02.09.2019 / 16:25

«Па-першае, гэта патрыятычна». У мінскай школе па ініцыятыве зверху адкрылі новы беларускамоўны клас ФОТЫ і ВІДЭА 11

Мінская 151-я школа — адна з тых нямногіх у сталіцы, дзе адкрыўся беларускамоўны клас. Навучацца на роднай мове тут будуць 13 хлопчыкаў і дзяўчатак.

Усяго сёлета ў школе набралі чатыры першыя класы. Беларускамоўным стаў 1А. Незвычайна, што ініцыятыва паступіла зверху.

«Па загадзе Міністэрства адукацыі ў сувязі з тым, што Фрунзенскі раён самы густанаселены, а колькасць беларускамоўных класаў вельмі нізкая, вырашылі адкрыць у раёне яшчэ пяць класаў», — апісвае сітуацыю тата Андрэй Казановіч, які прывёў у 1А сына Макара.

Калі ў беларускамоўнай гімназіі №4, якая непадалёк, класы перапоўненыя, то тут бацькі перажывалі, што ахвотных не набярэцца.

«Мы запісваліся восьмымі, таму стаяла пытанне, адчыняць клас ці не», — успамінае Андрэй.

З дзецьмі на роднай мове ён размаўляе з маленства. Кніжкі па-беларуску пампуе на сайце kazki.by або бярэ ў бібліятэцы літаратуру па-руску і адразу пры чытанні перакладае. «Мне важна, каб дзеці чулі нашу мову, бо гэта мова маіх бацькоў, гэтай зямлі», — кажа тата.

Дырэктарка 151-й школы Алена Быкоўская.

Дзеліцца, што Макар пайшоў у школу з задавальненнем. Хлопчык ужо ўмее чытаць, лічыць і настроены на вучобу. «Школа — гэта другая сям’я», — падбадзёрвае яго тата.

Адны бацькі першапачаткова шукалі беларускамоўны клас для дзяцей, іншыя даведаліся пра яго, калі прынеслі дакументы ў школу, і вырашылі аддаць дачок і сыноў менавіта сюды.

«Па-першае, гэта вельмі патрыятычна. Па-другое — тут індывідуальны падыход. У іншых першых класах амаль па 30 вучняў, а ў нашым — 13», — расказвае мама Кацярына Малаткова.

Яе дачка Алеся рыхтавалася да школы ўвесь мінулы год. Хадзіла на заняткі, каб прывыкаць да класнай атмасферы — правільна сядзець за партай, выконваць заданні. Для сваіх 6 гадоў, заўважае Кацярына, дачка вельмі самастойная. Напярэдадні малая сама выбірала ўбор, у якім з’явіцца на лінейцы.

«Яна як на свята ішла, — усміхаецца мама. — І для мяне гэта вельмі хвалююча — новы этап у жыцці дачкі».

Класным настаўнікам у дзяцей будзе малады хлопец Мікалай Кахтэнка. Ён толькі скончыў педагагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава.

«У мяне маці настаўніца, таму чатыры гады назад яна і мне прапанавала звязаць сваё жыццё з настаўніцкай дзейнасцю», — дзеліцца Мікалай.

Родам ён з горада Шуміліна. Бацькі маленькіх вучняў гэтаму факту нават рады: кажуць, людзі з рэгіёнаў больш лагодныя.

Для Мікалая гэты клас таксама першы. Хлопец не хавае: хвалюецца. Паўночы не спаў, рыхтаваўся да ўроку.

— Што будзеце рабіць, калі хтосьці з дзяцей расплачацца? — пытаемся.

— Як бы самому не расплакацца! — жартуе педагог. — Буду суцяшаць, што яшчэ рабіць?

Свой паход у школу ў якасці першакласніка ён, дарэчы, дагэтуль памятае. Кажа, што так разроўся, што маме давялося паўдня прасядзець з ім за партай за кампанію.

Але ў сённяшніх яго вучняў настрой нашмат лепшы. Пра бацькоў, здаецца, дзеці нават не ўспамінаюць — з цікавасцю разглядаюць падручнікі і суседзяў па парце, якія стануць іх прыяцелямі на бліжэйшыя некалькі год.

Чытайце яшчэ:

Цвёрдая русіфікацыя. Доля беларускамоўных першакласнікаў упершыню склала менш за 10%

НЛ, фота Волі Афіцэравай

6
Василиса / Адказаць
02.09.2019 / 17:09
Некали я хацеу каб мае дзеци вучылися не у " беларускамоунай" , а у сваей роднай школе.У такой и сам вучыуся у Ганцавицким раене .Але у Минску ,микрараен Усход , адказвали: Вы тольки адзин падали заяву.Выйшау на вулицу (са слязьми на вачах, и не было сорамна).А там стаиць маладая жанчына и плача.Пасля усих перамовау выявилася: Ей адказали так , як и мне.Дайшоу амаль да Старшыни Прэзидыума ВС БССР .А там....Што казаць? Няма литаратурных слоу. Дзеци вучылися у школе имя Машэрава. И вучылися на рускай мове.Але, дзякуй Богу, их там навучыли любиць сваю Радзиму , сваю Беларусь . И сення , кали унук пайшой вучыцца у першы клас на сваей Роднай мове , я адчуваю сябе шчасливым чалавекам.Беларусь жыла , Жыве и Будзе Жыць.Любице сваю Радзиму , людзи! З Днем Навучэння и Ведау!
2
Гісторык / Адказаць
02.09.2019 / 17:26
Добрая навіна. Свабодныя людзі выбіраюць сваю будучыню. Таму ім абавязкова пашанцуе
0
reis / Адказаць
02.09.2019 / 18:22
помню, калі з звычайнага рускамоўнага класу перайшоў у Беларускі гуманітарны ліцэй. У самы першы набор. Гэта не звычайна пачынаць навучацца на другой мове і у новым калектыве. Адчуванне як быцццам ты апынуўся за мяжой і ва ўзрост немаўляці і можаш пачынаць адкрываць свет па новаму.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру