Павал Касцюкевіч, здымак Юліі Дарашкевіч.

Павал Касцюкевіч, здымак Юліі Дарашкевіч.

Зборнік апавяданняў беларуска‑ізраільскага аўтара Паўла Касцюкевіча добра браць з сабою ў камандзіроўку дзеля невялікіх памераў, выразнага друку і кароткіх апавяданняў, якія запрашаюць стомленыя аднастайнасцю дарогі думкі ў часы, калі трава была зелянейшаю, сонца — ярчэйшым, а дрэвы — вышэйшымі.

Ідыятызм Сусвету

У фокусе аўтарскай увагі — спецыфічна юнацкае адкрыццё дарослага свету.

І гэта і ёсць той чароўны дарослы свет, у які я імкнуўся?

Гэта і ёсць дарослы свет, дзе старая Цыпі са старым Хаімам з нечуваным апломбам вярзуць недарэчнасці пра вялікі свет («Мапа»)? Гэта і ёсць дарослы свет, у якім забава мусова саступае месца нуднай працы і не менш нуднаму побыту?

Гэткія пытанні ў той ці іншай форме паўстаюць перад кожным маладым чалавекам разам з не менш непазбежнымі пытаннямі пра сутнасць смерці, кахання, сяброўства і ўвогуле пра сэнс жыцця. У адрозненне ад Адольфа (цьфу! — Альгерда) Бахарэвіча, сп.Касцюкевіч імкнецца паставіцца да акаляючага нас паскудства штодзённасці без усёпаглынальнае нянавісці.

Гэта няпроста, вельмі няпроста і мо таму выклікае ў аўтара «Спатканняў…» вострую і, відаць, абгрунтаваную патрэбамі не толькі мастацкімі, але і псіхалагічнымі, цягу да фармальна‑ абсурдысцкага пісьма. У бок аголенага абсурду штурхаюць цікаўнага маладзёна размаітыя, на першы погляд, але ўсе як адзін абыякавыя да тваіх пакутаў ідэалогіі, якія ў розныя часы розныя дурні паабзывалі вялікімі (за што ўрэшце шмат хто з дурняў атрымаў кулю ў патыліцу і да т.п.). Ну як не закрычаць: «Не хачу!» Але ж ніхто не пытаецца, хочаш ці не хочаш (гл. хаця б «Паўночнае сонца праспекту»).

Да тыповых падлеткава‑ юнацкіх «трагедыяў» у сп.Касцюкевіча далучаюцца спецыфічна яўрэйскія.

Зямля продкаў, Зямля Абяцаная, выяўляецца на дарослым узроўні рэальнасці краінаю памерам «з камарыны задок» (выраз, пачуты ад аўтара), куды не хоча ехаць «Дэпеш Мод»,
і да таго ж смяротна пасваранаю з найбліжэйшымі суседзямі. Высокая місія жыцця на Зямлі Абяцанай у брутальнай рэчаіснасці абмяжоўваецца ўдзелам у бясконцай вайне з вельмі цьмянымі перспектывамі на перамогу. Высакародная справа аліі і парыванне з несвабоды ў свабодны свет заканчваецца праблемамі выжывання ў вельмі адрозным ад прывычнага з дзяцінства грамадстве (гл. хаця б «Сэрца танка»), якое нібыта абраў сам, але якому да тваіх праблем — а гэта для маладзёна заўсёды адкрыццё — няма аніякае справы. Ну ізноў жа, як тут не закрычаць: «Не хачу!»

І што гэта ўвогуле за свет такі,

дзе нават Армагедон ёсць усяго толькі «грудок з камяністым плато, не дужа высокі такі пагорак, метраў шэсцьдзесят увышкі»?

Не кожны ў гэткай сітуацыі адкажа смехам. Ды і хто асудзіць чалавека, які прыгадае тут колішняе, чытанае ў далёкай савецкай школе, «как не впасть в отчаяние при виде того, что совершается дома»? І як няпроста аўтару вызначыцца, дзе ж той сапраўдны дом, на ролю якога прэтэндуе, страшна нават згадаць, увесь гэты свет, у якім нават для Армагедону не знайшлося вартага месца.

Жыць у правінцыі

Натуральна, поруч з перакананнем у дасканаласці Сусвету ідзе пачуццё ўласнае значнасці. Пасля ўсведамлення недасканаласці першага наступным шокам ёсць здагадка, што недасканаласць распаўсюджваецца і на таго, каго мы прывыклі называць «Я».

Ізноў жа, сп.Касцюкевіч не даходзіць тут да крайнасцяў Бахарэвіча, змагаючыся за здаровы розум і сілкуючыся самаіроніяй.

Яго героі зазнаюць падваенне асобы і іншыя метамарфозы, але ланцужковая рэакцыя расчаравання не пераходзіць у антонаў агонь нянавісці.
Спускаючыся з падлеткава‑юнацкіх эмпірэяў на грэшную зямлю, развейваючы ідэальныя рысы ўласнага вобразу ва ўласнай жа свядомасці, Касцюкевіч прыходзіць да таго, каб кінуць першыя цвярозыя погляды на тую мізэрную правінцыю цудоўнага ідэальнага Сусвету, у якой, насуперак жаданням і мроям, давядзецца жыць.

На месца, дзе найбольшым уласным геаграфічным адкрыццём будзе факт, што Касцюковічы (яшчэ адзін удар па самалюбстве!) істотна меншыя за Мінск. На месца, дзе адзіным годным спосабам узняцца да непаўторнасці будзе пераадоленне спакусы даць выспятка выпадкова сустрэтаму пасярод Ірушалайму Жан‑Клоду Ван Даму. Бо ў гэтым свеце тых, хто даў бы выспятка, калі б мог, істотна болей, чым тых, хто, калі б мог даць, устрымаўся: логіка Кручкова з «Пінскае шляхты» ў гэтым свеце больш на месцы, чым дагматы Апакаліпсісу або ідэі Чучхе.

Маладосць — якраз той недахоп, які, як добра вядома, выпраўляецца сам сабою і да таго ж надзвычай хутка. Таму клапаціцца пра недахопы, выкліканыя менавіта маладосцю аўтара, падаецца малаважным. Тым больш, пашпартны ўзрост маладога пісьменніка ўсё больш разыходзіцца з літаратурна ўвасобленым, і гэта ставіць пытанне пра новы пласт фактаў і новы ўзровень асэнсавання і адлюстравання.


Як кожнаму, аўтару «Спатканняў…» трэба жыць, трэба шукаць сваё «шчасце быць». Або проста сваё пісьменніцкае шчасце ў гэтым асобна ўзятым варыянце рэчаіснасці, ахоўваючы дасканаласць уласнага даробку ў недасканалым свеце. Калісьці невядомы кравец тлумачыў невядомаму замоўніку, чаму, калі Бог стварыў свет за шэсць дзён, ён шые гарнітур цэлы месяц: «Дык зірні, пане, на гэты свет і на гэты гарнітур!»

Непаўторны момант жыцця (уласнага і свету) адлюстраваны, але блізіцца момант, калі падлеткавы максімалізм і мегаламанію мусіць заступіць жыццёвым досведам, экзотыку — культураю, выкрывальніцкі, шматвектарны вожык негатывізму — сціплейшай, але пазітыўнай праграмай. Выпраўляць надрукаванае, тым болей, як гэта ўласціва серыі «Кнігарня «Наша Ніва», надрукаванае ўжо неаднойчы, падаецца бессэнсоўным. Хочацца спадзявацца, што вычарпальна скарыстаўшы ўдзячную тэму сталення, аўтар адчуў патрэбу ісці далей: з тым жа аптымізмам і здаровым сэнсам, узбагачаны новым разнастайным досведам, часткаю якога сталася і разгляданая тут кніжка. Прынамсі пра сябе як пра аўтара кнігі ён, здаецца, яшчэ няшмат пісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?