Не так даўно Юры сышоў з Белдзяржцырка і працягвае займацца любімай працай ужо ў камерцыйных праектах, а яго жонка, Наталля Суворава, на сённяшні дзень адзіны клоўн, які працягвае працаваць у штаце нашага цырка. Акрамя працы клоўна, Наталля выступае з дрэсіраванымі сабакамі, а таксама круціць хула-хупы.
Юры Тарасёнак і Наталля Суворава. Дуэт і на сцэне, і па жыцці.
Сямейны і творчы дуэт клоўнаў Юрыя і Наталлі прыхільнікі цырка ведаюць пад імёнамі пан Жоржык і Гаўрош.
Пра тых, «кім запаўняюць перапынак», і чаму ні Наталля, ні Юры на гэта не скардзяцца, у гутарцы з «Нашай Нівай».
«Намі не запаўняюць перапынак, клоўны — самыя важныя людзі ў цырку»
Пачаць трэба з таго, што амплуа Наталлі і Юрыя ў цырку — гэта дывановы. Гэта клоўны, якія выступаюць падчас змены дывана ў паўзах паміж выступамі іншых артыстаў.
«Нас зусім не крыўдзіць, што мы выходзім паміж выступамі іншых артыстаў, нас крыўдзіць, калі кіраўніцтва цырка затрымлівае заробак», — смяецца Юрый Тарасёнак.
Насамрэч, Юры і Наталля лічаць, што дывановы — гэта самая прэстыжная прафесія ў цырку.
«Вы не заўважыце, калі, напрыклад, адменіцца выступ паветранага гімнаста ці эквілібрыста, а калі ў прадстаўленні не будзе клоўна — гэта ўжо не цырк. Мы — дывановыя — гэта стрыжань усёй праграмы. Паспрабуйце сканцэнтраваць увагу публікі толькі на сабе, калі ўніформа ў гэты час расстаўляе тумбы, рыхтуе манеж. Гэта вялікае мастацтва», — упэўнены Юры Тарасёнак.
Грымёркі клоўнаў ва ўсіх цырках знаходзяцца на першым паверсе акурат ля выхаду на манеж.
«Таму што клоўны ў цырку галоўныя. Ёсць клоўны гульнявыя, як мы з Наташай, ёсць трукавыя. Ёсць сумныя, ёсць вясёлыя, ёсць белыя, ёсць рудыя. Але ва ўсіх нас задача адна — улюбіць публіку ў цырк. І што самае важнае, улюбіць маленькіх дзетак у цырк. Таму што калі дарослы чалавек, нават калі яму не смешна, можа табе падыграць, то дзіцячыя вочы не падманеш. І калі дзіця табе верыць, смяецца, суперажывае табе, значыць, вобраз склаўся»,— упэўнены Юры.
Зараз цяжка ў гэта паверыць, але Юры Тарасёнак у клаўнаду прыйшоў з акрабатыкі.
«У дзяцінстве я займаўся спартыўнай гімнастыкай, атрымаў майстра спорту і стаў разумець, што чэмпіён ужо з мяне не атрымаецца. Стаў шукаць, чым займацца. У ДК Трактарнага завода ў той час была вельмі моцная цыркавая студыя, пайшоў туды. Неяк да нас прыйшлі акрабаты з цырка, яны шукалі ў нумар чалавека, папрасілі мяне прадэманстраваць, што я ўмею. Я паказаў, яны мяне запыталіся: «Пойдзеш да нас?» Я такі: а чаму б не пайсці. Гады чатыры я быў акрабатам, але ўсё часцей глядзеў у бок клоўнаў. Неверагодна падабалася. Ну і паступова стаў займацца выключна клаўнадай. І так ужо 37 гадоў», — дзеліцца Юрый.
Тут, у Белдзяржцырку, Юрый сустрэў і свой лёс, Наташу Сувораву, якая выступала ў нумары з хула-хупамі.
«Прыглядаўся да яе, пасля пажаніліся, працавалі разам у цырку, але ў розных нумарах. І толькі праз нейкі доўгі перыяд, калі мне спатрэбіўся асістэнт у нумар, я папрасіў Наташу», — расказвае Юрый.
«Я аднеквалася, казала, што вынесу нешта з рэквізіту, хуценька падам і збягу з манежа. А там па сюжэце трэба было, каб я аббегла клоўна, я так і зрабіла. І падчас выступлення Юры выпадкова моцна мяне штурхнуў, я ад нечаканасці шмякнулася на пятую кропку. І ўсе засмяяліся. Я ад жаху, сораму, збянтэжанасці і разгубленасці не ведала, куды мне падзецца, думала, вось проста зараз збягу з манежа і больш ніколі ў жыцці не выйду на яго. Але людзі смяяліся. Я падумала: а раптам у мяне сапраўды атрымліваецца быць смешнай?» — уключаецца ў размову Наталля Суворава.
Наташа і Юрый ніколі да цырка дачынення не мелі. Яны не выхоўваліся ў цыркавых дынастыях.
Наталля таксама прыйшла ў цырк з гімнастыкі. Скончыла цыркавую студыю ў Маладзечне. З нумарам з хула-хупамі яе ўзялі на працу ў філармонію. Пасля запрасілі ў шапіто. І ўжо потым узялі на працу ў Белдзяржцырк, дзе і сёння яна працягвае выступаць.
Цэлы год не быць дома для клоўна —нармальна
Яшчэ ў адной вядомай песні пра цыркавых артыстаў спяваецца, што іх дом — гэта фургончык у полі чыстым. І гэта праўда.
«Адна праграма ставіцца на некалькі гадоў. І ў адным і тым жа цырку праграму можна паказваць не часцей чым раз на тры гады. Таму гастролі і цыркі шапіто — гэта хлеб цыркавых артыстаў. Хлеб цяжкі. У нас жа няма нумароў-люкс. Бывае, прыездзеш на гастролі, а цырк толькі расстаўляюць, там нават прыбіральні няма», — расказвае Юрый.
З Белдзяржцыркам Юрый і Наталля аб’ехалі палову свету.
«Беларускі цырк — гэта найлепшыя традыцыі савецкай цыркавой школы, самай моцнай у свеце. Вы скажаце, што Дзю Салей самы вядомы цырк. Я не пагаджуся. Дзю Салей — гэта тэатр, шоу, але не цырк. Раскажыце, як можна глядзець на жанглёра, які выступае на заднім плане перад дваццаццю артыстамі кардэбалету?» — распавядае Юрый.
Калі ў часы існавання Савецкага Саюза гастролі ладзіліся ў асноўным па саюзных рэспубліках і па сяброўскіх краінах, то цяпер геаграфія гастроляў беларускага цырка ахоплівае ледзьве не ўвесь свет.
«Нас вельмі цёпла прымаюць у арабскіх краінах», — расказвае Юрый.
«У Кувейце была смешная гісторыя, — дадае Наталля і расказвае далей: — Наш нумар пан Жоржык і Гаўрош — гэта гісторыя белага, сур’ёзнага клоўна, якога іграе Юрый, пана Жоржа, і мяне, рудога клоўна — гарэзлівага хлопчыка Гаўроша. Нумар-трасфармацыя. Я падчас нумара дурэю, даю клоўну выспятка, хіба што не стаю на галаве. А ў канцы нашага прадстаўлення здымаю касцюм хлопчыка і застаюся на камплімент — гэта так называецца паклон — у прыгожай бліскучай сукенцы. Здымаю капялюш, пад якім хаваецца мая доўгая бялявая шавялюра. Так было ў Кувейце. Я трансфармуюся, і ў зале наступае мёртвая цішыня… А гэта момант, калі публіка ўжо павінна апладзіраваць. Вось мы так стаім з Юрам, лыпаем вачыма, і не можам зразумець: гэта мы вось толькі што праваліліся? Паўза, здаецца, доўжылася вечнасць. І раптам усе гэтыя арабы падскокваюць з месца і пачынаюць крычаць ад захаплення. Для іх настолькі нечаканым і шакуючым было тое, што за вобразам хлопчыка Гаўроша хаваюся я», — расказвае Наталля.
А здаралася за доўгае творчае жыццё ў нашых герояў і такое, што пераапранацца не было ў што.
«Вось літаральна два месяцы таму мы гастралявалі ў Сімферопалі [у анэксаваным Крыме — «НН»], а Юра забыўся чамадан з маімі рэчамі ў нумары гасцініцы. Прыехалі мы туды за два дні да выступу, а ў мяне са сцэнічнага касцюма толькі штаны. Што рабіць? Знайшлі на месцы атэлье, дзе тэрмінова пашылі патрэбную кепку. І вельмі пашчасціла, што ў Севастопалі зараз жыве выдатны беларускі клоўн Фёдар Гулевіч. Мы пратэлефанавалі яму, ён сказаў: пад’язджайце, што-небудзь вам падбяром. І ён мне аддаў на выступленне свае клоўнскія чаравікі 43 памеру. А я ж нашу 35! Карацей, ён выратаваў наша выступленне», — расказвае Наталля.
Ці ведалі вы, што клоўны свае насы не купляюць у краме, а лепяць самі з пап'е-машэ канкрэтна пад свой нос?
«Нават у такіх форс-мажорных сітуацыях клоўн павінен выходзіць і працаваць. На выступленні дывановых завязаны ўсе нумары праграмы. Нельга захварэць, не прыйсці. Я памятаю, калі ў мяне памерла бабуля, мне паведамілі гэта акурат перад выступам, і я вымушаны быў зглынуць слёзы і выйсці на манеж. Быў такі выпадак з нашымі калегамі. Клоўн зламаў нагу і, каб не зрываць выступлення, размаляваў гіпс і мыліцу пад бярозу і выступаў так», — дадае Юрый.
Да жывёлаў у цырку ставяцца як да дзяцей
Юрый і Наталля прызнаюцца, што найбольш зараз цэняцца артысты, якія могуць працаваць у цыркавой праграме некалькі нумароў. Акрамя гульнявой клаўнады, Жоржык і Гаўрош паказваюць нумар з дрэсіраванымі сабачкамі.
«З намі сабакі працуюць ужо шмат гадоў. Наш папулярны нумар называецца «Арыфметыка», наш пудзель лічыць да 10 і рашае некаторыя матэматычныя прыклады. Другі наш сабачка — танцор», — расказвае Наталля.
«Няпраўда, што жывёлы ў цырку пакутуюць. І тое, што ў цырку жывёлы выступаюць, гэта нармальна. Зразумейце, цяпер няма ўтаймавальнікаў, а ёсць дрэсіроўшчыкі. І паверце, яны сваіх жывёл вельмі любяць, не здзекуюцца з іх. А дрэсіроўка — гэта такі ж элемент выхавання, як вы выхоўваеце сваіх хатніх гадаванцаў», — лічыць Юрый.
Наталля і Юрый успамінаюць, як дрэсіроўцы паддаўся іх хатні гадаванец — 5-метровы пітон Пятровіч.
«Ён адгукаўся на свіст. Бывае, я яго згублю недзе ў кватэры, пазаву свістам, гляджу, ён павольна падымае галаву — аказваецца, што ён на месцы», — расказвае Наталля.
«Сапраўды, Пятровіч прызнаваў толькі Наталлю. Ведаеце, у Індыі пітоны нават дамы ахоўваюць. Вось наш Пятровіч ахоўваў Наталлю. Як толькі яна яго падклікала, ён поўз паглядзець, ці ўсё з ёй у парадку. Ён і спаў з намі разам. Ой, Наталля наогул бясстрашная. У Салігорску ў нумары з мядзведзіхай начавала», — кажа Юрый.
Пасля гэтага выпадку дырэктарка салігорскай гасцініцы «Новае Палессе» паабяцала не тое што з мядзведзямі, а нават саміх артыстаў цырка ў гасцініцы больш не сяліць.
Справа была так. Артыст цырка, дрэсіроўшчык Сяргей Прычыніч, вельмі папрасіў адміністрацыю гасцініцы засяліць яго ў нумар разам з мядзведзіхай Жызэль. Тыя пагадзіліся. Але Сяргею трэба было сысці ненадоўга, ён папрасіў Наталлю прыгледзець за сваёй любіміцай.
«Даў мне палку, якой я павінна была рабіць мядзведзісе «ну-ну» і сышоў. Як толькі дзверы зачыніліся, Жызэль адабрала ў мяне тую палку. А час быў позні. Я стамілася, бачу, што мядзведзіха сама сабе нешта гуляецца, капошыцца, смокча лапу, я і заснула. Калі прачнулася, убачыла, што ў нумары ні штор няма, ні шпалераў. Жызэль пазабаўлялася», — расказвае Наталля.
«Мядзведзі — самыя непрадказальныя істоты ў цырку. Калі драпежніка можна пралічыць, убачыць, што той жа тыгр рыхтуецца нападаць, то мядзведзь усё робіць спадцішка. А потым яшчэ адвернецца, маўляў: «Не, гэта не я». Быў яшчэ выпадак, калі на гастролі ў Калінінград мы ехалі ў купэ з шымпанзэ Азіза Аскарана. Таксама папрасілі правадніка цягніка пусціць. Уявіце сабе карціну. Вы ідзяце па калідоры, а з купэ высоўваецца валасатая рука і цягне вас унутр. Дарэчы, шымпанзэ каштуе 25 тысяч еўра. І артыст-дрэсіроўшчык набывае жывёл за свае грошы. Як вы думаеце, ці будзе ён з яго пасля здзекавацца? Хаця, трэба ўсё ж прызнацца, што ў сям’і не без вырадка. Але гэта ўсё ж не дрэсіроўшчыкі», — дадае Юрый.
«Хутка Новы год. Ужо трэба рыхтаваць праграму для ранішнікаў. Гэта самая гарачая пара ў артыстаў цырка. У дзень, бывае, даем па чатыры прадстаўленні. І гэта з заробкам у 400 рублёў. Так што беларускі цырк — гэта далёка не так весела, як здаецца», —кажа Юрый.
«Але ўсё роўна іншай прафесіі мы сабе не ўяўляем», — дадае Наталля.