Фота Надзеі Бужан

Крэмль расцэньвае візіт дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана ў Беларусь як ўнутраную справу Мінска. Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў, перадае РБК.

Прэс-сакратар растлумачыў, што казаць пра цеснае супрацоўніцтва Мінска і Вашынгтона пакуль не прыходзіцца. «Гэта візіт на рабочым узроўні», — падкрэсліў Пяскоў.

Ён таксама пракаментаваў інфармацыю, што Мінск разглядае магчымасць закупляць амерыканскую нафту. Паводле яго слоў, гэта «пытанне эканамічнай мэтазгоднасці». У той жа час, Пяскоў нагадаў, што партнёрства Масквы і Мінска працягваецца, і выказаў упэўненасць у далейшым развіцці двухбаковых адносін.

27 жніўня адміністрацыя прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пацвердзіла падрыхтоўку сустрэчы з Болтанам. Яго візіт у Мінск адбудзецца не раней за чацвер, 29 жніўня, дакладная дата і фармат сустрэчы пакуль не вызначаны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?