Завербаваны ў Расіі агент, якога, па дадзеных CNN, амерыканскія спецслужбы вывезлі з краіны ў 2017 годзе, быў адным з найбольш каштоўных актываў ЦРУ - ён дапамог у расследаванні ўмяшання ў выбары і ўзлому Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі, піша rbc.ru са спасылкай на The New York Times.

Паводле NYT, расійскага чыноўніка сярэдняга звяна завербавалі дзесяцігоддзі таму і асцярожна апрацоўвалі, пакуль ён ішоў па кар'ернай лесвіцы. У выніку ён атрымаў доступ у Крэмль. Калі ЗША западозрылі Расею ў планах ўмяшацца ў прэзідэнцкія выбары ў 2016 годзе, ён стаў адным з самых важных і найбольш абароненых актываў ЦРУ.

Гэты агент сыграў важную ролю ў высновах выведкі ЗША аб ролі прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ва ўмяшанні. У 2017 годзе выведка апублікавала даклад, у якім расійскага лідара назвалі адказным за ўмяшанне.

Па словах суразмоўцаў NYT, крыніца не ўваходзіла ў лік набліжаных Пуціна, але рэгулярна бачыла яго і была ў курсе рашэнняў Крамля. Яе дадзеныя былі настолькі важнымі, але ў той жа час спрэчнымі, што ў 2016 годзе ў ЦРУ вырашылі правесці поўную праверку ўсёй атрыманай ад крыніцы інфармацыі.

У канцы 2016 года ў ЦРУ пачалі турбавацца за бяспеку сваёй крыніцы, і ў выніку ведамства вырашыла вывезці яго з Расіі. Спачатку інфарматар адмовіўся, спаслаўшыся на непакой за сям'ю, чым выклікаў у амерыканскай контрвыведкі сумневы ў дакладнасці яго дадзеных. Два суразмоўцы NYT з ліку былых чыноўнікаў заявілі, што ў іх былі іншыя прычыны меркаваць, што інфарматар ЦРУ з'яўляецца падвойным агентам. Яны не сталі раскрываць, на чым заснаваныя іх падазрэнні.

Праз некалькі месяцаў ён пагадзіўся з'ехаць. Як піша NYT, гэта адбылося пасля ціску ЦРУ і цікавасці з боку СМІ.

Суразмоўца газеты «Камерсант» у дзяржорганах ЗША заявіў, што ў матэрыяле CNN гаворыцца пра Алега Смалянкова, што ў розныя гады працаваў у адміністрацыі прэзідэнта, апараце ўрада і расійскай амбасадзе ў Вашынгтоне. У 2017 годзе выданне Daily Storm пісала, што Смалянкоў разам з сям'ёй знік, з'ехаўшы ў адпачынак у Чарнагорыю, была распачатая крымінальная справа. Паводле выдання, расследаванне спынілі, бо сілавікі высветлілі, што Смалянкоў жывы і знаходзіцца за мяжой. У 2018 годзе ў раздзеле аб продажы нерухомасці ў WP з'явілася інфармацыя, што нейкія Алег і Антаніна Смалянковы набылі дом у горадзе Стафард (штат Вірджынія). Суразмоўцы NBC сцвярджаюць, што перабежчык жыве паблізу Вашынгтона, але не называюць яго імя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0