Міжнародны валютны фонд найхутчэй што прыпыніць выплату чарговай траншы стабілізацыйнага крэдыту Ўкраіне. Урад Цімашэнкі гатовы ў такім выпадку пайсці на збліжэнне з Масквой узамен за 5‑мільярдны крэдыт.

Адпаведную просьбу Юлія Цімашэнку ўжо накіравала расійскаму ўраду. Яе крок выклікаў рэзкую крытыку з боку прэзідэнта Віктара Юшчанкі.

Украіна не выконвае ўмовы крэдытнага пагаднення, заключанага з МВФ, і мае мала шанцаў атрымаць наступную траншу, паведамляюць СМІ са спасылкай на крыніцы ў дэлегацыі Фонду ў Кіеве. Гаворка аб прыняцці ўрадам нерэалістычнага бюджэту на 2009 год, які прывядзе да гіганцкага бюджэтнага дэфіцыту.

Украіна, залежная ад попыту на метал і ўгнаенні на сусветным рынку, найцяжэй перажывае эканамічны крызіс.
Сітуацыя пагаршаецца праз бясконцыя спрэчкі між фінансавымі групоўкамі і палітычнымі сіламі, якія іх рэпрэзентуюць. Каб утрымацца на краі прорвы, Кіеў пайшоў з шапкай. Летась яму ўдалося дамовіцца пра выдзяленне 16,4 млрд крэдыту ад МВФ. Аднак і гэтых грошай нестае. Таму Цімашэнка распачала перамовы ў Маскве аб выдзяленні $5 млрд на пакрыццё бюджэтнага дэфіцыту.
Дэлегацыя выправілася ў Расію таемна, але інфармацыю аб перамовах выведалі журналісты.

Прэм’ер‑міністарка Украіны Юлія Цімашэнка ў свае апраўданне паведаміла, што Ўкраіна звярнулася па дапамогу адначасова да ЗША, ЕС, Кітаю і Японіі і што «пра сваю гатоўнасць падпісаць крэдытнае пагадненне заявіла Расія». Цімашэнка не можа не ведаць, што заходнія краіны, як правіла, не дапамагаюць фінансава наўпрост. Эканамічная дапамога — справа міжнародных фінансавых інстытутаў, такіх як Валютны фонд ці Сусветны банк. Між тым Масква ахвотна вылучае дзяржаўныя пазыкі ўзамен за палітычныя паслугі. 2 млрд атрымала за апошнія паўгоду Беларусь, яшчэ больш паабяцана Кіргізіі за закрыццё амерыканскай базы «Манас», 0,5 млрд выдзелена малесенькай Арменіі.

На думку Юшчанкі, перамовы з Масквой — «гэта небяспечная палітыка, якая стварае пагрозу нацыянальным інтарэсам Украіны».

Першую траншу крэдыту МВФ памерам $4,5 млрд Украіна атрымала ў лістападзе, атрыманне наступных было пастаўлена ў залежнасць ад скарачэння дэфіцыту бюджэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?