Цімафей Дранчук, Эміра Браніцкая, Аляксей Шалайка і Мікола Астрэйка трапілі ў ізалятар КДБ яшчэ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Ператрусы ў іх кватэрах праводзіліся на падставе пастановы, вынесенай па факце паклёпу на прэзыдэнта. Але потым маладых людзей, якім няма і 30 гадоў, абвінавацілі ў жаданьні захапіць уладу. Гэтыя чацьвёра і ёсьць тыя самыя «тэрарысты», якіх напярэдадні выбараў дэманстраваў на прэс-канфэрэнцыі журналістам асабіста кіраўнік КДБ Сьцяпан Сухарэнка.

І вось 9 чэрвеня пракуратура Менску заявіла, што расьсьледаваньне скончанае і крымінальная справа накіраваная ў суд Цэнтральнага раёну сталіцы. Дата суду мае быць прызначаная да 16 чэрвеня.

Абвінавачваньні некалькі зьмяніліся, і цяпер сябраў ГА «Грамадзкая ініцыятыва «Партнэрства» будуць судзіць за тое, што «ў рамках арганізацыі, якая не прайшла рэгістрацыю, яны падрыхтавалі для публікацыі выдуманыя зьвесткі, якія адносяцца да хады і вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі, чым зрабілі замах на правы і законныя інтарэсы грамадзянаў у атрыманьні аб’ектыўнай інфармацыі».

– Я асабіста ня бачу ў дзеяньнях абвінавачаных нейкіх замахаў. Датычнасьць да арганізацыі майго падабароннага ўвогуле не даказаная. Яшчэ да таго, як гэты артыкул уступіў у дзеяньне (1 студзеня 2006 году. – Заўв. аўт.), Цімафей Дранчук спыніў сваё супрацоўніцтва з «Партнэртствам», - распавёў «КП» адвакат Павал Сапелка.

Жонка Цімафея Вольга такасама верыць, што ўжо ў ліпені пабачыць мужа на волі.

– Мы з сваякамі жартуем, што гэта нейкі клюб маладых бацькаў за кратамі. У нас з Цімафеем расьце сын Платон. Ён нарадзіўся, калі Ціма ўжо быў за кратамі. У Аляксея Шалайкі гадавалы сын і цяжарная жонка. У Колі Астрэйкі жонка таксама мае хутка нарадзіць. Наш тата бачыў сына толькі на фатаграфіях. Здымкі можна перадаваць толькі разам зь перадачамі: 1 раз на два тыдні па дзьве карткі. За ўвесь гэты час у нас было толькі адно спатканьне. Спадзяюся, што ўжо ў ліпені мы з Платонам убачым Цімафея. Хаця насьцярожвае, што судзіць іх будзе той жа чалавек, дзякуючы рашэньню якога зараз адбываюць тэрміны на «хіміі» Павал Севярынец і Мікола Статкевіч.

Артыкул, па якім абвінавачваюцца маладыя людзі (арганізацыя альбо кіраваньне грамадзкім аб’яднаньнем, якое замахваюцца на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў і якое не прайшло дзяржрэгістрацыю), прадугледжвае арышт да 6 месяцаў альбо пазбаўленьне волі да 3-х гадоў.

«Комсомольская правда» в Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0