Дырэктар адукацыйнага цэнтра «Фабрыка ведаў» Аляксандр Луцэвіч тлумачыць, чаму адмова ад цэнтралізаванага тэсціравання была б крокам назад у адборы талентаў.

Дырэктар адукацыйнага цэнтра «Фабрыка ведаў» Аляксандр Луцэвіч.

Дырэктар адукацыйнага цэнтра «Фабрыка ведаў» Аляксандр Луцэвіч.

«ЦТ выключае фактар асабістых інтарэсаў — карупцыю, кумаўство. ЦТ робіць усіх па-добраму роўнымі: адкуль ты, ці ёсць у цябе сувязі — няважна. Тэсціраванне паказвала рэальны стан школьнай адукацыі. Але што ў гэтым кепскага?

Па фізіцы сярэднія балы былі маленькія — 27, 30. Што зрабілі ў апошні год? Праводзіць рэформу адукацыі вельмі цяжка і дорага. Але можна ўзяць і змяніць сістэму падліку, каб маленькія балы павялічыць, а вялікія крыху апусціць. І атрымаецца, што ў школе ў вучня сямёрка, на ЦТ ён набраў 55 балаў, і гэта нармальна. Такое шулерства.

Тое, што можна было натыкаць адказы і набраць нармальныя балы, — гэта праблема новай сістэмы падліку. Я спадзяюся, што сістэму падкарэктуюць. Зрэшты, на выніках паступлення ва ўніверсітэт яна не крытычна адбілася. Калі паглядзець на прахадныя балы, то яны падняліся там, дзе былі маленькімі (на агранома ўмоўна было 130, а стала 170), а на такіх факультэтах, як Факультэт міжнародных адносін, юрыдычны як былі высокія, так і засталіся.

Але нават з гэтымі хібамі ЦТ — адэкватная і справядлівая сістэма. А вусны экзамен нас адкіне ў цемру карупцыі і верне тыя праблемы, якія ўдалося выкараніць.

Аб’яднаць выпускныя і ўступныя экзамены было б лагічна, але толькі калі іх будуць здаваць па сістэме ЦТ. Бо зараз атрымліваецца, што школа не рыхтуе да паступлення ва ўніверсітэт — яна рыхтуе да сваіх выніковых экзаменаў.

Школьныя экзамены цяпер — гэта часцей за ўсё прафанацыя, і ўсе гэта ведаюць.

Там максімум можна падняць ці апусціць адзнаку на адзін-два балы, болей нельга, бо будуць праблемы. Лагічна прыбраць гэтую прафанацыю, але калі рабіць адзін агульны экзамен, то каб яго прымалі па сістэме ЦТ, у выпадкова абранай школе і з незнаёмымі кантралёрамі, каб ацэнка ведаў была сапраўды незалежная. 

Трэба не баяцца напісаць у справаздачах ніжэйшыя балы за экзамен, чым за год.

Але наша сістэма не прадугледжвае такой сумленнасці. Чаму ЦТ і муляе вока шмат каму? Бо яно справядлівае і пры ім цяжка змухляваць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?