Пракуратура Мінскага раёна прызнала «незаконнымі і неабгрунтаванымі» рашэнні следчага Бараўлянскага аддзела Мінскага РУУС аб спыненні крымінальнага пераследу маладых людзей, якія падазраюцца ў знішчэнні памятных крыжоў у Курапатах,

а таксама аб прыпыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе з‑за таго, што не ўстаноўлена асоба, якая падлягае да прыцягнення да адказнасці ў якасці абвінавачанага. Пра гэта гаворыцца ў лісце ад 30 студзеня намесніка пракурора Мінскага раёна Эрнеста Кайро старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антону Астаповічу.

Намеснік пракурора паведаміў, што рашэнні следчага адмененыя і 29 студзеня крымінальная справа з указаннямі накіраваная ў Мінскае РУУС для дадатковага папярэдняга расследавання.

20 студзеня А.Астаповіч звярнуўся ў пракуратуру Мінскага раёна з просьбай праверыць абгрунтаванасць і законнасць спынення крымінальнага пераследу маладых людзей, якія падазраюцца ў знішчэнні памятных крыжоў у Курапатах.

Нагадаем, што 12 студзеня Бараўлянскім аддзелам Мінскага РУУС спынены крымінальны пераслед двух непаўналетніх мінчан, затрыманых у Курапатах увечары 1 лістапада 2008 года грамадскімі актывістамі і падазроных у знішчэнні памятных крыжоў. Спыненне крымінальнага пераследу матывуецца тым, што доказаў, атрыманых падчас расследавання, недастаткова для перадачы справы ў суд і прыцягнення да крымінальнай адказнасці двух маладых людзей, навучэнцаў школы і прафтэхвучылішча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?