06.02.2009 / 17:14

Нічога страшнейшага за рэалізм 5

На небасхіле расійскіх кінастужак, поўных гламуру, псеўдапатрыятызму і «чарнухі» нечакана ўспыхнула новая зорка — драма «Усе памруць, а я застануся». («Все умрут, а я останусь»). Рэж. Валерыя Гай Германіка. Расія, 2008.

Мастацкі фільм «Усе памруць, а я застануся». («Все умрут, а я останусь»). Рэж. Валерыя Гай Германіка. Расія, 2008

Спецыяльны прыз Канскага кінафестывалю.

На небасхіле расійскіх кінастужак, поўных гламуру, псеўдапатрыятызму і «чарнухі» нечакана ўспыхнула новая зорка — драма «Усе памруць, а я застануся» пра тое, як няпроста выбіваць сваё месца ў свеце аднагодак і старэйшых, калі табе 14. Рэжысёр, эксцэнтрычная Валерыя Гай Германіка 23‑х год, шакіравала сваім з’яўленнем і кіношнікаў, і журналістаў, і абывацеляў, адвыклых ад вострых сюжэтаў кшталту «Розыгрышу». Следуючы залатым словам «па пладах іх пазнаеце іх», праз цытаты аўтара паспрабуем адшукаць непарыўныя сувязі між рэжысёрам і фільмам. Каб зразумець, адкуль узяўся кінатвор, якому не так проста павесіць пэўны жанравы ярлык.

«Здымаю фільмы пра падлеткаў, пра сябе і пра маленькую рэвалюцыю ўнутры чалавека»

Фільм атрымаўся пра дзяўчынак, якіх у школе звычайна менш за ўсё заўважаюць: яны нікога не прэсуюць, але пры гэтым не вучацца лепш за ўсіх. Тыповыя «сярэднячкі» збіваюцца ў групкі, сябруюць, жартуюць, сварацца з бацькамі, употайку паляць, падманам купляюць алкаголь і мараць пра першага хлопца.

Сама фільмовая гісторыя, хоць і дыспрапарцыйна напічканая падзеямі, нейкай часткай знаёмая ўсім, хто скончыў школу не вельмі даўно. Прыплюсуем адсутнасць пэўнай высокай ідэі. Што атрымліваем? Абвінавачванні ў чарговых «чарнушных» здымках і пустым сюжэце. За што тады прэстыжныя кінаўзнагароды? Дарэчы, аўтар прынцыпова не адпраўляла фільм на расійскія кінафестывалі… Гэты паказ з экрана прымушае глядзець на сябе ж. На тое, кім быў, як неадэкватна паступаў, як марыў, што ўсе памруць, а я застануся… Узгадкі такога кшталту псіхіка чалавека часцей апускае у падсвядомасць, каб ніколі не думаць пра мінулую рэвалюцыю і толькі здрыгацца падчас соннага спаткання з падсвядомасцю ў абдымках Марфея. Фільм прымушае ўспомніць пра гэта. Шмат хто параўновае «Усе памруць…» з амерыканскім фільмам «Дзеткі», але гэтае параўнанне чыста вонкавае (і там, і там пра праблемы падлеткаў), бо апошні пафасна дэманструе, маўляў, так рабіць не трэба. Фільм Германікі нагадвае глыбокую рэфлексію над звычайнымі сутычкамі дзевяцікласніка ўнутры сябе і вакол сябе. Пры гэтым рэцэпту ад праблем рэжысёр не выпісвае…

«Найлепшы расійскі фільм — «Бумер»

Нягледзячы на тое, што «Усе памруць…» сутнасна адрозніваецца ад усёй кіношнай крымінальшчыны а‑ля «Брыгады» і стужак з бліскучым (ва ўсіх сэнсах) Гошам Куцэнкам, застаецца агульная рыса, а менавіта выкабеністае імкненне не выдаляць сцэны гвалту, не пераносіць іх на ўзровень сімвалічнага паказу, а неадменна кінуць у вочы, як пальчатку: «Глядзіце, а гэта нашае жыццё. Страшна? А то ж». Самая акцэнтовая сцэна згвалтавання выкрэслівае з мэтавай аўдыторыі саміх 14‑гадовых гледачоў. Што ў сваю чаргу даказвае, што гэты фільм бярэ куды шырэйшае праблемнае поле, чым адносіны падлеткаў. Гэта заклік больш для дарослых прызадумацца пра тое, што, напэўна, нешта ў нас ідзе не так. Бо ніводная праблема не жыве самастойна, яна вырастае з іншай.

«Мастацтва заўжды спекулявала на няшчасці людзей. Я не маю права на такое, трэба валіць у свет ігравога кіно, каб не скурвіцца».

Спачатку Валерыя здымала дакументалістыку, але, стаміўшыся вырываць з людзей драму, вырашыла, што лепей прасіць прафесійных акцёраў падыграць гэтую драму. Уплыў дакументалістыкі адчуваецца ў працы камеры, што стварае эфект прысутнасці, у ігнараванні «адгладжанага» класічна‑галівудскага мантажу, а самае галоўнае — у сюжэце. Трымаючы гледача цэлую гадзіну ў няспынным, імклівым, нарастаючым ходзе падзей, пасля кульмінацыі фільм раптам ставіць тлустая кропка. Як у дакументальным фільме: на гэтым усё, мы ж не ведаем, як складзецца ў героя далей… А шкада.

Ці рэжысёр не ведала, што дадаць, ці пазбягала маралізатарства, але ж смачны фінал застаўся няспраўджанай марай. За спінай таго, што маем: дзяўчынкі, што вытрымала столькі прыніжэнняў, выйшла з іх не пераможцай, але быццам бы не пераможанай. Свабода, новы дзень, паўстанне ці вяртанне — не хапіла якогасьці акорда, што надаў бы гісторыі форму завершанай сімфоніі. Канцоўка не дазволіла гледачу ўпэўніцца ні ў тым, што «ўсё памёрлі», ні ў тым, што «я засталася».

«Я ніколі не разумела Таркоўскага»

Кіно Германікі першапачаткова выключалася са спісу камерцыйных праектаў, але і андэграўдным яго не назавеш. Асабістыя інтарэсы рэжысёра здымаць праблемы маладых шчасліва супаліся з прадзюсэрскімі шуканнямі новых талентаў. У выніку аказалася, што мінімальна апрацаваны сюжэт з жыцця, без аздаблення спецэфектамі ці трукамі, без удзелу знакамітых акцёраў, аказаўся ўжо ў камерцыйным плане паспяховым. Цалкам магчыма, што гэты сімбіёз урэшце умацуецца і прадставіць сабой новы кірунак ва ўсходнееўрапейскім кіно.

«Няма нічога страшнейшага за сапраўдны рэалізм»

Гэта любімы выраз Валерыі ў Дастаеўскага.

Так, магчыма, яна перабольшыла з колькасцю калатнечаў, якія здарыліся з гераінямі. Так, нейкія рэакцыі і дзеянні ў фільме былі прыцягнутыя за вушы. Але варта прызнаць, знойдзеная тонкая пазіцыя балансу, кампраміс між гульнявым і дакументальным кіно. Пераломны перыяд падлеткавасці ў спальным маскоўскім раёне з вышыні росту, пакуль не надта вялікага, саміх дзевяцікласнікаў. Гэта як быць аўтарам рубрыкі «Без каментароў» перад выпускам навінаў, які не суправаджае карцінку вычарпальным тлумачэннем, але пры гэтым дакладна ведае, каго паказаць і колькі секунд.

У маўклівым, настойлівым люстэрку без віньетак і кветачак выяўляецца неэстэтычны, але і не найграна‑брыдкі бок. Жорсткі, незваротны ход падзей, які рэжысёр, зусім як Дастаеўскі, не збіраецца выводзіць да хэпі‑энду, а давядзе да катастрофы, з якой герою трэба будзе самастойна выбрацца. Хоць не Валерыі Германіцы належаць лаўры вынаходніцтва рэалізму у кіно, яе вялізны плюс, што яна адзняла такі страшна рэалістычны фільм.

Стася Мініч

0
магадан / Адказаць
06.02.2009 / 21:55
дзякуй, класная рэцэнзія, хаця і занадта даўгая... цікава наколькі фільм пакаціць... скажы,каліла, дзе можна глянуць яго.
0
lana / Адказаць
07.02.2009 / 03:37
na torrent mozhno ska4at! recenzija klassnaja,o4en pravdivaja
0
More Air / Адказаць
08.02.2009 / 13:22
Сапраўды, цікава чытаецца. Дзякуй, Стася! Пішыце больш!
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру