Прайшло толькі пару дзён, а я ўжо ў гэта не веру. Падзея імкліва пераходзіць у разрад мараў, летуценняў, міфаў, сноў. Гэтага як не было.

Парыж — Брэст (не Берасце) — Парыж, ПБП — гонка легендарная. Гэта першая велагонка, якая праводзілася рэгулярна, ёй ужо больш за 100 год. Сёння — гэта грандыёзная падзея з тысячамі ўдзельнікаў з усяго свету, ці не найвялікшае веласвята, гэткая «алімпіяда для велааматараў». Як яе трапна назвалі днямі ў СМІ — «Эверэст велатурызму». Каб патрапіць на ПБП, трэба выканаць шэраг умоваў, найперш — праехаць серыю брэветаў (арганізаваных велазаездаў на доўгія дыстанцыі) на 200, 300, 400 і 600 км. Я чуў пра ПБП даўно, але ўсур’ёз стаў задумвацца пра ўдзел пасля таго, як пачаў ездзіць брэветы: раптам аказалася, што я здольны праехаць і 200 км, і 300, і нават тысячу. Так аформілася мара, якую трэба было ўжо неадкладна ажыццяўляць: першую 200-ку я праехаў у 2017-м, а ўжо ў 2018-м мусіў выканаць камплект 200-300-400-600-1000 за сезон, каб атрымаць права на папярэднюю рэгістрацыю на ПБП. Усё ўдалося!

Упакоўка

У Францыю я ляцеў самалётам, таму найперш паўстала праблема — як давезці ровар цэлым. Вырашыў упакаваць яго ў скрыню з-пад ровару, толькі крыху яе скараціўшы. Тут была зроблена першая памылка — памеры скрыні трэба было абмежаваць 200 см па суме вымярэнняў — тады не трэба было б набываць асобныя чыгуначныя квіткі на багаж (між іншым, у міжнародных маршрутах правоз звышнарматыўнага багажу ўвогуле не гарантуецца, аказваецца — у маім выпадку ў віленскім цягніку проста былі месцы для ровараў). Дно скрынкі я ўмацаваў уцяпляльнай пласцінай — лёгкай і цвёрдай. Зняў колы, руль, задні пераключальнік, усё абматаў пузырчатай плёнкай, прымацаваў папяровым скотчам да рамы. Колы і раму пераклаў ізаляцыйным матэрыялам — досыць лёгкім і дастаткова жорсткім. Нарэшце, усю скрыню перацягнуў рамянямі і зрабіў «ручкі».

У віленскім аэрапорце ў дадатак абматаў скрынку плёнкай. У выніку ровар даехаў абсалютна без пашкоджанняў. Адно што скрынка атрымалася занадта вялікай, цёгацца з ёй у грамадскім транспарце не самы прыемны занятак.

Тэхагляд

Перад правядзеннем ПБП удзельнікі абавязаныя прайсці тэхнічны агляд ровараў. Для гэтага трэба было прыехаць на месца старту — горад Рамбуе за 60 км ад Парыжа. Крыху папярэдне паездзіўшы па Парыжы, каб праверыць, ці ўсё ў парадку з роварам, 17 жніўня я выехаў у Рамбуе цягніком. Па дарозе на вакзал атрымаў першы пракол. Ну што ж, бывае. Хутка памяняў камеру — і на цягнік. У Рамбуе, ужо ў натоўпе такіх самых удзельнікаў, даехаў да месца старту. Ішоў дождж, але гадзіна ў чарзе на тэхагляд прайшла весела, у размовах, знаёмствах, у агульным прыўзнятым перадстартавым настроі. Сам тэхагляд прайшоў будзённа: праверка тармазоў, светлавых прыбораў, агульнага стану ровара. Пасля гэтага атрымаў пакет дакументаў, нумары і г.д.

У Парыжы па дарозе з вакзала атрымаў яшчэ два праколы. ТРЫ праколы ў адзін дзень! На 20 кіламетрах!! Са мной і двух за дзень ніколі не бывала — а тут адразу тры і перад такім стартам. Гэты быў шок. У выніку купіў яшчэ дзве камеры, і ўзяў з сабой у дарогу ажно пяць штук з такога перапуду. Забягаючы наперад, скажу, што за ўсе наступныя 1200 км я больш не атрымаў ніводнага праколу.

Але гэта былі яшчэ не ўсе сюрпрызы. Мая кітайская сядушка EC90 (копія сядла Specialized Power Comp), на якой я праехаў увесь гэты сезон і не мог на яе нарадавацца — раптам расклеілася! Палова сядла проста тырчэла ўверх. Што рабіць?! Новае сядло я мог бы купіць на старце (там і цэлы ровар можна было б купіць), але спрабаваць праехаць 1200 км на новым сядле — гэта быў бы самазабойчы ўчынак. Амаль у паніцы (суботні вечар, разняволены Парыж) пабег шукаць клей. На шчасце, паспеў у супермаркет, знайшоў клей, заклеіў сядло. Вытрымала.

Старт

Старт маёй групы быў прызначаны на 18.00 18 жніўня, часавы ліміт, за які трэба было праехаць дыстанцыю — 90 гадзінаў.

У Рамбуе я прыехаў блізу гадзіны дня, крыху пабадзяўся сярод удзельнікаў, паабедаў, паглядзеў палаткі з разнастайнымі велатаварамі, са страху перад праколамі купіў яшчэ адну камеру.

Каля 17.00 стаў у чаргу з удзельнікамі са сваёй групы. Нас усіх паціху прапусцілі праз палаткі, у якіх адзначылі першай пячаткай стартавы этап — кожны ўдзельнік меў кніжку кантролю прахаджэння этапаў, у ёй на кожным кантрольным пункце вам павінны былі паставіць пячатку і час. У дадатак да кніжкі кожны ўдзельнік меў адмысловы чып, з дапамогай якога прахаджэнне этапаў фіксавалася электронікай і яго можна было адсочваць анлайн.

А 18-й групу сабралі ля стартавай брамы і пасля кароткіх вітальных словаў выпусцілі ў дарогу — пад ухваляючыя крыкі немалога натоўпу гледачоў. Я крыху затрымаўся і адстаў ад сваёй групы і таму пачакаў старту наступнай групы — каб не шукаць дарогу па трэкеры, а арыентавацца па ўдзельніках. Такім чынам, стартаваў у 18.15 з групай J.

Першыя гадзіны прайшлі ў эйфарыі: эфектныя сельскія дарогі, прыгожыя краявіды, шыкоўнае надвор’е, вясёлая кампанія… Я ішоў сваім невысокім тэмпам, і мяне, натуральна, паволі адзін за адным абганялі ўдзельнікі з групаў, што стартавалі пазней за мяне — K, L, M… Рэльеф быў яшчэ не вельмі складаны — даволі вялікія па беларускіх мерках пагоркі, але цалкам «рабочыя»: пад’ёмы даўгія, але павольныя. Надвор’е было вельмі камфортным: не было ні спёкі ўдзень, ні холаду, калі надышла зорная ноч. Незабыўнае відовішча: ноч, зоры, месяц, і па дарозе ідзе бясконцая плынь чырвоных агеньчыкаў задніх ліхтароў раварыстаў.

Першыя ж кіламетры адзначаюцца і частымі праколамі: раз-пораз на ўзбочыне бачу ўдзельнікаў, што мяняюць камеры…

КП1

На першым кантрольным пункце (118 км, Мартань-а-Пэрш) быў праз 6 гадзінаў, каля 12 ночы. Тут яшчэ не ставілі пячаткі і не фіксавалі прахаджэнне электронным чынам — тут былі толькі сэрвісы. Харчаванне, тэхнічная і медычная дапамога. Я пад’еў у вялізнай сталоўцы, набраў вады. Выязджаючы, заўважыў, што згубіў тут ажно гадзіну часу. Гэта вельмі шмат.

КП2

Вілен-ла-Жуэль, 217 км. Сюды прыехаў пасля 6 раніцы. Тут паставілі першую пятачку ў кніжку кантролю, напісалі час. Зноў нешта перакусіў, узяў з сабой, здаецца, колу і бананы. На гэтым КП ужо нехта паклаўся спаць — проста на падлогу. Тут згубіў 40 хвілін. Адчуванне было дастаткова бадзёрым — ноч без сну адбівалася на адчуванні, але раніца асвяжыла і спаць не хацелася.

КП3

Фужэр, 306 км. Тут быў а 11:26, атрымаўся адзін з самых хуткіх этапаў. Профіль трасы усё яшчэ больш-менш лагодны, а я ўсё яшчэ больш-менш свежы. Тут схадзіў у душ (бясплатна, а калі заплаціць 4 еўра — атрымаеш гель і аднаразовы рушнік), зноў перакус, колу з багетам — у запас — і ў дарогу. Праехаў паўз прыгожую крэпасць у Фужэры, на ўскраіне яшчэ заскочыў у Макдональдс па малочны кактэйль.

Цяпер, удзень, становяцца бачныя шматлікія ўпрыгожанні ўздоўж дарог, зробленыя ў гонар гонкі і яе ўдзельнікаў: надпісы, плакаты, веласіпедныя колы і нават самі ровары. І людзі, людзі! Ці не кожны пры дарозе вітае, падбадзёрвае, крычыць «Allez!», «Bon courage!» «Bravo!», «Bonne route!». Дзеці радасна падстаўляюць далоні, каб павітацца — пляскаемся далонямі на хаду, дзячым, вітаем… Не раз таксама людзі цэлымі сем’ямі выходзяць на дарогу з вадой і нейкім перакусам — і частуюць раварыстаў задарма. Некалькі разоў з удзячнасцю карыстаўся гэтай дапамогай, а аднойчы, на вялікай гары ля Брэста, гэтай вадой ужо амаль ратаваўся — бо заехаў на гару ўжо без вады, а наперадзе было яшчэ пару гадзін інтэнсіўнай язды па спёцы…

Здаецца, дзесьці на гэтых этапах рэльеф становіцца выразна «гарыстым» (па нашых, канечне, мерках): пад’ёмы, хаця і не рэзкія, тым не менш могуць цягнуцца некалькі кіламетраў. Спускі, адпаведна, становяцца вельмі небяспечнымі — хуткасць нават без высілкаў раварыста лёгка дасягае 45—50 км/г, нярэдкія і дастаткова крутыя павароты на спусках…

На КП у Лудэаку — гэта быў 445 км — я зрабіў істотную памылку: там можна было пакінуць некаторыя рэчы (і забраць на зваротным шляху). Я ж паленаваўся шукаць валанцёраў ды распытваць, што ды як, а адразу пабег спаць: у мяне быў невялікі запас часу. За 5 еўра мяне завялі ў вялікі ангар з месцамі чалавек на 200, запісалі час пад’ёму (праз паўтары гадзіны), паказалі месца (матрас з коўдрай). Было не надта ціха, але я меў берушы, і вырубіўся. Праз 1,5 гадзіны мяне распіхалі з ліхтаром у вочы. Сон не сказаць каб моцна мне дапамог, а вось час быў згублены істотны. Пасля гэтага этапу практычна ўсе наступныя прамежкавыя фінішы на кантрольных пунктах былі «на мяжы»: акрамя агульнага ліміту часу на прахаджэнне ўсёй гонкі ўдзельнік меў таксама ліміт часу на КП.

Другая ноч была цяжкай. Рэльеф стаў яшчэ больш гарыстым. Пад’ёмы сталі вельмі зацяжнымі, начныя спускі — усё больш небяспечнымі, асабліва ва ўмовах моцнага недасыпу. Да гэтага дадалося істотнае паніжэнне тэмпературы — спускі цяпер былі яшчэ і невыносна халоднымі. Я не ўлічыў магчымы холад, і не меў дастаткова цёплай вопраткі, закрытых пальчатак. Рукі проста дубелі.

КП у Карэ-Плюге быў, здаецца, выратаваннем. Сюды я яшчэ паспеў з запасам часу каля гадзіны. Тут крыху падсілкаваўся, адагрэўся і паспаў 20 хвілін. Але радаваўся я рана. Выйшаўшы на стаянку з роварамі каля 6-й раніцы (гэта было ўжо 20 жніўня), убачыў моцны туман. Ровар быў як вадой абліты. 2—3 гадзіны прайшлі ў вільготным тумане, амаль ў дажджы, плюс холад. Ратавацца даводзілася толькі энергічнымі высілкамі — час падціскаў, ды і грэцца больш не было як. Сонца, што выйшла неўзабаве, дало моцную палёгку… Між тым час бег няўмольна, а рэльеф станавіўся зусім ужо бязлітасным: за колькі дзясяткаў кіламетраў да Брэста трэба было пераадолець больш чым 200-метровую гару з 15-цю кіламетрамі пад’ёму. На вяршыні — прыгожыя краявіды, але ў мяне ўжо няма часу даставаць тэлефон, каб іх сфоткаць — трэба ляцець на КП у Брэсце. Доўгі спуск, яшчэ некалькі ладных горак — і вылет на мост Альбэра Лупэ. Ён перасякае яшчэ нібыта раку Элорн, але фактычна гэта ўжо Атлантыка. Хутка раблю пару фотак і ў малітвах, каб не прабіцца зараз, лячу на КП. Прыязджаю за 25 хвілін да ліміту, у 11.40. Палова дыстанцыі пройдзена.

Дарога назад

Цяпер назад — найперш трэба ўз’ехаць на гару. Як ужо пісаў, вада скончылася на вяршыні, і я кідаўся да ўсіх столікаў з дапамогай — дзе далі кубачак папіць, дзе налілі троху ў флягу. Удзень было ўжо спякотна, час зноў падціскае, і я лячу з гары нароўні з моцнымі раварыстамі — луплю што ёсць сіл да наступнага КП… Тым не менш, на Карэ-Плюге прыязджаю толькі з 30-хвілінным запасам часу. На наступным КП, Сен-Нікаля-дзю-Пелем, няма электроннай фіксацыі і не трэба ставіць пячатак. За 14 км да КП я бачу, што шанцаў паспець амаль няма. Можа, не рвацца? Усё ж вырашаю паспрабаваць паспець, і гэтыя кіламетры праязжаю як вар’ят, з сярэдняй хуткасцю 28 км/г. На КП я за 9 (дзевяць) хвілін да ліміту. І — сюрпрыз! — кантралёры хоць і не адзначаюць нічога, але правяраюць нумар удзельніка! Яны глядзяць на мой нумар групы і потым з павагай глядзяць на мяне: паспеў!

У Лудэаку (гэта 783-ці км) яшчэ крыху паспаў, можа паўгадзіны. Наступныя начныя гадзіны — зноў холад, барацьба са сном, пачынаюцца правалы свядомасці. Перыядычна еду фактычна ў дрымоце, прахапляюся ад рызыкі з'ехаць з дарогі ці вільнуць улева, пад колы суседзяў… На КП у Цінценьяку прыбываю за 20 хвілін да ліміту часу, у 7.10 21 жніўня. На наступны КП — таксама за 20 хвілін, гэта зноў Фужэр (923 км). Тут яшчэ раз іду ў душ, ем, бяру колу й бананы з сабой.

І два наступныя этапы сканчаю на мяжы ліміту часу: каб здарыўся нейкі пракол ці яшчэ якая праблема — укласціся ў ліміты я б не змог, так што мне моцна шанцавала. У Вілен-ла-Жуэлі, 1012 км, нас сустракае сапраўднае гарадское свята: натоўпы гледачоў, сцэна, музыка… Мне ж трэба бегчы набраць вады, узяць чарговы запас ежы і выязджаць. Пасля гэтага КП дарога доўгі час ідзе ўніз, з прыгожымі вечаровымі краявідамі, рэльеф паціху становіцца амаль беларускім «плескачом». У Мартань-а-Пэрш прыязджаю з невялікім запасам, ёсць час хоць 30 хвілін паспаць. Выязджаю, здаецца, з запасам — 5 гадзінаў на 80 км. Але я ўжо ведаю, што ноч будзе няпростай: зноў холад (такі, што я ў якасці «віндстопераў» вымушаны быў карыстаць пластыкавыя пакеты ды нейкія постары з кавярні — проста запіхаў іх на грудзі, каб не прадзімала ветрам), ужо зусім цяжкае змаганне за прытомнасць, кафеінавыя гелі ўжо амаль не дапамагаюць… Недзе пасярэдзіне этапу становіцца ясна, што трэба неяк узяць сябе ў рукі, іначай будзе фіяска. На золку ўдаецца ўзяць добры тэмп і цягам кіламетраў 40-ка я яшчэ раз выдаю кускі нароўні з найлепшымі ўдзельнікамі — так, што тыя пачынаюць пытацца, адкуль я.

На гэтым этапе перажыў самае моцнае ў жыцці дэжа-вю: я ехаў і успамінаў гэты этап гэтак жа ясна, як вы памятаеце тое, што з'елі на сняданак. Канечне, мозг пасля 3 сутак без сну можа выдаць і не такое, але — адкуль я ведаў тое, што будзе наперадзе? Я ведаў усё да драбніцаў пейзажу, маршруту, напрамкаў паваротаў, ведаў, урэшце, тое, што скончыцца ўсё добра і я паспею да ліміту часу. Дзіва дзіўнае. Сышліся з жонкай на тым, што ў мінулым жыцці быў я французскім раварыстам, не іначай.

Як і прадбачыў (ведаў!), прыехаў на апошні перад фінішам КП у Дро за 20 хв да ліміту. На кантролі, атрымаўшы ў кніжку пячатку, груба адвярнуўся, не сказаўшы ні слова: калі я ўбачыў, як пячатка займае перадапошняе месца, стала зразумела, што я праеду ПБП у час, падкацілі слёзы, ледзь стрымаўся.

Апошні кароткі этап да Рамбуе прайшоў у паўзабыцці, цалкам прачнуўся толькі перад самым фінішам. Стала зноў спякотна, пераапрануўся ў лёгкі варыянт формы, прывёў сябе ў парадак наколькі было магчыма. Рамбуе, стадыён, натоўп, вітанні, фініш, абдымкі.

89 гадзінаў, 4 хвіліны, 10 секундаў.

Памылкі

Было зроблена шмат памылак. Найперш — было зашмат лішняга: 3 лішнія камеры, адна пакрышка, накладкі на кантакты і запасныя кантакты, лішні акумулятар (хапіла аднаго), запасныя спіцы, дзве «выратавальныя коўдры», зашмат ежы (гелі нават назад прывёз). Гэта ўсё лішняя вага, а значыць — дарэмна патрачаныя сілы.

Таксама цяжкой памылкай была няўдалая падсядзельная торба — па сутнасці мяшок, які я перацягваў, каб не боўталася ў бакі. Часу на тое, каб яе адкрыць-закрыць, сыходзіла столькі, што я ўрэшце кінуў гэта рабіць. Торба павінна быць жосткая, і лёгка і проста адкрывацца і закрывацца.

Таксама трэба было скарыстацца магчымасцю скінуць торбы ў Лудэаку і паехаць у Брэст і назад лёгкім.

Нарэшце, ехаць без плану прахаджэння дыстанцыі было проста вар’ятцтвам. Тое, што я прайшоў марафон у час, было чыстым шанцаваннем — элементарны пракол паставіў бы крыж на ўсіх высілках. Ды і надвор’е было вельмі спрыяльным — не магу нават уявіць праход марафону ва ўмовах дажджу.

Атмасфера

Гэта тое, за чым едуць на ПБП. Гэта атмасфера свята. Нават калі ты не праехаў дыстанцыю ці не ўклаўся ў час — калі ты быў на ПБП, ты ніколі аб гэтым не пашкадуеш.

І гэтая атмасфера была б немагчымая без арганізатараў, сотняў валанцёраў і незабыўнай падтрымкі мясцовых жыхароў. Уявіце сабе: глухая ноч, вёсачка ў французскай правінцыі. І ўся сям’я, разам з малымі дзецьмі, усю ноч вартуе пры дарозе, ля стала з гарачай кавай-гарбатай і нейкім дробным пачастункам — каб задарма падтрымаць сотні раварыстаў, што едуць міма. І як жа гэтая падтрымка была патрэбная.

Дзякуй ім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?