24.08.2019 / 18:15

«Я выдаткаваў на эсэмэскі $800. Але машыну ўсё ж выйграў!» 3

Допісы ў інтэрнэце з заклікам націснуць падабайку і зрабіць рэпост, шчыра кажучы, ужо добра-такі набілі аскоміну. Але ўсё ж калі выйгрыш прываблівае, так і цягнецца рука зрабіць простую камбінацыю і чакаць свайго шчасця.

Або акцыі крамаў, кшталту купі на пэўную суму тавараў — і будзе табе шчасце.

«Наша Ніва» сабрала гісторыі беларусаў, якім калісьці пашанцавала, хаця і ў драбязе, але ж пашанцавала.

Аляксей: выйграў дыск з камп’ютарнай гульнёй за гісторыю пра камбайнера

«Умовай інтэрнэт-конкурсу было прыдумаць арыгінальны сюжэт для камп’ютарнай гульні з беларускім каларытам. Я напісаў гісторыю камбайнера з беларускай глыбінкі Гены Запалкіна: «Недалёкая будучыня… Беларусь загразла ў даўгах, і яе агарадзілі плотам. У краіне хаос і разбурэнне. У звычайным сяле працуе Гена Запалкін на камбайне. Карацей, зламалі камбайн яму, скралі ўсё, што ў яго было. А жонка з'ехала са старшынёй калгаса ў Мінск, дзе яшчэ, па чутках, засталася нармальная цывілізацыя. Найлепшы сябар за бутэлькай самагонкі спрабуе суцешыць сябра, але раптам у яго з кішэні выпадае запіска ад старшыні з тэкстам, каб той забіў Гену. Адбываецца сутычка, Гена забівае былога сябра і адпраўляецца ў небяспечнае падарожжа ў Мінск, каб вярнуць жонку…» За гэтую гісторыю атрымаў дыск з гульнёй Call of Duty: Ghost.

Пасля яшчэ удзельнічаў у розыгрышах вэйпаў ад магазіна, які нядаўна адкрыўся. Дык вось вэйпы і вадкасць для іх я выйграваў, бывала, па некалькі разоў за месяц. Шанцавала мне ў рандоме».

Настасся: дзякуючы падгузнікам, выйграла ровар

«У мяне ёсць маленькае дзіця, і толькі дзякуючы яму я ажыццявіла мару свайго дзяцінства. Амаль год таму праходзіла акцыя ў краме, там трэба было набыць падгузнікі на суму, большую за 39 рублёў, запоўніць анкету — і ўдзельнічаць у розыгрышы каштоўных прызоў. Шчыра кажучы, купля падгузнікаў была проста неабходнасцю, ні пра якія прызы я нават не думала. Але ўсё адно купіла, запоўніла анкету. І аднойчы раніцай — званок і віншаванні! А пра ўласны ровар я марыла з дзяцінства, загадвала на Новы год, прасіла ў бацькоў на Дзень нараджэння. Але не дарылі і не дарылі. А вось так атрымалася, што мой сын «падарыў» мне ровар».

Дзмітрый: за слоган для будаўнічай фірмы атрымаў домік для лялек і 1000 рублёў

«На нейкай старонцы трапіўся на вочы конкурс на найлепшы слоган для будаўнічай фірмы. Я прыдумаў такі: «Проста будуем складанае». Нечакана гэты слоган спадабаўся. І за гэта дачцэ падарылі лялечны дом, а мне 1000 рублёў, якія я аддаў жонцы. Мы з дачкой так натхніліся яе падарункам, што пасля зрабіў я ўжо сам ёй «асобныя апартаменты» з кардону».

Вось такі домік атрымаў у падарунак Дзмітрый.

А вось на такі дом Дзмітрыя натхніла перамога ў конкурсе.

Павел: павячэраў у рэстаране тар-тарам і супам з белых грыбоў

«Быў звычайны конкурс рэпостаў на вячэру ў рэстаране ў Мінску. Выйграў, запрасілі ўдваіх з жонкай. У меню была салата, суп з белых грыбоў, адбіўная, тар-тар з ялавічыны і кактэйлі. Сума выйшла невялікая, але не прападаць жа выйгрышу».

Кацярына: на касметычныя працэдуры грошы не выдаткоўваю даўно

«Знайшла суполку «Укантакце», дзе рэгулярна разыгрываюць розныя б’юці-працэдуры. Назапасіла сабе і стрыжак, і манікюра, і выпрамлення валасоў, і паслуг касметолага на год наперад».

Юлія: атрымала ў падарунак кветку ў гаршку

«Конкурс быў у інстаграме. Выканала ўсе ўмовы крамы кветак, што праводзіла розыгрыш. І стала пераможцай. Гэтая кветка чамусьці запомнілася, а колькасць кубкаў, штодзённікаў, білетаў у кіно, розных зніжак я нават не лічу».

Падарунак ад крамы кветак.

Кацярына: выйграла абутак… Але не свайго памеру

«Крама абутку праводзіла розыгрыш. Перамагла, а калі прыйшла па прыз, мне сказалі, што пераможцу розыгрышу сказалі ўручыць менавіта гэтую пару абутку. Нашто тады пыталіся, які ў мяне памер, невядома. Але дзякуй усё адно. Пасля прадала гэтыя красоўкі на «Куфры».

Аляксандр: выйграў аўтамабіль «Фольксваген». Не за рэпост, а за смс

«Гадоў з дзесяць таму мабільны аператар праводзіў розыгрыш аўтамабіля. Трэба было адправіць смс на пэўны нумар. Я і адпраўляў. Пасля палічыў, што на смскі выдаткаваў 800 даляраў. Але ж машыну ўсё ж выйграў, ад’ездзіў спраўна, прадаў не так даўно».

А вам шчасціла штосьці выйграваць?

НТ

3
Адыкватник) / Адказаць
24.08.2019 / 19:47
Наша Нива давай конкурс!! з прызами!
4
ЯНКА / Адказаць
24.08.2019 / 20:18
★ А хто такі Слоган? Мяркую, гэта гэткі новы рускі ёлупень, сябра Вавана. ★
1
Менчук / Адказаць
24.08.2019 / 23:49
Выйграў у латэрэі набор шклянак.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру