Справа анархіста Дзмітрыя Паліенкі накіраваная ў суд. Яго будуць судзіць за хуліганства, абразу службовай асобы і — упершыню ў Беларусі — за распальванне варожасці ў дачыненні да сацыяльнай групы «міліцыянты».

Цяпер Паліенка знаходзіцца ў СІЗА. Яго затрымалі яшчэ ў сакавіку, пасля сутычкі ў адным з мінскіх пад’ездаў.

Па версіі Паліенкі, яго ўдарыў п’яны сусед. Па версіі СК, сусед зрабіў заўвагу Паліенку, які курыў у пад’ездзе, пасля чаго хлопец распыліў суседу ў твар балончык.

У выніку на анархіста завялі адразу некалькі крымінальных спраў. Яго абвінавачваюць у злосным хуліганстве за бойку з тым суседам. Максімальнае пакаранне сур’ёзнае — да 10 гадоў.

Акрамя таго, Паліенку абвінавацілі ў вырабе графіці «Менты забіваюць» і распаўсюдзе відэароліка, прысвечанага стварэнню гэтага графіці. За гэта Паліенку абвінавачваюць яшчэ па двух артыкулах, адзін з якіх — распальванне варожасці да міліцыянтаў. Другі — абраза службовай асобы, бо ў роліку ўзгадваўся тагачасны міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

«Здаецца, не сутыкаліся яшчэ з такім прэцэдэнтам. Гэта сапраўды будзе першы суд за распальванне варожасці да сацыяльнай групы «міліцыянты», — распавёў «Нашай Ніве» праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Калісьці ў Оршы была заведзеная падобная справа супраць футбольнага фаната за надпіс ці то на банеры, ці то на цішотцы. Але тую справу спынілі, да суда яна не дайшла»

Стэфановіч адзначае, што абвінавачанне, на яго погляд, спрэчнае.

«Мы не лічым, што міліцыя — гэта сацыяльная група. Сацыяльная група гэта, умоўна кажучы, група людзей, якую аб’ядноўваюць нацыянальныя, этнічныя прыкметы. Сэксуальныя меншасці таксама могуць лічыцца сацыяльнай групай. Прадстаўнікі дзяржорганаў, тыя ж міліцыянты, сацыяльнай групай на думку незалежных праваабаронцаў не з’яўляюцца», — сказаў Стэфановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0