07.09.2019 / 23:57

І трохі ўкраінскай гарэлкі. Некалькі цікавых фактаў і высноў з абмену вязнямі між Расіяй і Украінай 16

Украіна паслала ў Маскву па сваіх палоненых прэзідэнцкі самалёт. У ім паляцелі намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта і дарадца Зяленскага. Калі зняволеных пасадзілі ў самалёт і ён пайшоў на ўзлёт, адны плакалі, другія апладзіравалі. Перад пасадкай намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі асабіста наліў кожнаму па кроплі ўкраінскай гарэлкі.

Сцюардэса ўкраінскага прэзідэнцкага самалёта раздае толькі што вызваленым зняволеным сурвэткі перад сняданкам. 

Украінскім вязням у Расіі дазволілі без абмежавання забраць свае турэмныя транты і нават аддалі рэчы, канфіскаваныя пры арышце. Вязень Кольчанка, напрыклад, прывёз 20 кг лістоў, якія напрысылалі яму з Украіны за час палону.

Сярод вызваленых быў крымскі татарын Юнус Бекіраў. На фота: ён спускаецца з трапа. Яго жонка адштурхне ахоўнікаў і абдыме мужа раней, чым яго прывітае прэзідэнт Украіны, які сустракаў вязняў каля трапа.

Украінскі бок да апошняга не быў упэўнены ў поспеху задумы. Баяліся рознага. Трымалі ў таямніцы нават месца збору такога каштоўнага «абменнага матэрыялу». Расійскіх палонных трымалі ў вайсковай частцы на тэрыторыі Барыспаля.

Абмен стаў вынікам тэлефанавання Зяленскага Пуціну ў нечаканы момант — у дзень, калі ад расійскага агню, пры фармальным спыненні агню, загінулі чатыры ўкраінскія вайскоўцы.

Расійскі бок упарта адмаўляўся ад абмену ўсе пяць гадоў, хоць расійскіх і дэнээраўскіх палонных Украіна трымае нашмат больш, чым расіяне — украінцаў. Усё змянілася гэтым летам. У размове з Зяленскім Пуцін асабліва адзначаў важнасць, каб у спісе на абмен быў журналіст-агент Кірыл Вышынскі, але назіральнікі сходзяцца ў думцы, што Расіі вельмі важна было вярнуць зенітчыка Цэмаха, выкрадзенага ўкраінскім спецназам у ДНР і вывезенага праз лінію фронту. Ён можа быць ключавым сведкам у працэсе па справе збіцця «Боінга». Яго дастаўка ў Кіеў была вялікім поспехам украінскай разведкі. Зяленскі ў аэрапорце заявіў, што Цэмаха дапыталі дастаткова, у тым ліку і дадаткова перад абменам, па просьбе Нідэрландаў. Нідэрланды і некаторыя іншыя краіны Еўрасаюза ўсё адно ацанілі рашэнне Зяленскага аддаць Цэмаха неадназначна.

«Цэмаха дапытвалі перад выдачай, і не толькі перад выдачай. Я не магу назваць імёны, я паабяцаў, але былі лідары еўрапейскіх краін, з якімі мы прагаварылі гэты момант: і час, неабходны для правядзення дадатковага допыту, і ўсе следчыя дзеянні. Мы ўсё гэта зрабілі, пра што нас папрасілі. Было складана, я баяўся, што гэта можа сарваць абмен, але мы зрабілі ўсё».

Неафіцыйна ўкраінскія чыноўнікі пераконваюць СМІ, што рызыкі выдачы Цэмаха былі грунтоўна ўзважаныя. «Яго паказанні, калі б яны былі, істотна не адаб'юцца на судовым працэсе», — сказаў адзін з чыноўнікаў.

У суботу ўкраінскія СМІ трыумфавалі. Абмен вязнямі ў Кіеве ўспрымаецца як палітычная перамога Украіны.

Сяргей Гезгала

14
Адыкватник) / Адказаць
08.09.2019 / 00:31
Малайцы !!
122
Брыдкая пачвара / Адказаць
08.09.2019 / 00:42
СССР ужо даўна няма, а аўтар піша ў стыле камуністкіх прапагандысткіх ідэолагаў ,хібячых заходніх імперыалістаў і славячы мудрае кіраўніцтва КПСС. Цікава, дзе учыўся?
7
Святлана / Адказаць
08.09.2019 / 08:14
Дзякуй Богу! 
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру