшлі ў нядзелю на вуліцы Ганконга для ўдзелу ў чарговай антыўрадавай акцыі, перадае «Голас Амерыкі».

Гэта ўжо адзінаццатыя выхадныя запар, калі дэманстранты выходзяць на вуліцы, выказваючы сваё абурэнне.

Акцыі пачыналіся як мірныя пратэсты супраць законапраекта аб экстрадыцыі, які дапускаў выдачу падазраваных у крымінальных злачынствах матэрыковаму Кітаю, дзе суд над імі праходзіў бы ў непразрыстай прававой сістэме.

З тых часоў пратэсты перараслі ў рух за дэмакратычныя рэформы.

Пратэсты носяць мірны характар, але часам адбываюцца сутычкі актывістаў з паліцыяй.

«Мы спадзяемся, што сёння не будзе ніякіх хаатычных сітуацый», — заявіла арганізатар акцыі Боні Люн.

Праца над законам аб экстрадыцыі была прыпыненая, але пратэсты працягваліся праз занепакоенасць жыхароў Ганконга эрозіяй свабод, гарантаваных ў адпаведнасці з прынцыпам «адна краіна, дзве сістэмы», які дзейнічае з тых часоў, як гэтая тэрыторыя была вернутая Вялікабрытаніяй Кітаю ў 1997 годзе.

Кітайскія ваенізаваныя фармаванні праходзяць падрыхтоўку ў Шэньчжэне, які мяжуе з Ганконгам. Гэта выклікае занепакоенасць, што Пекін гатовы ўвесці войскі, каб задушыць пратэсты.

Паліцыя Ганконга настойвае, што сама здольная справіцца з дэманстрантамі.

Дэманстрацыі ў аэрапорце Ганконга, якія пачаліся на мінулых выходных, працягнуліся і ў наступныя працоўныя дні, у выніку чаго адна з самых загружаных паветраных гаваняў свету была паралізаваная некалькі дзён. Гэта прывяло да сутыкненняў паміж дэманстрантамі і паліцэйскім спецназам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?