21.08.2019 / 16:31

Кітай арыштаваў супрацоўніка консульства Брытаніі ў Ганконгу

Улады Кітая пацвердзілі затрыманне супрацоўніка консульства Вялікабрытаніі ў Ганконгу, які знік на пачатку жніўня. Затрыманага арыштавалі на 15 дзён за парушэнне закона аб грамадскай бяспецы, перадае AFP.

Пекін падкрэсліў, што затрыманне і арышт грамадзяніна Кітая з'яўляецца «ўнутранай справай».

«Супрацоўнік з'яўляецца грамадзянінам Ганконга, ён не грамадзянін Вялікабрытаніі», — заявіў прадстаўнік МЗС Кітая.

Сайман Чэн адправіўся ў Шэньчжэнь, мегаполіс на мяжы Кітая і Ганконга, 8 жніўня на аднадзённую дзелавую сустрэчу. Пасля чаго ён не вярнуўся на працу ў брытанскае консульства.

Інцыдэнт адбыўся на фоне масавых пратэстаў у Ганконгу. Кітайскія ўлады абвінавачваюць Вялікабрытанію (якая раней валодала Ганконгам) ва ўмяшанні ва ўнутрыкітайскія справы.

Пратэстоўцы ў Ганконгу выступаюць супраць планаў урада дазволіць выдачу меркаваных правапарушальнікаў і злачынцаў уладам Кітая. Законапраект адклалі, але канчаткова не адклікалі.

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру