11.02.2009 / 12:14

Ці змагаўся хтосьці за Беларусь? 12

Беларускія вайсковыя фармаванні ў 1917—1923 гадах (без уліку партызанскіх) налічвалі каля 11 тысячаў байцоў. Піша Алег Дзярновіч.

Беларускія вайсковыя фармаванні ў 1917—1923 гадах (без уліку партызанскіх) налічвалі каля 11 тысячаў байцоў. Піша Алег Дзярновіч.

Новую кніжку Алега Латышонка можна назваць малым зборам твораў — сюды ўвайшла ў перакладзе з польскай манаграфія «Беларускія вайсковыя фармаванні: 1917—1923 гады», а таксама згрупаваныя ў тэматычныя раздзелы «Станіслаў Булак‑Балаховіч: старонкі бурлівага жыцця» і «Змаганне за ўласную дзяржаву» публікацыі аўтара з іншых выданняў. Такім чынам, гэта кніга пра шчырыя памкненні, палітычныя камбінацыі і асабістыя ахвяры.

Вельмі асабістая кніга

Разам з тым кніга беластоцкага гісторыка, пры ўсёй напоўненасці яе фактурай і архіўнымі спасылкамі, нясе на сабе адбітак асабістых эмоцый аўтара. І пачынаюцца яны ад бацькі. Так, распавядаць Алегу Латышонку — ён сам пра гэта піша — пра вялікую гісторыю Беларусі пачаў ягоны бацька. А той усё не верыў: «Я прачытаў мноства кніжак, але ні ў адной нічога падобнага немагчыма было знайсці. Кніжкі, вядома, былі камуністычныя, і ўся гісторыя Беларусі з іх была выдаленая, таму можна мяне лічыць ахвярай прапаганды». Дадамо да гэтага ўласцівую маладосці ўзбунтаванасць супраць бацькавага аўтарытэту.


А. Латышонак прамаўляе падчас адкрыцця
надмагільнага помніка Алесю Гаруну
на Ракавіцкіх могілках у Кракаве, 1986

Якая перакуленасць шаляў! У позняй БССР хутчэй дзеці — вучні старэйшых класаў ды студэнты — маглі распавесці бацькам пра гісторыю Беларусі, чым пачуць ад іх уцямныя не толькі звесткі, але і сістэмныя думкі пра лёс іхняга краю, якія хоць бы трохі вылучаліся з савецкіх канонаў.

Хіба што ўраджэнцы Заходняй Беларусі яшчэ маглі сутыкнуцца з напаўнастальгічнымі ўспамінамі сваіх бацькоў пра даваенны час. Гэта праўда — у савецкім ідэалагічным маналіце рэальнага месца для Беларусі не заставалася, а паміж пакаленнямі беларусаў узводзіліся муры забыцця і непаразумення.

Сам жа Латышонак звярнуўся да гісторыі Беларусі ўжо студэнтам Ягелонскага універсітэту ў Кракаве. Несумненна, гэта было для яго адкрыццём цэлага культурнага кантыненту, ці, як у Мар’яна Брандыса, «Каралеўства Беларусь».

Найперш малады гісторык пачаў займацца постаццю генерала Булак‑Балаховіча, а пасля, «разам з тым, як стаў сабе ўсведамляць, колькі людзей сапраўды ваявала за Беларусь, стала ясна, што напісанне біяграфіі Генерала давядзецца адкласці (усё маю надзею, што калісьці яе напішу)». Такім чынам нарадзілася доктарская праца (кандыдацкая, паводле постсавецкай тэрміналогіі) «Беларускія вайсковыя фармаванні: 1917—1923 гады».

Беластаччане

Яшчэ адзін асабісты матыў Латышонка ў напісанні гэтай кнігі — удзел у баях за Беларусь ягоных землякоў, жыхароў Беластоцкага краю. Для самога аўтара тут вельмі паказальны прыклад Беластоцкага батальёну Дзямідава, які найдаўжэй з усіх беларускіх аддзелаў змагаўся з бальшавікамі ў адкрытым полі. На гэтым эпізодзе варта крыху спыніцца.


Мікола Дзямідаў.

Увосень 1920 году да арміі Булак‑Балаховіча далучыўся капітан Мікола Дзямідаў, які ў наваколлях Беластоку набраў з добраахвотнікаў батальён — чатырыста чалавек, — з якім і з’явіўся ў стаўку генерала пад Туравам. На пачатку лістапада армія Булак‑Балаховіча рушыла на ўсход і ўзяла Мазыр. Але далейшы наступ быў спынены на Дняпры. Нашмат мацнейшыя чырвоныя дывізіі сталі адцясняць балахоўцаў на ўсход. 27 лістапада Булак‑Балаховічу пагражала нават акружэнне. Тады выратавалі яго жаўнеры Беластоцкага батальёну і Смаленскага палка, якія ў вырашальны момант пераправіліся праз Прыпяць у вельмі цяжкіх абставінах і дапамаглі таварышам.

Пасля адступлення арміі Булак‑Балаховіча на кантраляваную палякамі тэрыторыю Дзямідаў не здаўся, і са сваім батальёнам з 400—600 чалавек, з дзвюма гарматамі і чатырма кулямётамі, застаўся ў нейтральнай зоне і працягваў барацьбу. 29 лістапада батальён Дзямідава ўступіў у пераможны бой з бальшавіцкім 40‑м стралковым палком, страціўшы чатырох забітых і 10 параненых. 3 снежня батальён адбіў атакі бальшавікоў пад вёскай Вялікая Малышаўка. Батальён якраз ішоў на дапамогу Слуцкай брыгадзе. На жаль, Рада Случчыны вырашыла спыніць змаганне і, ратуючыся ад бальшавікоў, перайшла на польскі бок фронту. Батальён жа Дзямідава апераваў на Мазыршчыне да студзеня 1921 году, пакуль нарэшце таксама не быў вымушаны перайсці на польскі бок.

Асобны батальён пад камандаваннем Міколы Дзямідава быў апошнім беларускім вайсковым аддзелам, які на полі бою аказаў супраціў савецкім войскам у барацьбе за незалежнасць Беларусі. І тое, што гэта былі пераважна беластаччане, стала для Латышонка моцным пабуджальным матывам у даследаванні тэмы і напісанні працы.

Але вось сапраўдным адкрыццём (у тым ліку і для мяне) стаў радавод Дзямідава, распрацаваны Алегам Латышонкам. Мікола Дзямідаў (1888—1967) нарадзіўся ў Гарадку на Падляшшы, ён быў сынам Станіслава Катнароўскага і Аляксандры з Каліноўскіх. Ягоны бацька памёр у тым самым годзе, а маці паўторна выйшла замуж за акцызнага чыноўніка Івана Дзямідава, які 10 снежня 1889 году ўсыніў ейнага сына, даўшы яму сваё прозвішча.

Самі Дзямідавы былі мясцовымі фабрыкантамі, а адзін з іх фінансаваў рэстаўрацыю абраза Маці Божай у гарадоцкай царкве. У дзяцінстве ж на выхаванне Міколы найбольшы ўплыў меў ягоны дзед па маці Аляксандр Каліноўскі, брат (удакладню Латышонка — кузэн) Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў у Літве і Беларусі. А ў шляхецкіх сем’ях гэта вельмі блізкая ступень сваяцтва. Так‑так, Мікола Дзямідаў па ку¬дзелі (па лініі маці) быў сваяком Кастуся Каліноўскага! Аляксандр Каліноўскі культываваў памяць пра свайго кузэна, што сапраўды паўплывала на будучы палітычны і нацыянальны выбар Міколы Дзямідава.

Колькі іх было?

Усё ж, якія меркаванні Латышонка адносна колькасці беларускіх жаўнераў у час тых катаклізмаў? Па выніках сваіх архіўных штудыяў гісторык прыходзіць да высновы, што беларускія вайсковыя фармаванні ў 1917—1923 гадах усе разам налічвалі каля 11 тысячаў афіцэраў і жаўнераў (калі не браць пад увагу Беларускі корпус у Малдове на Румынскім фронце, які налічваў больш за 100 тысячаў чалавек).

Аднак трэба заўважыць, што некаторыя вайскоўцы па чарзе належалі да розных фармаванняў, ды не ўсе яны бралі ўдзел у баях. З іншага боку, за незалежнасць Беларусі змагаліся таксама партызаны, колькасць якіх вызначыць цяжка. Дзеля гэтага застаецца толькі прызнаць той факт, што за незалежнасць Беларусі ў той час са зброяй у руках змагаліся 10 з лішкам тысячаў чалавек. Колькасць не такая ўжо і вялікая, але гэта былі выключна добраахвотнікі.

Камандныя кадры беларускіх аддзелаў складалі інтэлігенты, якія пазнаёміліся з вайсковай справай на франтах Першай сусветнай вайны. Прафесійных вайскоўцаў сярод беларускіх камандзіраў было няшмат. Жаўнерамі беларускіх фармаванняў былі амаль выключна сяляне, прычым несумненна багатыя і сярэдняй заможнасці, якія барацьбу за незалежнасць Беларусі атаясамлівалі з абаронай уласнай гаспадаркі.

Пра сабаку Райта, альбо Як немагчыма ўхіліцца ад непрыемнага

Адну ж тэму Латышонак толькі пазначыў ва ўступным «Слове да беларускага чытача», але не рызыкнуў развіваць. Тычыцца гэта супрацоўніцтва беларускіх дзеячаў з савецкімі спецслужбамі. Цяпер ужо відавочна, што некаторыя з найбольш выдатных змагароў (не гаворачы пра нашмат менш спраўных і адважных) за БНР, такія як Канстанцін Езавітаў, Францішак Кушаль ці Герман Шыманюк, сталі ў свой час савецкімі агентамі. Латышонак называе гэта вельмі прыкрай канстатацыяй і ўдакладняе, што падобная праблема «патрабуе шматбаковага і глыбокага вывучэння». Тым не менш, адзначае беластоцкі гісторык, відавочна таксама, што не былі яны агентамі ў той час, калі змаганне за незалежную БНР выглядала яшчэ рэальным.

Трагізм і злая іронія заключаецца ў тым, што менавіта многія беларускія «нацысты» да таго былі савецкімі агентамі. Стваральнік Беларускай нацыянал‑сацыялістычнай партыі Фабіян Акінчыц у 1920‑я ўзначальваў Юрыдычны аддзел Беларускай Сялянска‑Работніцкай Грамады, а будучы прэзідэнт створанай пад немцамі ў 1943 г. Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслаў Астроўскі тады ж настолькі цесна супрацоўнічаў з мінскай КП(б)Б і Кампартыяй Заходняй Беларусі, што ўзначальваў Беларускі Кааператыўны Банк у Вільні, праз які праходзілі сродкі ГПУ (тагачасная назва КДБ) на фінансаванне Грамады. І ў нацызме, і ў камунізме яны бачылі шырму, за якой можна працягваць, у іхнім разуменні, беларускую справу.

Мяне таксама не пакідаюць думкі, што можна рабіць у тыя хвіліны, калі абрынаецца ўвесь навакольны свет ды прыходзіцца акрэсліваць свой выбар «найменшага» з найгоршага. Усё ж я схіляюся да думкі, што лепш зусім нічога не рабіць, чым ісці на кампрамісы са злом у надзеі на ўласную гульню ды магчымы выйгрыш. Прынамсі, су¬працоўніцтва беларускіх актывістаў са спецслужбамі таталітарных рэжымаў не дапамагло такім дзеячам рэалізаваць уласныя палітычныя мэты ды завяло іхняе ўласнае жыццё ў тупік.

Алег Латышонак таксама мае свой, не без сарказму, рэцэпт: «І, можа, лепш было б, каб Браніслаў Тарашкевіч займаўся літаратурнай дзейнасцю, замест таго, каб прадаваць свой народ Сталіну». Булак‑Балаховіч у той самы час, у другой палове 1920‑х, пісаў паэму пра свайго сабаку Райта.

Алег Дзярновіч


Гусары БНР перад будынкам вайсковай камендатуры Горадні ў 1919 г.

***

«Жаўнеры БНР» праедуць па краіне

14—17 лютага ў розных гарадах краіны пройдзе шэраг прэзентацый новае кнігі выдатнага сучаснага гісторыка, праф. Алега Латышонка «Жаўнеры БНР» з удзелам аўтара.

Гэта вычарпальны збор працаў, прысвечаных незалежніцкім вайсковым фармаванням 1917 —1924 гадоў. Частка сустрэчаў пэўная, частка — на стадыі ўзгаднення. Калі ласка, сачыце за абвесткамі ў інтэрнэце і распытвайцеся ў мясцовых супольнасцях.

14 лютага, субота — прэзентацыя ў рамках канференцыі «Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік». . Мінск, бібліятэка Адама Міцкевіча ў дольнай частцы касьцёлу Святых Сымона і Алены. 09.00—12.30

14 лютага, субота — прэзентацыя ў Магілёве. Цэнтр «Кола» 18.00

15 лютага, нядзеля — прэзентацыя ў Віцебску. Кавярня «Залатое цяля», вул.Беларуская, 6а (насупраць аўтавакзалу). 13.00

15 лютага, нядзеля — прэзентацыя ў Глыбокім. Касцёл Святой Тройцы, 19.00

16 лютага, панядзелакМінск, Гістарычная майстэрня, вул.Сухая, 25, 18.00

17 лютага — Гродна, заля Таварыства беларускай школы, вул.Будзённага, 18.30

Заплянаваная таксама сустрэча ў Наваполацку.

Сустрэчы пройдуць у межах кампаніі "Будзьма!"

Даведкі па тэл. (8‑029) 550‑79‑69.

0
Гамельчук / Адказаць
11.02.2009 / 15:42
А ў Гомелі не плануеце прэзентаваць?
0
Nina / Адказаць
11.02.2009 / 20:09
Калі ласка, прывядзіце ў адпаведнасць фотаздымкі і подпісы пад імі :)
0
ГФ / Адказаць
12.02.2009 / 00:28
Слава усим, хто змагаўся за незалежнасць беларускай дзяржавы і нацыянальны росквіт. Вечная памяць і наша вялікая ўдзячнасць загінуўшым за беларускую нацыю. Мы абавязкова ўвекавечым іх на вуліцах і плошчах замест акупантскіх ідалаў, што дагэтуль псуюць аблічча гарадоў і вёсак, засмечваюць іх і свядомасць беларусаў меткамі -- сымбалямі нашага паняволення.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру