49-гадовы індывідуальны прадпрымальнік выпіваў у сваёй кватэры на вул. Лабанка, 40 у Мінску. Данесці смецце да вядра ў яго ўжо не хапіла сілы — і дзве пустыя пляшкі з-пад гарэлкі ён проста выкінуў з акна 12-га паверха, паведамляюць Мінск-навіны …

Унізе па ходніках ішла жанчына з братам. Пляшка ўпала ёй на галаву. Праз некалькі секундаў літаральна за метр ад пацярпелай разбілася яшчэ адна. Сваяк тут жа выклікаў хуткую і міліцыю.

Мінчанку з ранай галавы даставілі ў бальніцу. Пазней медыкі дыягнаставалі ў яе ўдар галаўнога мозгу, пераломы зводу і асновы чэрапа. Такія траўмы адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

У дачыненні да 49-гадовага мужчыны распачалі крымінальную справу. Такі нечаканы паварот падзей шакаваў яго, бо раней ніколі праблем з законам не меў. Ён настойваў на сваёй невінаватасці, запэўніваў, што намеру прычыніць цялесныя пашкоджанні ў яго не было. Акрамя таго, да апошняга сцвярджаў, што ніякага дачынення да пляшак не мае. Аднак наяўнасць яго адбіткаў пальцаў на выкінутай тары сведчыла пра адваротнае.

За наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання суд прыгаварыў мінчука да пяці гадоў пазбаўлення волі, а таксама пастанавіў выплаціць пацярпелай 10 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0