Падчас спецаперацыі па затрыманні фігуранта справы MH17 Уладзіміра Цэмаха атрымаў раненні ўкраінскі вайсковец Дзмітрый Гержан з пазыўным Трытон, піша Донбасс.Реалии.

47-гадовы салдат 74-га асобнага разведвальнага батальёна Узброеных сіл Украіны распавёў падрабязнасці вывазу баевіка з акупаванага Данбаса, падчас чаго яму адарвала нагу, а разведчык Аляксандр Каладзяжны з пазыўным Кол атрымаў смяротныя раненні.

«Мы ішлі па вызначаным маршруце, але наткнуліся на міннае поле. Саша ішоў першым, хоць і прамацваў усе шчупамі, але ўсё адно «сарваў» проціпяхотную міну. Я пабег, каб дапамагчы яму, і сам падарваўся. Адразу пасля ранення я быў прытомны — памятаю нават, як убачыў сваю адарваную ступню», — распавёў Гержан.

Па словах разведчыка, яго і Каладзяжнага эвакуіравалі ў Курахава Данецкай вобласці. Апошні знаходзіўся ў цяжкім стане, але некаторы час таксама быў у прытомнасці.

Дзмітрый Гержан пайшоў на вайну на Данбасе ў 2014 годзе ў якасці добраахвотніка 5-га батальёна Правага сектара. У 2018 годзе падпісаў кантракт з 74-м батальёнам украінскай арміі. Пасля ранення салдат праходзіць рэабілітацыю.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?