6 лютага пракуратура Гомельскай вобласці змяніла меру стрымання ў дачыненні да трох жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна, якія абвінавачваюцца ў забойстве аднавяскоўца‑падпальшчыка.
Мужчыны адпушчаны з СІЗА і ў суправаджэнні міліцыі дастаўлены ў родную вёску. Да суда яны будуць знаходзіцца пад дамашнім арыштам.
Нагадаем, забойства адбылося 31 снежня 2008 года. У дачыненні да забітага 1965 года нараджэння раней была распачата крымінальная справа — ён падазраваўся ва ўчыненні трох падпалаў у роднай вёсцы ў лістападзе—снежні 2008 года. Мужчына быў шэсць разоў судзімы. Сын (1972 года нараджэння) адной з жанчын, маёмасць якой была пашкоджана пры падпале, і два яго знаёмыя 1974 і 1980 гадоў нараджэння вырашылі адпомсціць падпальшчыку — забілі яго, а труп спрабавалі спаліць. Цела знайшлі 6 студзеня. Праз чатыры дні падазроныя былі затрыманы. У дачыненні да іх распачата справа па ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства).
Крымінальная справа атрымала грамадскі рэзананс, жыхары вёскі Пухавічы заступіліся за абвінавачваных і накіравалі ў розныя дзяржустановы шэраг скаргаў.
6 лютага на нарадзе па пытаннях удасканалення крымінальнага заканадаўства Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава са словамі:
«Калі ласка, заўтра вы іх адвязіце ў вёску, я вас прашу, няхай яны жывуць у вёсцы, а вы вядзіце сваю крымінальную справу. Адвязіце людзей у вёску, і няхай працуюць там, знаходзяцца ў сваіх сем’ях, а вы іх запрашайце і дапытвайце, гэта для іх будзе лепш, чым сядзець у следчым ізалятары».У той жа дзень абвінавачваныя былі дастаўлены з гомельскага СІЗА ў Пухавічы. У ізалятары яны прабылі 27 дзён.
А.Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы, сказаў: «Я папрасіў бы, каб вы лаяльна вялі гэту крымінальную справу. І вельмі вас прашу, пастаўцеся як да сваіх родных людзей. Ну нягоднік ён, людзей тэрарызаваў, цэлую вёску. Калі ўжо мужыкі на гэта пайшлі, напэўна, яны сапраўды абураныя былі, і ўсё ж простыя людзі на іх баку. Я не кажу, што гэта трэба заахвочваць. Не заахвочваючы, разумець гэтых людзей, якія пайшлі на гэтую крайнюю меру. Калі трэба прыняць рашэнне ў рамках заканадаўства, я гатовы прыняць, але мне падаецца, вы без мяне там прымеце рашэнне. Гэтых людзей трэба адпусціць, весці следства, няхай гэта следства ідзе. І нават прашу публічна, не саромеючыся, суд, каб вы вельмі ўважліва паставіліся, і калі ёсць магчымасць, падтрымалі гэтых людзей. Нельга іх саджаць! Што гэта — вялікі чалавек загінуў? Па турмах туляўся, прыйшоў і яшчэ тэрарызуе цэлую вёску».
Адзін з абвінавачваных, Андрэй Петручэня, паведаміў БелаПАН, што ў вёсцы яго вызваленне ўспрынялі станоўча, суседзі і блізкія сустрэлі іх добра. Паводле яго слоў, забіты пагражаў яго маці, паліў стагі сена.А.Петручэня зазначыў, што яны не збіраліся забіваць, проста хацелі правучыць падпальшчыка. Яго саўдзельнік, 37‑гадовы Ігар Макарэвіч, удакладніў у інтэрв’ю БелаПАН, што пра змяненне меры стрымання яны даведаліся, толькі калі селі ў мікрааўтобус і іх павезлі ў РАУС Жыткавічаў, а адтуль — дадому. Паводле яго слоў, да суда яны павінны знаходзіцца дома, не выходзіць за межы двара, ні з кім не сустракацца. Гаворачы пра забітага, І.Макарэвіч зазначыў, што яго сям’і той шкоды не зрабіў: «Да гэтага справа не дайшла, але мы былі на чарзе».
Гэта не першы выпадак самасуду ў вёсках беларускага Палесся.У лістападзе 2008 года ў Лоеўскім раёне міліцыянеры знайшлі труп мясцовага жыхара, раней судзімага. Пры правядзенні аператыўна‑вышуковых мерапрыемстваў былі затрыманы падазроныя ў забойстве — 22—24‑гадовыя жыхары Гомеля. Як высветлілася ў ходзе следства, у вёсцы Іванькоў жыла бабуля падазроных, у якой хтосьці, паводле яе слоў, украў грошы. У гэтым западозрылі мясцовага беспрацоўнага, раней судзімага. Унукі расправіліся з ім, забілі, спрабавалі закапаць у лясным масіве, спрабавалі спаліць труп. Былі затрыманы, змешчаны ў СІЗА, вядзецца следства.