23.08.2019 / 08:55

Год таму памёр Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік Інфармацыйнай кампаніі БелаПАН

Год таму, 23 жніўня 2018 года, памёр Алесь Ліпай — паэт, журналіст, заснавальнік і кіраўнік недзяржаўнага агенцтва БелаПАН. Яму было 52 гады.

Алесь Ліпай заснаваў агенцтва ў 1991 г. і доўгі час быў яго кіраўніком. У 2018 годзе БелаПАН быў генеральным спонсарам свята на Дзень Волі, а Ліпай выступіў з палымянай прамовай ля Оперы.

Улетку 2018-га Дэпартамент фінансавых расследаванняў завёў крымінальную справу на Алеся. Яго абвінавацілі ў нясплаце падаткаў на суму 173 тысячы рублёў, дома быў праведзены ператрус. Грошы, імаверна, былі не асабістыя, а сабраныя для працы агенцтва БелаПАН. Падаткі былі кампенсаваныя дзяржаве, але крымінальную справу ўсё адно не спынілі.

А ў жніўні таго ж года супрацоўнікі Следчага камітэта прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю БелаПАН па г.зв. «справе БелТА», былі на кароткі час затрыманыя Ірына Леўшына і Таццяна Каравянкова. Ліпай тады як адрэзаў: «Мы дзяўчат ў крыўду не дамо». 

Праз два тыдні яго не стала. 

Да гадавіны смерці на краўдфандынгавай платформе «Улей» быў абвешчаны збор сродкаў на помнік. Неабходную суму — 10 тысяч рублёў — сабралі.

Помнік будзе адкрыты на магіле журналіста ў Рудзенску ў прысутнасці родных і калегаў напрыканцы жніўня. Тут пахаваныя таксама яго маці і сястра.

Пяць фактаў пра заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая 

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру