Легендарны спектакль «Тутэйшыя» зноў з'явіцца ў афішы Купалаўскага тэатра. Пра гэта рэжысёр Мікалай Пінігін заявіў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай 100-гадоваму юбілею тэатра, піша Tut.by

Прэм'ера спектакля запланавана на чэрвень 2020 года.

— Мяне прымусілі гэта зрабіць. Шмат людзей прасіла. Гэта найлепшая п'еса Янкі Купалы, — сказаў Пінігін, тлумачачы сваё рашэнне.

Пры гэтым рэжысёр прызнаўся, што ні складу, ні канцэпцыі спектакля ў яго няма. Зыходзячы з гэтых словаў, пакуль не зразумела, ці будзе гэта аднаўленнем старога спектакля ці новай пастаноўкай.

Спектакль «Тутэйшыя» быў пастаўлены ў Купалаўскім ў 1990 годзе, хутка стаў культавым і зрабіўся адным з сімвалаў эпохі.

У нулявыя гады спектакль некалькі разоў знікаў з афішы. Апошнія паказы культавага спектакля адбыліся ў ліпені 2007 года.

Але калі вясной гэтага года Павел Латушка стаў дырэктарам Купалаўскага, то сам прапанаваў аднавіць спектакль.

— Скажу шчыра: спецыяльных прапаноў не маю. За выключэннем адной, якую агучыў Пінігіну, калі яшчэ не з’яўляўся дырэктарам Купалаўскага тэатра. Цяпер паўтарыў зноў: аднавіць пастаноўку «Тутэйшых». Гэта мая прапанова, але прымусіць Мікалая Мікалаевіча я не магу, — казаў Латушка.

На сэрвісе VOKA плануецца арганізаваць трансляцыю пастановак Купалаўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0