Міністр замежных спраў Уладзімір Макей пракаментаваў візіт памочніка прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана ў Мінск. Тэкст заявы змешчаны на старонцы МЗС у фэйсбуку.

«Не трэба шукаць ніякай канспіралагічнай змовы за фактам візіту, — падкрэсліў У. Макей. — Наколькі я разумею, [Болтан] запланаваў гэты тур у некалькі краін, у тым ліку ў Беларусь, каб пазнаёміцца ​​з сітуацыяй у рэгіёне… Мы бачым, што ёсць шэраг канфліктаў, ёсць пэўныя пытанні, звязаныя з праблемай тэрарызму і бяспекай у нашым рэгіёне і ў цэлым свеце».

«Таму, калі да нас паступіў запыт на правядзенне гэтага візіту, то мы, зыходзячы з таго, што стараемся выбудоўваць нармальныя адносіны з ЗША, якія на сёння, трэба прызнаць, аб'ектыўна з'яўляюцца вядучай дзяржавай у свеце, безумоўна, далі згоду… Павінен сказаць, што візіт быў вельмі і вельмі карысным», — зазначыў міністр.

У.Макей звярнуў увагу, што «ніхто нікога не заклікаў далучыцца да чаго-небудзь ці адысці ад каго-небудзь ці ад чагосьці. Былі шчырыя дыскусіі наконт сітуацыі ў нашым рэгіёне, сітуацыі ў свеце, дыскусіі па пытаннях бяспекі, па пытаннях сусветнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, па пытаннях развіцця двухбаковых адносінаў паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Абсалютна шчырая размова, вельмі зацікаўленая».

Па словах міністра, абмяркоўваліся пытанні рэгіянальнай бяспекі, у першую чаргу, сітуацыя ва Украіне.

«Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў вядомы пункт гледжання на сітуацыю ва Украіне і нашы прапановы адносна таго, як можна было б пераадолець гэты канфлікт. Беларускі бок лічыць, што павінна быць, вядома ж, шчырая зацікаўленасць ўсіх уцягнутых у гэтую справу бакоў», — дадаў У. Макей.

Міністр зазначыў, што абмяркоўваліся і іншыя пытанні, звязаныя з рэгіянальнай бяспекай, і не толькі ў нашым рэгіёне, але і перспектывы развіцця становішча на Блізкім Усходзе і ў іншых частках планеты.

«Тут прэзідэнт Беларусі дакладна сказаў пра тое, што ў беларусаў генетычна закладзена непрыманне вырашэння любых пытанняў з дапамогай канфлікту, тым больш з дапамогай збройнага канфлікту, з дапамогай войнаў і гэтак далей. Наша краіна па сабе ведае, што такое войны, якія праходзілі па тэрыторыі Беларусі некалькі разоў у мінулым стагоддзі», — адзначыў У. Макей.

Былі закрануты таксама і пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў сусветным маштабе. 

«Тут таксама наша пазіцыя адназначная, — звярнуў увагу Макей. — Мы лічым, што трэба шукаць кампрамісы. Трэба не ўцягвацца ў гандлёвыя войны, а спрабаваць дамовіцца адзін з адным і знаходзіць кампрамісныя рашэнні любых праблемных пытанняў, бо любая, мякка кажучы, звада або бойка паміж асабліва буйнымі геапалітычнымі гульцамі адразу ж ўплывае на ўсю эканамічную сітуацыю, на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і тым больш гэта тычыцца невялікіх краін, да якіх адносіцца і Беларусь»

«Таму мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб падобнага роду гандлёва-эканамічныя спрэчкі вырашаліся за сталом перамоваў, спакойным і мірным шляхам, а не шляхам выстаўлення розных ультыматумаў. І, зноў-такі, прэзідэнт Беларусі дакладна і адназначна выказаўся на гэты конт», — дадаў кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства.

«Што тычыцца двухбаковых адносінаў, то яны таксама былі абмеркаваны досыць прадметна і канкрэтна, у тым ліку і, як было сказана нашым прэзідэнтам, былі закрануты і нязручныя пытанні, пытанні, якія выклікаюць пэўную заклапочанасць у нашых амерыканскіх партнёраў. Мы дамовіліся, што трэба працягваць дыялёг, не сыходзіць ад вострых тэм, а спрабаваць знайсці вырашэнне тых пытанняў, якія ляжаць на паверхні».

«Прэзідэнт Беларусі дакладна сказаў, што мы не ідзем да Злучаных Штатаў з працягнутай рукой, і мы не просім чагосьці даць нам і пакласці на стол, або нейкую крошку закінуць у рот. Не. Мы хочам проста раўнапраўнага гандлёва-эканамічнага, палітычнага, гуманітарнага і іншага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. І мы гатовыя да гэтага», — падрэсліў У. Макей

«Так, гэты працэс не просты з улікам таго, што пэўныя абмежаванні пакуль яшчэ існуюць у нашых адносінах. Але самае галоўнае, і Джон Болтан адназначна падкрэсліў гэта, самае галоўнае — ёсць разуменне таго, што трэба працягваць дыялог, трэба спрабаваць знаходзіць развязкі ўсіх пытанняў, якія пакуль яшчэ застаюцца ў нашым двухбаковым парадку дня.

Таму я думаю, што, хоць гэта быў і першы візіт (яго ўжо ахрысцілі гістарычным візітам) - але ён быў важны ў тым плане, што бакі паспрабавалі бліжэй зразумець адзін аднаго. І я думаю, што самы галоўны вынік гэтага візіту - гэта тое, што бакі пастараліся пачуць адзін аднаго і дамовіліся аб тым, што такі дыялог павінен быць працягнуты і ў перспектыве», — рэзюмаваў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0