Журналістка Ірына Халіп прыняла рашэнне ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах — 2019. Яна балатуецца па Партызанскай акрузе №110. Яе супернік — тэлевядучы АНТ Тэнгіз Думбадзэ.

Ірына Халіп. 

Ірына Халіп. 

«Наша Ніва»: Ірына, навошта вам гэта?

Ірына Халіп: Простае пытанне, але і складанае. Для чаго мне гэта патрэбна? А для ўсяго! Для таго, каб потым, праз колькі гадоў, калі спатрэбіцца падводзіць нейкія вынікі, я сказала сабе: «Я зрабіла ЎСЁ, што магла». І гэта я не пра радок у некралогу, а для самой сябе.

Апроч усяго, я да пэўнай ступені чалавек кансерватыўны, і была б радая, каб існавалі такія метады і падыходы, якія можна было б абраць адзін раз і назаўсёды. Вось вырашыла я: мая стратэгія — байкот. І я за байкот назаўсёды, і больш ніколі нічога. Але я зразумела, што няма такой універсальнай стратэгіі. Сёлета трэба рабіць так, налета па-іншаму, праз год — яшчэ па-іншаму, а праз дзесяць гадоў — зусім па-іншаму.

Вядома, мне гэта не зусім падабаецца. Але я павінна разумець, што змяняецца свет, змяняецца сітуацыя ў Беларусі, прычым не ў лепшы бок. Такім чынам, трэба змяняцца і мне.

«НН»: Фактычна вы адказалі і на наступнае пытанне: чаму раней былі за байкот, а цяпер за ўдзел.

ІХ: Тры гады таму не было такой безнадзейнай сітуацыі, калі праз месяц завязуць у Астравец паліва для АЭС, на 8 снежня Лукашэнка паабяцаў падпісанне новых дамоваў аб інтэграцыі, і мы не ведаем, што там будзе. Сёння беларускай зямлі пагражае ўсё: і ўсходні сусед, і ядзернае паліва, і ўвогуле людзі губляюць надзею. Таму трэба паспрабаваць змяніць хоць нешта ў такіх цяжкіх умовах.

«НН»: Доўга ў вас выспявала такое рашэнне?

ІХ: Не, пяць хвілін.

«НН»: Сур’ёзна?

ІХ: Абсалютна. Села, падумала і вырашыла: «Добра, я паспрабую». Але я скажу шчыра, што ўся «Еўрапейская Беларусь» вельмі цяжка ішла да гэтага рашэння.

У кожнага з тых, хто ўдзельнічае ад «Еўрапейскай Беларусі», ёсць палітычны бэкграўнд, ёсць свае жорсткія падыходы, таму кожнаму з іх гэтае рашэнне давалася з цяжкасцямі. Мне лягчэй за ўсіх, бо я люблю «дзвіжуху».

«НН»: Калі не сакрэт, хто вам прапанаваў паўдзельнічаць?

ІХ: Ніхто. Нават мой муж [былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў — «НН»] быў катэгарычна супраць. Потым ён, мабыць, усё ўзважыў і не быў супраць. У нас з Андрэем прынята так, што няглядзячы на плюралізм і рознасць думак, важныя рашэнні мы прымаем разам. Не бывае так, што адзін кажа: «Я зраблю так», а другі на гэта адказвае: «Добра, рабі, але я не падтрымліваю». Мы заўсёды шукаем кампраміс, які б задавольваў абодва бакі.

«НН»: Усё ж прыняў ваша рашэнне?

ІХ: Так, хаця ў душы ён, можа быць, і супраць, я не ведаю (смяецца).

«НН»: Партал «Хартыя-97» будзе падтрымліваць вашу кампанію?

ІХ: Вядома, будзе. І маю кампанію, і кампаніі тых кандыдатаў, якія ідуць ад «Еўрапейскай Беларусі» і Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

«НН»: З якімі прапановамі і лозунгамі вы пойдзеце на гэтыя выбары?

ІХ: Галоўны лозунг вельмі просты: «Лукашэнка павінен сысці». Што яшчэ? Астравецкая АЭС не павінна быць запушчана, мы павінны вярнуць краіне выбары.

Разумееце, я не ўдзельнічаю ў выбарах, іх у нас няма, я ўдзельнічаю ў палітычнай кампаніі, і адна з яе мэтаў — вярнуць выбары. Я нядаўна падумала, што нават пры Лукашэнку, калі б у нас былі справядлівыя парламенцкія выбары, гэта б вельмі шмат усяго змяніла. Я ведаю, што нічога такога пры Лукашэнку не будзе, але цяпер у нас такая сітуацыя, што ў гэтай кампаніі ўдзельнічаць трэба. Але гэта толькі на мой погляд, я не ведаю ісціны.

«НН»: У апазіцыянераў часта пытаюцца, які ваш план, калі вас не абяруць у парламент. А які ў вас план, калі вас абяруць, ці, дакладней, прызначаць?

ІХ: Гэта не тая парадыгма, у якой мы сёння можам гаварыць. Парламента — няма, выбараў — няма. Але, добра, уявім, што Лукашэнку стала вельмі-вельмі сумна, і ён вырашыў, што ў гэтай «палатцы» няма нічога вясёлага, а вось давайце па прыколе туды запусцім Халіп, паглядзім, што яна зробіць. Калі так будзе, то я зраблю імпічмент Лукашэнку.

***

Ірына Халіп

Нарадзілася ў 1967 годзе ў Мінску. Скончыла журфак БДУ. Працавала ў выданнях «Імя», «БДГ», «Новая газета» (Расія). Жонка палітыка Андрэя Саннікава. Была арыштаваная ў снежні 2010 года пасля Плошчы. Ад 29 студзеня 2011 — пераведзена на хатні арышт. 16 мая 2011 асуджаная да 2 гадоў зняволення з адтэрміноўкай на 2 гады. Прызнаная вязнем сумлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?