Гомельскі блогер Максім Філіповіч, які займеў папулярнасць на хвалі «дармаедскіх» пратэстаў у Беларусі, заявіў, што з'ехаў за мяжу. «Ганіць мяне, я думаю, будзе няправільна. Я лічу, што маю права, бо я хоць нешта рабіў», — сказаў у відэа блогер, паведамляе Радыё Свабода.
Максім і ягоная жонка Юлія пакуль недасяжныя для каментароў. Дакладна не вядома, у якую краіну з'ехала сям’я. У Філіповічаў ёсць дачка-школьніца.
Пазней стала вядома, што Філіповіч знаходзіцца на семінары ў Грузіі.
Апошнім часам блогер і ягоная жонка не мелі сталай працы. У сваіх відэа Максім Філіповіч сцвярджаў, што сям’я не можа знайсці працу, бо ўлада помсціць за актыўную грамадзянскую пазіцыю.
На Youtube Максім Філіповіч мае 42 тысячы падпісчыкаў. Ён пачынаў блогерскую дзейнасьць з аглядаў пасылак з Кітая. Шырокай грамадскасці Максім Філіповіч стаў вядомы пасля актыўнага ўдзелу ў «Маршах недармаедаў», якія прайшлі ўвесну 2017 года. За ўдзел у акцыях блогера не раз прыцягвалі да адміністрацыйных арыштаў. У маі 2017 года ён правёў у гомельскім ізалятары часовага ўтрымання 30 сутак запар — за ўдзел у «Маршах недармаедаў» у Гомлі, Пінску і Маладзечне.