24.08.2019 / 21:41

Гродзенцу ампутавалі частку нагі. Сястра кажа, што яго збіў АМАП 26

Жыхар Гродна Дзяніс Лук'янаў трапіў у бальніцу пасля канфлікту з міліцыяй на аўтамабільным фестывалі. У яго сур'ёзная траўма нагі, ён знаходзіцца ў рэанімацыі ўжо некалькі дзён. Яго сястра паведаміла журналістам, што АМАП «адпрацоўваў ўдары» на мужчыне. Афіцыйнага каментара прадстаўнікоў МУС пакуль няма.

Сястра пацярпелага: «Збівалі прафесіяналы»

Інцыдэнт адбыўся 29 ліпеня. 36-гадовы Дзяніс разам з сябрам і яго дзяўчынай былі на фестывалі SunDay. Мужчыну затрымаў АМАП, з-за алкагольнага ап'янення яго вырашылі даставіць у РАУС.

«Па дарозе ў РАУС машыну спынілі каля лесу. Дзяніса вывелі з машыны і адвялі крыху ўглыб, за дрэвы. А там раптам пачалася карусель: адзін за адным амапаўцы пачалі адпрацоўваць свае прыёмы, пры гэтым яшчэ радаваліся і хваліліся адзін перад адным, маўляў, глядзі, як я магу! Працягвалася гэта некалькі дзясяткаў хвілін. Тое, што збівалі прафесіяналы, выразна зразумела, бо не засталося ніводнага заўважнага сіняка або гематомы», — прыводзіць «Еўрарадыё» словы Дар'і, стрыечнай сястры Дзяніса.

У РАУС на Дзяніса склалі пратакол па артыкуле 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса і выпісалі мінімальны штраф — 0,2 базавай велічыні, г.зн. 5 рублёў 10 капеек. Пасля яго адправілі ў выцвярэзнік, дзе мужчына правёў ноч.

Пасля Дзяніс выйшаў на працу. У яго моцна балелі ногі, але нейкіх бачных пашкоджанняў не было. Таму, распавядае Дар'я, ён вырашыў пачакаць, пакуль боль пройдзе сам, і не стаў заяўляць пра збіццё. Праз тры дні на ягадзіцах пачалі з'яўляцца гематомы. Мужчына вырашыў, што і гэта пройдзе, і проста адлежваўся дома.

Тыдзень у рэанімацыі, шэсць аперацый

Але выпадак аказаўся нашмат больш сур'ёзным, чым ён думаў. Праз два тыдні пачалося адміранне цягліц. Дзяніса паклалі ў бальніцу.

Стан мужчыны хутка пагаршаўся. Па словах Дар'і, за два тыдні ў бальніцы яму правялі шэсць аперацый і ампутавалі частку левай ягадзіцы, але некроз не скончыўся. Па дадзеных «Радыё Свабода», інфекцыя працягвае распаўсюджвацца па целе і падыходзіць да ўнутраных органаў. Ужо тыдзень мужчына ляжыць у рэанімацыі.

«Дактары доўгі час не маглі зразумець, што адбываецца. Казалі, што некроз цягліц немагчымы пасля падзення. Такое бывае, калі ў ДТЗ зацісне на некалькі гадзін ногі, а таксама, калі б'юць гумовымі дубінкамі. Казалі, што, відаць, сваякі не ведаюць усю праўду пра тое, што здарылася», — распавяла Дар'я «Радыё Свабода».

У пятніцу, 23 жніўня, Дзянісу зрабілі чарговую аперацыю на назе.

Фота Радыё Свабода

«Яго чысцяць, перавязваюць. Падчас чысткі зразаюць частку цягліц, так як яны заражаныя. Чысцяць адмерлую плоць на назе … У яго ўся нага парэзаная. Ужо паловы ягадзіцы няма», — кажа стрыечная сястра.

Допыт у рэанімацыі

Увечары яго наведалі родная сястра і жонка, каб пакарміць, правесці гігіенічныя працэдуры. Мужчына яшчэ не адышоў ад наркозу і нават не адразу пазнаў сваякоў.

«Пытаўся: «А які сёння дзень? А што, я зноў на аперацыі? Мяне зноў чысцілі?». Быў у трызненні», — кажа Дар'я.

Аднак у палату да Лук'янава прыйшлі шэсць мужчын у цывільным, не прадставіўшыся, папрасілі сваякоў выйсці. Як яны потым зразумелі, гэта следчыя прыйшлі на допыт.

«Яны [сваякі — РС] мне тэлефануюць у паніцы. «Тут міліцыі панаехала. Абляпілі яго. Усё ў цывільным, высокія, здаровыя. Ніхто ксівы не паказаў. Без пагонаў. З тэчкамі, з сумкамі. Усіх выгналі». У яго быў шок», — перадае словы сваякоў Дар'я.

Допыт доўжыўся чатыры гадзіны і тычыўся скаргі Дзяніса ў Следчы камітэт і пракуратуру з нагоды ягонага збіцця амапаўцамі. У палаце акрамя яго і следчых нікога не было, нават дактароў ці медсясцёр. Асобна дапыталі таксама Дар'ю і жонку Дзяніса Юлію.

Сваякі сумняюцца, што Дзяніс знаходзіўся ў адэкватным стане, бо яшчэ не адышоў ад наркозу.

«Я хачу даведацца, даў загадчык аддзялення дазвол на допыт. Чаму ў нас, у сваякоў, не спыталі дазволу? Ці можа ён у такім стане даваць паказанні? Чалавек у рэанімацыі. Два тыдні ў бальніцы. Жахлівыя болі … Ён не можа даваць ніякіх выразных паказанняў», — разважае Дар'я, юрыст па прафесіі.

Убачыцца з Дзянісам пасля допыту сваякі так і не змаглі. Патэлефанаваць яму непасрэдна ў рэанімацыю таксама нельга, так як у пацыентаў забіраюць тэлефоны.

«Медсёстры казалі: «Мы закрываем бальніцу. Выходзьце». Не. Ім было ўсё роўна. Чалавек не еў суткі да аперацыі. Ён хоча есці. Ён хоча піць», — распавядае Дар'я.

Як пазней растлумачыў Дар'і загадчык аддзялення рэанімацыі, следчыя могуць дапытваць пацыента, калі ён знаходзіцца ў свядомасці.

Афіцыйнага каментара пакуль няма

Афіцыйных каментароў МУС аб гэтай сітуацыі пакуль няма. У прэс-службе гродзенскай міліцыі журналісту «Еўрарадыё» адказалі, што пра сітуацыю яны не ведаюць, і паабяцалі даць каментар у панядзелак.

4
циник / Адказаць
24.08.2019 / 22:04
сочувствую, приятель, страна конченых убл..ков, всё чты 
можешь сделать это только бежать отсюда, желательно подальше, и просить убежища и лечения 
60
psl-2007@tut.by / Адказаць
24.08.2019 / 22:20
Повезло что только ногу.
1
Андрюха Горец (Беларусь Витебск ) / Адказаць
24.08.2019 / 22:33
Спорим что руководители МВД и начальник ОМОНа скажут что они не при чём и что этот парень сам просто споткнулся ???!  Спорим - на особняк в Дроздах ??! 
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру