У продажы з'явіўся фотаальбом «Палессе. Фотаздымкі з 1920-х і 1930-х»

Як ён з'явіўся ў продажы — гэта цэлая гісторыя.
Падрыхтавала выданне ў 1990-х польская этнограф Гражына Рушчык, тады ж ён і разышоўся ў вузкіх колах. У гэтай справе дапамагаў беларускі даследчык Хведар Клімчук. Ён памёр летась, і сваякі знайшлі ў яго заваленай матэрыяламі кватэры ў тым ліку тры пакункі з гэтымі альбомамі. Яны перадалі іх для продажу ў кнігарню «Акадэмкніга».
Гэта раскошны альбом, еўрапейская паліграфія. Ён складзены з матэрыялаў і здымкаў, зробленых у 1920-я і 1930-я рознымі этнографамі і фатографамі, што захаваліся ў архівах Беларусі, Польшчы і ЗША.

Фота выбраныя з надзвычайным густам. Ты бачыш, ты адчуваеш гэтыя краявіды, а людзі глядзяць на цябе, нібы жывыя.

256 старонак вялікага фармата ў цвёрдай вокладцы. Тэматычныя раздзелы: Край, Дом, Праца, Свята, Скон. Сярод фатографаў — Юзаф Абрэмбскі, Ян Булгак, Станіслаў Бохніг, Станіслаў Дваракоўскі, Казімір Машынскі, Казімір Мядзінскі, Гэнрык Паддэмбскі, Эдуард Фалькоўскі, Юзаф Шыманчык.

Альбом, які варты таго, каб яго мела кожная беларуская сям'я. Прадаецца ён толькі ў кнігарні «Акадэмічная кніга» (праспект Незалежнасці, 72 каля метро «Акадэмія навук»).

Каментары