А сапраўды – што можна зрабіць? Калі не разам з уладай, дык з улікам яе вымушаных крокаў насустрач Захаду? Піша Віталь Тарас.

Нядаўна давялося пабачыць на польскім тэлеканале «Пульс» дыскусію, прысвечаную 20‑й гадавіне «круглага стала» з удзелам польскіх камуністаў і прафсаюза «Салідарнасць». Вынікам перамоваў сталі першыя ў гісторыі ПНР паўсвабодныя выбары ў Сейм, Для ўдзелу ў дыскусіі былі запрошаныя маладыя інтэлектуалы – пісьменнік і актор, абодвум гадоў акурат па дваццаць. Абодва крытычна ацэньвалі значэнне і вынікі «круглага стала».

20 гадоў пасля

Адзін з іх, напрыклад, спасылаючы на архіўныя звесткі, выказаў перакананне, што мерапрыемства тое было загадзя спланавана камуністычнай уладай, каб унікнуць адказнасці за злачынствы рэжыму і каб у выніку ўяўнай трансфармацыі грамадства застацца часткай істэблішменту. Абодва хлопцы сышліся ў тым, што Польшча ні тады, ні цяпер нават, будучы сябрам Еўрасаюзу, не пераадолела сваёй камуністычнай спадчыны.

Мяне ўразіла не само гэтае меркаванне. Урэшце, крытычны погляд, максімалізм ўласцівы маладосці. Мяне ўразіла тое пачуццё, якое зыходзіла ад гэтых маладых палякаў. Яно было яўна не найграным, натуральным. Гэтыя маладыя людзі сапраўды адчуваюць, што грамадства, у якім яны цяпер жывуць, нават не пачало зжываць з сябе сваё камуністычнае мінулае, дагэтуль не разлічылася з ім. І не хоча гэтага. На думку суразмоўцаў, нават фармальна пра гэта няма падставы казаць, пакуль не апублікаваны ўсе спісы агентаў дзяржбяспекі.

Пры ўсім крытычным стаўленні да сённяшняй Польшчы гэтыя маладзёны не аддзяляюць сябе ад грамадства. Па словах аднаго з іх, пытанне – кепская ці добрая краіна, у якой яны жывуць, нават не паўстае. Гэта іх Польшча. А значыць, яны нясуць сваю долю адказнасці.

Але гаворка тут не пра патрыятызм. Мне падумалася вось пра што. Калі маладыя інтэлекуталы з Польшчы, якая заўсёды прыводзіцца ў прыклад як краіна Цэнтральнай Еўропы, што дамаглася найбольшага поспеху ў посткамуністычнай трансфармацыі (эканамічнай і палітычнай), адчуваюць, што камуністычная пупавіна з мінулым яшчэ не разарваная і новае грамадства яшчэ не паўстала, дык што ж тады казаць пра Беларусь?

Дыялог у мёртвым асяроддзі

Перш, чым працягнуць размову, хачу згадаць яшчэ адну дыскусію, на зусім іншую тэму, якая разгарнулася ў іншай краіне. Яе распачаў распачаў на расійскім сайце «Грані» Андрэй Калеснікаў у артыкуле пад назвай «Новы вадападзел». Ён піша, што перад пагрозай новай, абсалютна рэальнай катастрофы (маецца на ўвазе глабальны эканамічны крызіс і яго наступствы для Расіі) застаецца надзея на саюз лібералаў, якія ёсць ва ўладзе, і лібераламі апазіцыйнымі, дакладней – выціснутмі ў маргіналы. Праўда, як зазначае іншы ўдзельнік дыскусіі, Ілья Мільштэйн, аўтар ідэі такога дыялогу, шчыра канстатуе стан розуму і псіхікі ў сучаснай Расіі: «Дыялог у мёртвым камунікацыйным асяроддзі амаль немагчымы. Ніхто нікога не чуе і слухаць не збіраецца».

Чаму я згадаў тут гэтую дыскусію? Не толькі таму, што пэўныя крокі, зробленыя ўладамі Беларусі ў кірунку кантактаў з часткай апазіцыі, недзяржаўнай прэсы і незалежных экспертаў адрадзілі ў таго‑сяго аналагічныя надзеі – маўляў, прагматычная частка чынавенства сапраўды можа пайсці на нейкі грамадскі дыялог.

Параўнанні з польскім «круглым сталом», якія пачалі праводзіць ужо некаторыя дзеячы беларускай апазіцыі, недарэчныя хаця б таму, што ў Беларусі няма сваёй «Салідарнасці», а яе ўлады, адрозна ад ПАРП у 1989‑м, пакуль не адчуваюць сябе нагэтулькі ж няўпэўнена.

На жаль, актуальнай для беларускага грамадства падаецца характарыстыка «мёртвае камунікацыйнае асяроддзе». З’яўленне некалькіх незалежных газет у кіёсках нічога, па‑ вялікім рахунку, не мяняе. Было б ілюзіяй лічыць, што калі б, напрыклад, Белсат прыйшоў заўтра ў кожны дом, праз некалькі месяцаў мы не пазналі б Беларусь. Сёння ў многіх ёсць магчымасць атрымаць праўдзівую інфармацыю – крыніцаў хапае. Але ў пераважнай большасці людзей няма жадання і звычкі яе шукаць.

У малако

Вельмі паказальным падаўся мне артыкул Віталя Сіліцкага. Аўтар, палемізуючы з Анатолем Сідарэвічам і Лявонам Баршчэўскім, слушна піша: «калі апазіцыя хоча калісьці перамагчы, яна мусіць знайсці сілы выйсці з гэтага (сённяшняга – В.Т.;) стану і ўрэшце штосьці прапанаваць грамадству. А калі толькі шукаць апраўданні для свайго бяздзеяння і спасылацца на аб’ектыўныя прычыны, то і адбываецца, што ў Беларусі ўжо адбылося — на апазіцыю перастае ўскладаць надзеі і грамадства, і міжнародная супольнасць».

Але ж, на маю думку, пафас артыкулу зніжае той факт, што скіраваны ён супраць канкрэтных асобаў, дакладней – іх выказванняў. Бо ўзнікае сустрэчнае пытаньне: а дзе ж была ў апошнія 18 гадоў экспертная супольнасць Беларусі? Ці не павінны і эксперты‑ інтэлектуалы ўзяць на сябе хоць бы каліва адказнасці за сённяшні стан справаў у краіне? Ці шмат слушнага прапанавалі яны за апошні час, ці сталі мы, як супольнасць, лепш разумець, дзякуючы ім, дзе сёння апынулася наша грамадства і куды яно рушыць?

Магчыма, на ўзроўні праектаў і распрацовак былі зроблены геніяльныя адкрыцці ў галіне паліталогіі, сацыялогіі, культуралогіі. Але дзе гэта ўсё? Можа, пра гэтыя распрацоўкі і адкрыцці не дазволена ведаць простым смяротным? Можа, іх глыбіню могуць зразумець толькі самі эксперты, так бы мовіць, – каста пасвячоных? Але тады гэта ўжо не экспертная супольнасць, а нейкі ордэн мечаносцаў.

Чаго ж тады наракаць на апазіцыю, што яна кепска ўспрымае і фармуе новыя ідэі і прапановы? Ці сапраўды эксперты рабілі ўсе, што ад іх залежыць, каб іх пачулі хоць бы ў стане апазіцыі, не кажучы пра грамадства ў цэлым?

Тое, што я тут пішу, зусім не скіравана супраць артыкулу паважанага Віталя Сіліцкага «Доктар, уратуй сябе», які, паўтаруся, лічу ў цэлым слушным. Але, на вялікі жаль, атрымаўся стрэл у малако. Па‑першае, таму, што само грамадства сённня жыве ў «малацэ» – у размытым, афморфным стане, калі ніхто нікога не чуе і не хоча чуць. І ў гэтым сэнсе яно сёння такое ж атамізаванае, як і расійскае.

Вадзяное замірэнне

Насамрэч, стрэл супраць некага ці нечага не можа дасягнуць мэты. Немагчыма абвергнуць тое, што апаненту падаецца непадважальнай ісцінай, асабліва калі ставіць пад сумнеў яго сумленнасць. Стрэлы па амбіцыях выклікаюць толькі стрэлы ў адказ.

Юлія Цімашэнка нядаўна выказала з трыбуны Вярхоўнай Рады прапанову абвясціць «вадзяное замірэнне». Звяры, вядома, калі ідуць на вадапой у засуху, не жаруць адно аднаго. Прапанова, зразумела, не была ўспрынятая палітыкамі. Дый сама Цімашэнка наўрад ці вызначаецца вегетарыянствам у дачыненні да сваіх палітычных апанентаў.

Але ж крызіс, які закрануў сёння, хай у рознай ступені, і Расію, і Ўкраіну, і Беларусь, сапраўды робіць актуальным пытанне – а што можна зрабіць? Калі не разам з уладай, дык з улікам яе вымушаных крокаў насустрач Захаду. Галоўнае тут менавіта – ШТО, а не з кім ці супраць каго.

Вяртаючыся да пачатку размовы і да словаў пра патрыятызм, я хачу сказаць, што справа, урэшце, і ў ім таксама. А можа, напйерш у ім. Калі б я і мог нешта запярэчыць тым юным польскім інтэлектуалам, дык я сказаў бы, што ў 1989‑м годзе не толькі ў Польшчы, але і ў Нямеччыне, у Чэхіі, ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе адбылося вызваленне. Хай не ад камуністычнай ментальнасці, але ж ад савецкай акупацыі, ад васальнай залежнасці ад Крамля. Тым, хто нарадзіўся свабоднымі (а гэтыя хлопцы такімі нарадзіліся) цяжка ўявіць сабе, што такое няволя.

Беларусам яшчэ трэба будзе нарадзіцца свабоднымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0