Ракетны палігон Нёнокса каля Северадзвінска, Расія.
8 жніўня на палігоне ў Архангельскай вобласці Расіі пры выпрабаванні новай сакрэтнай зброі выбухнуў рэактыўны рухавік. Праз два дні ўлады прызналі, што пры аварыі адбылася ўцечка радыяцыі.
Пацярпелых пры выбуху даставілі ў бальніцы Архангельска — пасля чаго ў арганізме аднаго з лекараў знайшлі радыеактыўны нуклід цэзій-137, паведамляе расійскі сайт «Медуза».
Ні ратавальнікаў, ні дактароў не папярэдзілі, што яны працавалі з апрамененымі. У абласной бальніцы пра радыяцыю даведаліся праз некалькі гадзін пасля таго, як пачалі апераваць пацярпелых, а дэзактывацыю пачалі праводзіць толькі на наступны дзень. З большасці супрацоўнікаў бальніцы ўзялі падпіску пра неразгалошванне дзяржтаямніцы.