У рамане беларускага інтэлектуала, мастацтвазнаўцы і празаіка Віктара Марціновіча канец чалавечай цывілізацыі прыходзіць па прычыне куды менш празаічнай, чым эпідэмія, якая здалася Яне Вагнер [гаворка пра раман Яны Вагнер «Вангвозера», агляд якога таксама ў артыкуле робіць Галіна Юзэфовіч — Рэд.]. У яго версіі над зямлёй аднойчы проста не ўзыходзіць сонца і свет навекі апускаецца ў холад і змрок. Галоўнага героя — нам ён вядомы пад імем Кніжнік — гэтая падзея заспела ў ягонай мінскай кватэры, пад завязку набітай папяровымі кнігамі. Разам з ім — сабака Герда, з якой ён дзеліць адзіноту пасля разрыву з каханай жанчынай, якая з'ехала ад іх кудысьці ў Азію. У постапакаліптычным свеце гэтыя самыя кнігі складаюць аснову дабрабыту Кніжніка: здаючы іх у арэнду, ён назапашвае мясцовую валюту — батарэйкі (зараз іх называюць «цынкамі»). Жыве ён па мясцовых мерках нядрэнна — ва ўсякім разе, у адносным цяпле і сытасці. Але ў адзін цудоўны дзень (ці ноч — у свеце, дзе не было святла, паняцці гэтыя таксама пазбаўляюцца сэнсу) туга па каханай пагоніць Кніжніка за межы роднай Грушаўкі: з заплечнікам, набітым «цынкамі», і з вернай Гердай ля ног ён адправіцца ў падарожжа на ўсход — у прамым сэнсе слова на край ночы.

З гэтага пункту ў рамане Марціновіча стартуе сапраўдны парад літаратурных алюзій і асацыяцый, якія змяняюць адна адну ці не хутчэй, чым мяняюцца дэкарацыі вакол Кніжніка, які брыдзе скрозь змрок. Спачатку аўтар празрыста намякае, што перад намі новая версія «Снежнай Каралевы». На гэта паказвае не толькі імя чацвераногай спадарожніцы галоўнага героя, але і тое, што сустрэтыя героем злыдні, выслухаўшы яго кранальную гісторыю, неадкладна мяняюць гнеў на міласць і дапамагаюць яму ў дакладнасці як Прынц, Прынцэса і Маленькая Разбойніца дапамагалі дзяўчынцы Гердзе. Аднак патроху Андэрсан саступае месца Дантэ, Шэсце скрозь Пекла насустрач сваёй Беатрычэ. Дантэ ў сваю чаргу змяняе Карлас Кастанеда, на змену кастанедаўскаму містычнаму галюцынозу прыходзяць матывы рыцарскага рамана (ці, калі заўгодна, чароўнай казкі) з абавязковым выпрабаваннем героя, а скрозь іх выразна праступае біблейская гісторыя Іова. Для таго, каб загладзіць свой грэх і заслужыць права на сустрэчу з каханай (а заадно зразумець метафізічную прыроду той катастрофы, якая напаткала свет), Кніжнік павінен паслядоўна пазбавіцца ўсяго, што было яму дарагое. Больш за тое, нават там, дзе першааснову не ўдаецца аднавіць адназначна, усё роўна захоўваецца адчуванне рэфлексіўнай другаснасці тэксту — манернасць і наўмысная гульня з усёй літаратурнай традыцыяй адразу.

Сказаць, што гэтыя вынаходствы ідуць раману выключна на карысць, увогуле, нельга. Чапляючыся за асабліва мілыя аўтарскаму сэрцу алюзіі, апавяданне неміласэрна прабуксоўвае і тармозіць. Пры гэтым сумныя, але канструктыўна неабходныя дэталі Марціновіч дэманструе чытачу з бачнай неахвотай і толькі калі зусім ужо прыпрэ. Да прыкладу, таямнічы дэміург — магутны і ўсёведны праважаты Кніжніка, дзіўны гібрыд Гэндальфа і Дона Хуана — узнікае толькі на трохсотай старонцы з чатырохсот васьмідзесяці, у той момант, калі апавяданне відавочным чынам заходзіць у тупік, а да гэтага нішто не прадвяшчала яго з'яўлення і наогул існавання. А вывераная штучнасць і адасобленнасць усяго апавядання выключаюць непасрэдную эмацыйную ўцягнутасць — мы не баімся за Кніжніка, не мерзнем разам з ім, не галадаем, не аплакваем страты. Шкляная сцяна, якая аддзяляе чытача ад героя, стаіць непарушна.

Аднак калі здзейсніць невялікае намаганне, адмовіцца ад жанравых стэрэатыпаў і перастаць, нарэшце, чакаць ад апавядання дынамікі, эмоцый і драйву, высветліцца, што «Ноч» Віктара Марціновіча — рэч зусім не пазбаўленая добрых якасцяў. Абаяльная — не цалкам расейская, але вельмі блізкая расейскаму чытачу — халаднаватая іронія, тонкая і разнастайная стылістычная гульня і вынаходлівая шматслойнасць аказваюцца крыху нечаканай, але ў цэлым прымальнай заменай тым жаху, надзеі і захапленню, якіх мы прывыклі чакаць ад постапакаліптычнага рамана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?