Дзіўная гісторыя адбылася ў вайсковай часці №97106 у Астраўцы — там сяржанта Юрыя Барадзёнка адправілі на гаўпвахту на 10 сутак.
Афіцыйна — за карыстанне нестатутным тэлефонам, смартфонам.
Неафіцыйна — за кіраванне малавядомым тэлеграм-каналам «Беларуская кухня». Тэлеграм-канал пазіцыянаваў сябе як агрэгатар дасланых гісторый пра беларускае войска.
«Усё апублікаванае ў канале з'яўляецца асабістым меркаваннем або дадумкай аўтараў. Памятайце пра гэта, бо, публікуючы вашыя гісторыі, адміністрацыя канала не можа ніяк праверыць іх праўдзівасць», — гаворыцца ў адным з допісаў. Публікаваная ў канале інфармацыя, як правіла, была крытычнай у адносінах да вайсковых рэалій.
Невядома, як канкрэтна, але аўтара канала вылічылі ў Мінабароны. Гэта аказаўся акурат той самы Барадзёнак.
Ягоны аповед аб далейшых падзеях апублікаваў іншы адміністратар.
У аўдыязапісе поўна лаянкі, у агульных рысах змест такі: памочнік міністра абароны па ідэалогіі Леанід Касінскі звязаўся з камандзірам часці Алегам Бацьковым і нібыта загадаў разабрацца з салдатам.
Бацькоў выклікаў таго да сябе і давёў рашэнне аб пакаранні, у жывапісных выразах паспачуваўшы кіраўніцтву: «На месцы міністра я б страляў такіх, як ты. Шкада, што цяпер жыццё салдата не 38 капеек — колькі каштаваў патрон», — такія словы прыпісвае Бацькову сам Барадзёнак.
Варта адзначыць, што пасля таго, як гісторыя стала вядомай тэлеграм-супольнасці, эфект Стрэйзанд павялічыў аўдыторыю канала ў некалькі разоў — цяпер там больш за 3 тысячы падпісантаў (у гэты час афіцыйнаму каналу Мінабароны не хапае некалькі чалавек да 600 падпісантаў).
Што пра гэтую гісторыю кажуць у Мінабароны?
Прэс-сакратар Уладзімір Макараў сказаў «Нашай Ніве», што такі салдат сапраўды адбывае пакаранне.
«Камандзір прыцягнуў яго да адказнасці за выкарыстанне на тэрыторыі часці мабільных сродкаў нестатутнага ўзору. Дзейнічаў ён у адпаведнасці з дысцыплінарным статутам», — сказаў нам Макараў.
Паводле ягоных словаў, пра тое, што гэты салдат вядзе тэлеграм-канал, ва ўпраўленні ідэалагічнай работы даведаліся, пачытаўшы канал Эдуарда Пальчыса.