Вёска ў Камянецкім раёне займела мегакрутую гістарычную карту — яе можна разглядваць гадзінамі ФОТА
У вёсцы Зянькі, што ў Камянецкім раёне Берасцейшчыны, з’явіўся стэнд, на якім адлюстраваныя тры карты ў адной.

«У гэтым праекце ўсё было лёгка і цікава. Ён быў нібы дабраславёны, таму на ўсіх этапах усё рабілася без аніякіх спатыканняў. Добра спрацаваліся з мастаком Іллёй Шамілавым, старшыня сельсавета пайшоў насустрач, дапамагалі зянькоўцы.
Што да мапы, то гэта мапа тры ў адным. Верхняя паказвае, якія хаты згарэлі ў ліпені 1944 года і як яны называліся. Ніжняя дэманструе адбудову і цяперашні выгляд Зянькоў, а на ніжняй мы размясцілі ўсю тапанімію, якую ўдалося сабраць: каля 50 назваў», — расказала «Нашай Ніве» журналістка Іна Хоміч, дзякуючы намаганням і апантанасці якой і быў рэалізаваны праект.

Матэрыял для мапы Іна збірала некалькі гадоў.
«Вельмі пашчасціла, што да моманту стварэння карты дажыла наша галоўная экспертка баба Гандзя, якой 87 гадоў, хоць усё шантажавала нас з мужам, што памрэ», — смяецца Іна Хоміч.

Прэзентацыя карты стала сапраўдным святам для вёскі Зянькі. Зараз у гэтай вёсцы пастаянна жывуць пяць чалавек, таму і свята, і новы стэнд — гэта вялізная падзея для мясцовых жыхароў, якія з задавальненнем разглядалі мапу і смяяліся, калі чыталі на ім тыя назвы, якія заўсёды былі толькі ў людзей на вуснах.

Каментары