«Акадэмкніга» запрашае 10 верасня ў 18.30 на аўтограф-сесію пісьменніка Віктара Марціновіча. Аўтар прапануе новае выданне рамана «Сфагнум» і раман «Ноч» на рускай мове.

«Сфагнум»: раман — 2-е выданне

Трое маладых злачынцаў забіваюць падзельніка і губляюць чужыя грошы, якія цяпер давядзецца вяртаць любой цаной. Яны вырашаюць залегчы на дно ў маленькай вёсцы, ратуючыся адначасова ад крэдытораў і крымінальнага вышуку. I ўсё пайшло б паводле задумы, калі б не знешне паўмёртвая беларуская веска з яе неўміручай паганскай містыкай, якая падказвае нечаканае развязанне праблемы. Героі за паўкроку ад шчаслівага фіналу, але ці не зарана глядзець у неба, калі пад нагамі — багна?

«Мова»: раман — 3-е выданне

Мінск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэння Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, бесклапотных уцехаў, шопінг-рэлігіі і cold sex’у. Аднак існуе Нешта, чаго ў гэтым грамадстве суцэльнага дабрабыту не стае як вады і паветра. Сентыментальны кантрабандыст Сярожа пад страхам смяротнага пакарання ўвозіць каштоўны скарб з-за мяжы і апынаецца пад пільным кантролем мінскага падполля, узначаленага кітайскай мафіяй пад кіраўніцтвам таямнічай Цёткі. Разам яны спрабуюць зламаць сістэму, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, каханне і спажыванне, вернасць і здрада памяняліся месцамі.

Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.

 

«Ноч»: раман — арыгінал і аўтарскі пераклад з беларускай

«Ноч» — гэта і антыўтопія, і раман-травелог, і раман-гульня. Свет занурыўся ў бясконцую халодную ноч. У вольным горадзе Грушаўка вада па раскладзе, адзіная газета «Газета» перапісваецца пад капірку і не працуе компас. Галоўны герой Кніжнік — уладальнік адзінай у горадзе бібліятэкі і апошняга сабакі. Узяўшы карту новага свету і том Герадота, Кніжнік адпраўляецца на пошукі каханай жанчыны, якая ў момант блэкауту апынулася ў Непале.

Набыць гэтае ды іншыя новыя выданні і бестселеры, можна ў кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, 72).

 РУП «Акадэмічная кніга» УНП 101462648

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0