21.08.2019 / 11:39

«Дзіця не можа зруйнаваць гэтыя помнікі». Хто ўсё ж стаіць за вандалізмам на могілках у Лідзе? ФОТА 5

На мінулым тыдні вандалы пашкодзілі дзясяткі надмагілляў на старых могілках у цэнтры Ліды. Следчыя знайшлі падазраваных — 10-гадовага хлопчыка і ягоную 7-гадовую сястру. Аднак валанцёры, якія аднаўляюць могілкі, і бацькі падазраваных не вераць, што на такое злачынства магло хапіць сілы ў малых дзяцей, піша Радыё Свабода.

Могілкі ўжо руйнавалі ўлады ў савецкі час

Рэстаўрацыяй гэтых могілак паблізу ад лідзкага замка ўжо другі год займаюцца валянтэры з Таварыства польскай культуры на Лідчыне і Беларускага таварыства вайсковых маракоў. Апошнія клапоцяцца пра пахаваньні, бо тут пахаваны генэрал-лейтэнант Ёсіф Заржэцкі, які будаваў абарончыя збудаваньні з боку мора ў Санкт-Пецярбургу (Кранштат).

Уваход на лідзкія могілкі

Грошы на рэстаўрацыю сабрала суполка былых жыхароў Ліды, якія цяпер жывуць у польскім Гданьску. Суму не называюць. Распачаць гэтую ініцыятыву дапамог забіты летась мэр Гданьску Павал Адамовіч.

Забітага мэра Паўла Адамовіча пахавалі ў галоўным храме Гданьска ФОТЫ

Рэканструкцыя фінансуецца лідзянамі з Польшчы

Валянтэры ўлетку амаль штодня працавалі на могілках, падымалі паваленыя надмагільлі, склейвалі разьбітыя пліты, прамалёўвалі надпісы белай фарбай, каб лепей было відаць, правялі інвэнтарызацыю захаваных пліт.

Валянтэрка паказвае на паваленае надмагільле

Таму яны могуць дакладна сказаць, калі прыходзілі вандалы: у ноч на 14 і на 16 жніўня. Прыкладам, 13 жніўня яны сышлі дадому ў прыцемках, каля 21:00, а вярнуліся на могілкі наступным ранкам. І ўбачылі, што нехта пашкодзіў надмагільлі, у тым ліку ўжо адноўленыя.

Актывіст зь Лідчыны Юрась Дзяшук кажа, што яшчэ 3—4 гады таму могілкі выглядалі як гушчар з кустоўем і паваленымі надмагільлямі, парослымі травой.

«Страшна выглядала. У 1983 годзе іх мэтанакіравана зьнішчалі камсамольцы. Зьнішчылі каля 80% могілак, але частка засталася. Цяпер адбыўся першы акт вандалізму з савецкіх часоў», — кажа Юрась.

«Навошта дзіцяці было выцягваць крыж?»

Актывіст Дзяшук прыехаў на могілкі ў той жа дзень, калі стала вядома пра пашкоджаньне, бачыў маштабы шкоды. Паваленыя надмагільлі былі толькі ў адным куце. Па ягоных ацэнках, некаторыя гранітныя помнікі важаць сотні кіляграмаў. Мужчына ня верыць, што ўсё гэта маглі зрабіць дзеці або вецер.

«Я бачыў мэталічны крыж, які быў выцягнуты і кінуты ўбок. Адно — што дзіця пабіла малаточкам, а другое — навошта яму было выцягваць крыж. Там некаторыя пліты пабітыя так, што трэба біць не малому дзіцяці, а здароваму даросламу чалавеку наводмаш», — кажа Юрась Дзяшук.

Пашкодзілі і ўжо адноўленыя надмагільлі

Ён зьвярнуў увагу, што вандалізм адбыўся неўзабаве пасьля абвяшчэньня, што Ліда ўвойдзе ў бязьвізавую зону. Могілкі з 220-гадовай гісторыяй, з пахаваньнямі польскіх і нямецкіх жаўнераў могуць стаць турыcтычным абʼектам.

Валянтэры паднялі ўсе паваленыя помнікі

Старшыня Беларускага таварыства вайсковых маракоў на Лідчыне Ўладзімер Касьпяровіч займаецца аднаўленьнем могілак. Ён выбачаецца, што на размовы няма часу — шмат працы. Па ягоных словах, валянтэры ўжо паднялі ўсе паваленыя помнікі. Засталося склеіць разьбітыя пліты.

Пра само здарэньне ён кажа, што гэта «агіда вельмі вялікая, непрыемнасьць надзвычай жахлівая».

Касьпяровіч таксама трымаецца думкі, што дзеці не маглі паразьбіваць надмагільлі. Ён думае, што вандалізмам у нэкропалі займаліся некалькі дарослых мужчын.

«Мой сын мог кінуць усё і ўцячы»

Маці падазраваных дзяцей Вераніка расказала сваю вэрсію таго, што адбылося на могілках. Яна не адмаўляе, што дзеці заходзілі на могілкі. Аднак жанчына абураная тым, што ўсю віну спрабуюць перакласьці на дзяцей.

«Я ў інтэрнэце чытаю, я ў шоку. У мяне палова галавы ўжо сівая, што панапісвалі. Жах! Уявіце, дзіця важыць 20 зь нечым кіляграмаў. Мы хадзілі з мужам, глядзелі. Дзіцяці нерэальна зруйнаваць гэтыя помнікі. Ды там даросламу нерэальна!» — эмацыйна кажа жанчына.

Як расказала Вераніка, дзеці гулялі на стадыёне побач з могілкамі. Пра тое, што яны пашкодзілі помнікі, бацькі даведаліся ад міліцыі.

Па словах жанчыны, сын тады расказаў, як усё было. Ён сапраўды двойчы зь сястрой заходзіў на могілкі. Адзін раз біў плястмасавым вядзерцам па нейкім карчы на могілках, тады іх прагнала нейкая жанчына. Другі раз яны знайшлі малаток, і хлопчык біў па крыжах, некаторыя зь іх падалі. У гэты момант іх заўважыў валянтэр, забраў малаток і адправіў дадому.

Паваленыя крыжы

На пытаньне, навошта ён гэта зрабіў, хлопчык адказваў, што яму было сумна і не было чаго рабіць. Дачка, па словах маці, нічога не руйнавала, а проста назірала.

«Ён нічога не хаваў. Валянтэр, які праводзіць рэстаўрацыю на могілках, ня бачыў, як мой сын біў. Я зь ім размаўляла. Ён проста падышоў і запытаўся: «Што вы тут робіце?». Мой сын мог кінуць усё і ўцячы. А ён застаўся і ўсё расказаў, што ён робіць, дзе ўзяў, што жыве побач. Ён ня скрытны», — кажа Вераніка.

Бацькі не адмаўляюць сынавай віны. Кажуць, што правялі зь ім выхаваўчую гутарку.

«Самі ў шоку. Ніколі такога ў нас не было. Мы нідзе не фігуравалі. Ні муж, ні я ніколі з такім не сутыкаліся», — кажа маці.

Пасьля здарэньня бацька падазраваных дзяцей хадзіў дапамагаць падымаць паваленыя надмагільлі, хоць мяркуе, што да многіх зь іх ягоны сын ня мае дачыненьня.

«Давесьці могілкі да такога стану, каб годна ўшаноўваць памерлых»

Генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк наведаў могілкі на мінулым тыдні, пасьля здарэньня. У размове з журналістамі ён адзначыў, што важна, каб вандалізм не перашкодзіў далейшаму аднаўленьню старых каталіцкіх могілак. Ён паведаміў, што кантактуе з уладамі наконт гэтага інцыдэнту і будзе сачыць за расьсьледаваньнем.

Генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк

«Гэтыя гістарычныя прыгожыя могілкі варта давесьці да такога стану, каб было магчыма годна ўшаноўваць памерлых жыхароў Ліды. Тут шмат вядомых прозьвішчаў», — заўважыў Ксёнжэк.

Ён дадаў, што валянтэры хочуць аднавіць часткова зруйнаваны плот вакол могілак, каб праз нэкропаль не зразалі дарогу.

СК адмяніў рашэньне аб завядзенні справы

Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова, пасьля таго як было выяўлена, што надмагільлі пашкодзілі дзеці, начальнік Лідзкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту адмяніў рашэньне аб завядзеньні крымінальнай справы.

Цяпер раённы аддзел СК працягвае разьбірацца ў сытуацыі ў межах дасьледчай праверкі. Падчас яе былі апытаныя людзі, якія бачылі, што дзеці пашкодзілі надмагільлі. Які абʼём шкоды і ці прычынныя да яе іншыя асобы, — гэта будзе высьвятляцца далей у ходзе дасьледчай праверкі. Трэціх асобаў, калі гэта рабілі дзеці, на месцы не было.

Першапачаткова была заведзеная крымінальная справа па факце хуліганства (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Старыя лідзкія могілкі ўзростам такія ж, як і славутыя віленскія Росы або львоўскія Лычакаўскія, яны датуюцца канцом XVIII стагодзьдзя. Яны вядомыя ў горадзе як старыя каталіцкія могілкі, бо зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя пад праваслаўныя пахаваньні выдзелілі іншае месца ў горадзе. Праўда, спачатку і падчас Другой усясьветнай вайны тут хавалі і лютэранаў, і праваслаўных, і каталікоў, салдатаў усіх войскаў — нямецкіх, польскіх, савецкіх.

4
lesnick / Адказаць
21.08.2019 / 14:28
Кагосьцi з жыхароу Лiды напаткала хвароба "православiе головного мозга"?
0
Northbelarusan / Адказаць
21.08.2019 / 15:45
Рэд. Дзякуй, паравілі.
0
Той самы / Адказаць
21.08.2019 / 16:36
Гэта не дзеці. Гэта нейкія асілкі. Не кожны дарослы такое здольны зрабіць, некаторыя помнікі проста не адужаць...
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру