Радыё «Свабода» паведамляе пра тое, што ў Гомлі на год (!!!) умоўна асудзілі пэнсіянэра, выразнага прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі, за тое, што ён перашкаджаў працаваць агітатарам Мілінкевіча.

Свабода, як заўсёды, паведамляе факты, але не ўздымае пытаньняў і ня робіць камэнтароў. А гэта ж, насамрэч, настолькі ж выбітная і нечаканая зьява, як перамога беларусаў над галяндцамі ў футбол у далёкім 1995 годзе. Мяне дагэтуль не пакідае ўражаньне, што гэта фальшыўка і насамрэч ніякага такога прысуду не было. Бо год, нават і умоўна, усё ж такі зашмат за хуліганства нападпітку.

Але, калі пакінуць убаку тэрмін, істотны сам прысуд і тое, як праходзіла паседжаньне. Вядома, я не валодаю дакладнай інфармацыяй, як і што адбывалася, калі гэты інвалід перашкаджаў працаваць агітатарам, і ці сапраўды ён там кагосьці пабіў. Але ж міліцыянты насамрэч сьведчылі супраць яго, а ня супраць «злосных апазыцыянэраў», як звычайна.

Што гэта было? Выпадковасьць (зьверху проста ня ведалі пра сам факт працэсу, і не даслалі загад апраўдаць мужыка) ці зьліў непатрэбнага ўладзе пэнсіянэра, каб хоць крыху падтрымаць бачнасьць справядлівасьці? Мы ўжо звыклыя, што дзеля сапраўды патрэбных уладзе людзей, факты могуць быць абсалютна перакручаныя, ня кажучы ўжо пра банальныя паклёпы; ужо тады зьяўляліся меркаваньні, што калі б гаворка ішла не пра вышэйшага афіцэра, а пра шараговага міліцыянта, то яго б асудзілі.

Калі гэта выпадковасьць, то як так магло адбыцца, што «нізавыя» працаўнікі дзяржмашыны не паспрабавалі выслужыцца, як звычайна такое бывае? Ну судзьдзі - людзі з вышэйшай адукацыяй, але ж міліцыянты.. Асабліва, калі ўлічыць, што гэта ў скрозь прасякнутым расейшчынай Гомлі.

Мне болей верагоднай падаецца ўсё ж такі вэрсія загаду на такі прысуд зьверху. І зараз ужо ня скажаш, што паўсюль пануе несправядлівасьць…

TOL - Блоґі Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0