20.08.2019 / 11:36

«Браты Луцкевічы былі атэістамі і масонамі. Таму ці правільна асвячаць іх памятны камень?» 6

«Трохі дзіўная назва выстаўкі: «У народ і край свой толькі веру», — піша пра выставу да 100-годдзя смерці Івана Луцкевіча гісторык Анатоль Сідарэвіч. — Радок з Купалы. А наступны радок — «І веру ў самаго сябе». У гэтым вершы Купала заявіў: «Цяпер беларускай я песні ўладар». Нейк не стасуецца з вобразам Івана Луцкевіча, які спаліў сябе дзеля беларускай ідэі, ідэі незалежнай дэмакратычнай сацыяльнай Беларусі.

Выклікае здзіўленне запланаванае асвячэнне памятнага каменя на месцы, дзе стаяў дом Луцкевічаў. 

Па-першае на табліцы, прымацаванай да каменя, адна фактычная і адна граматычная памылка. Некалі яе трэба будзе памяняць. 

Па-другое, браты Луцкевічы былі атэістамі. І масонамі. Праўда, Іван Луцкевіч перад смерцю спавядаўся і прычасціўся. Учыніць гэта яго ўгаварыла ягоная нявеста Юліяна Мэнке. Пра гэта маецца ўспамін. Што тычыцца Антона, дык ён пра свой атэізм і марксізм заявіў публічна ў 1928 г. на працэсе Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, за што яго проста ненавідзеў ксёндз Адам Станкевіч.

Імша памяці І. Луцкевіча мае адбыцца ў касцёле святога Роха на Залатой Горцы. Чаму там? Луцкевічы былі парафіянамі катэдры. Апрача таго, Луцкевічы ігнаравалі касцёл і могілкі на Залатой Горцы, і таму бацьку, маці і сястру братоў Луцкевічаў пахавалі на далёкай Кальварыі, а не блізкай Залатой Горцы.

Пра ігнараванне Залатой Горкі А. Луцкевіч пісаў ва ўспамінах з прычыны смерці пралата Юзафа Зэльбы 25 чэрвеня 1937 года ў газеце Przegląd Wileński. Вось урывак з тых успамінаў пад загалоўкам «Tempora mutantur…»: 

«Мы чыталі напісаны ўльтранацыянальным духу некралог памерлага святара ў віленскім «Slow`e». Ён абудзіў у маёй памяці пэўныя рэмінісцэнцыі, якія сцвярджаюць, што былі часы, калі кс. Зэльба выяўляў іншую ідэалогію. Ідэалы — у цяперашні час непраўдападобныя — беларускія!

Было тое, што 1908—1909 гг. У той час кс. Зэльба жыў у Менску, за колькі кіламетраў ад горада пры касцёле на Кальварыі, на могілках, дзе менчукі хавалі сваіх нябожчыкаў, ігнаруючы размешчаныя нашмат бліжэй магілы на Залатой Горцы. Яны былі нямілыя мясцоваму грамадзянству з увагі на асобу ксяндза-рытуаліста [які ўзамен за дзяржаўнае фінансаванне перавёў казані ў сваім касцёле на расейскую мову — НН] Макарэвіча, які меў там рэзідэнцыю». 

Мо імшою 20 жніўня будзе ўчынена спроба заднім чыслом прымірыць Луцкевічаў і Залатую Горку?» — задаецца пытаннем гісторык Анатоль Сідарэвіч.

NN.by

9
LitvinM / Адказаць
20.08.2019 / 11:46
Калі былі атэістамі, то і асвячаць не варта.
10
Малады / Адказаць
20.08.2019 / 11:53
Цікавы такі атэіст: разам з Дзекуць-Малеем пераклаў і выдаў Новы запавет па-беларуску ў 1931 годзе. Першы раз чую пра атэіста, які перакладае і выдае Божае Слова. Можа, усё-такі пратэстант?
6
Людвiка Кардзiс, Вiльня / Адказаць
20.08.2019 / 12:02
Правiльна асьвячаць памятны камень. Правiльна служыць Iмшы на Iвану Луцкевiчу. Ня маеце тут рацыi, спадар Анатоль, у сваёй катэгарычнасьцi высноваў. Таму яскравым сьведчаньнем ёсьць падарунак Iвана Луцкевiча сваёй каханай Юльяне Менке -- ружанец. Iван падарыў лютаранцы па веравызнаньні ружанец. Павандраваўшы па сьвеце, перажыўшы войны i лiхалецьцi, захаваўся ружанец той па сёньняшнi дзень. Знаходзiцца ў прыватных зборах сваякоў Луцкевiча. Прыналежнасьць братоў Луцкевiчаў да масонаў тлумачыцца вельмi проста: яны жылi Беларусьсю. Для Беларусi. Дзеля яе яны рабiлi ўсё i былi гатовыя на ўсё.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру