21.08.2019 / 17:50

Праціўнік акумулятарнага завода ў Брэсце напісаў ліст у «Рассельгаснагляд»: Хочам уратаваць братоў-расіян 20

«Рассельгаснагляд» — гэта людзі, якім можна давяраць з пункту гледжання прафесіяналізму.

У тэлеграм-канале «Свінцовая варта» з’явіўся адказ «Рассельгаснагляда» брэсцкаму актывісту Дзмітрыю Бекалюку, які выступае супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Расійскі бок дзякуе Бекалюку за яго актыўную грамадзянскую пазіцыю, а таксама паведамляе пра ўзмацненне кантролю над прадукцыяй, якая пастаўляецца з Брэсцкай вобласці.

Дзмітрый Бекалюк. Фота belsat.eu.

Навошта брэсцкія актывісты пісалі ў Расію? Пра гэта «Наша Ніва» распытала ў Дзмітрыя Бекалюка.

«Мэтай звароту было давядзенне да ведама кіраўніцтва «Рассельгаснагляду» таго, што на адлегласці 200—300 метраў ад завода, у межах санітарна-абарончай зоны, ідзе ўборка сельскагаспадарчых культур, якія пасля могуць ісці альбо на стол людзям, альбо на харч жывёлам. Таксама ў непасрэднай блізкасці ад завода адбываецца выпас быдла.

Ёсць афіцыйныя дадзеныя ад дзяржаўных структур, што пры пуску наладак было перавышэнне выкіду свінца, які асядае ў санітарна-абарончай зоне. І па заканадаўстве Беларусі ў гэтай зоне забароненае вырошчванне культур, якія паступаюць у ежу людзям альбо жывёлам.

Мы звярнулі ўвагу на гэты момант, каб папярэдзіць атручэнне жыхароў Расіі гэтымі прадуктамі. Копіі заявы былі адпраўленыя ў нашы Міністэрства сельскай гаспадаркі, Міністэрства аховы здароўя, КДК, КДБ.

Нашы структуры адказалі, што прынялі гэтую інфармацыю да ведама. Адзінае, праўда, што яны зрабілі, павялічылі колькасць нагляду з разу на паўгода да разу на тры месяцы», — сказаў Бекалюк.

Навошта ён вырашыў прыцягваць да гэтай сітуацыі расіян? І ці спадзяваўся, што брэсцкую прадукцыю забароняць у Расіі?

«Рассельгаснагляд» жа мае больш багаты досвед, бо ў Расіі ёсць такія заводы, больш багаты кадравы склад. Яны адрэагавалі імгненна. І цяпер адбор пробаў па малацэ і мясе ідзе раз на тыдзень. Яны вельмі заклапаціліся гэтай праблемай.

Мэтай было засцерагчы нашых братоў-расіян, з якімі нашы дзяды ваявалі супраць фашыстаў, ад атручэння гэтымі прадуктамі. На нашых грамадзян нашым уладам напляваць, Расія ж паклапацілася пра сваіх грамадзян і адрэагавала.

Я за развіццё гандлёвых сувязяў між нашымі краінамі. Але вы ўявіце, калі знойдуць свінец у брэсцкім мясе ці малацэ. Гэта ж можна ставіць крыж! Лепш цяпер задацца гэтым пытаннем, чым потым кусаць локці. І многія прадпрыемствы хутка прынялі меры. Мы хацелі засцерагчы Брэсцкую вобласць ад негатыўных наступстваў, бо мы ж займаем лідзіруючае месца па пастаўках мяса і малака ў Расію», — лічыць Бекалюк.

Актывіст перакананы, што «Рассельгаснагляд» не выконвае палітычныя заказы.

«Рассельгаснагляд» — гэта людзі, якім можна давяраць з пункту гледжання прафесіяналізму.

Я раблю свае высновы зыходзячы з сусветных выставаў, дзе прадстаўнікоў «Рассельгаснагляду» сустракалі кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў Галандыі, Германіі. Там ставяцца з павагай да працы і методык «Рассельгаснагляду». Я працую ў гэтай сферы 12 гадоў і ведаю, пра што кажу.

Я знаёмы шмат з кім з гэтай структуры, і гэта выключныя прафесіяналы, якія, не маючы падставаў, не будуць уводзіць нейкія забароны альбо, наадварот, іх адмяняць. Калі б такое і здаралася, то ёсць суды, дзе гэта можна было б аспрэчыць, але беларускі бок ніколі гэтага не рабіў».

***

Дзмітрый Бекалюк

жыхар элітнага пасёлка Стымава пад Брэстам. Ён прадстаўляе інтарэсы польскіх кампаній у Беларусі.

Зміцер Панкавец

5
Ліцьвін металіст / Адказаць
21.08.2019 / 17:55
Оо, братоў расеян, не мо меў рацыю ўсё ж той мужык, што ім морды біў
5
меркаванне / Адказаць
21.08.2019 / 18:05
Рознавектарны таварыш, дастойны свайго павадыра- і Польша, і Расея. Мне не падабаюцца хітраж-я, але жыццё сведчыць, што толькі такія чамусьці здольныя дасягаць вынікаў. Карацей, да павадыра, які па факту дбае толькі пра свае шкурныя інтарэсы, такі метад лічу дазвольным. Жыццё, здароўе таго каштуе, калі не хочуць выязджаць адсюль. 
9
Дзмітры / Адказаць
21.08.2019 / 18:06
Вар'яцтва нейкае. Няхай напіша у Лігу Нацый ды таварыства абароны Байкалу ад баброў. Ці куды небудзь яшчэ. Расейскія браты цябе абароняць...
Паказаць усе каментары/ 20 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру