Пакуль нацыянальная і маладзёжная зборныя гулялі свае матчы еўракваліфікацыі, у чэмпіянаце Беларусі адбыліся ажно дзве трэнерскія адстаўкі. Свае працоўныя месцы пакінулі Аляксей Мяркулаў з «Гомеля» і Вадзім Скрыпчанка з «Тарпеда-БелАЗ».

Навіну з поўдня Беларусі можна назваць чаканай, нават доўгачаканай — на апошні матч з «Іслаччу» заўзятары «Гомеля» прынеслі банер «Хватит МЕРКнуть», намякаючы на прозвішча галоўнага трэнера. Іх жаданні нарэшце былі пачутыя — цяпер трэніраваць «бела-зялёных» будзе легенда зборнай Аляксандр Кульчы.

У Скрыпчанкі ж адносіны з фанатамі таксама былі не найлепшымі — тыя, як і гамельчукі, прысвяцілі яму банер «Хопіць СКРЫПець», дадаўшы да яго графіці «Скрыпчанка — ганьба Тарпеда».

У выніку жодзінцы засталіся без галоўнага трэнера. Такі крок з боку кіраўніцтва «Тарпеда-БелАЗ» выглядае дзіўным: так, апошнія вынікі каманды складана назваць станоўчымі, але Скрыпчанку варта было даць больш часу, бо ён, па сутнасці, ствараў у Жодзіне новую каманду пасля такой жа дзіўнай адстаўкі Алега Кубарава. Трэнерская рулетка дакладна не пойдзе на карысць жодзінскай камандзе.

Цяпер пераходзім да падзей наступнага тура.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Нёман»

На дваіх у жодзінцаў і гарадзенцаў за апошнія 6 тураў — усяго 1 перамога, і тая — тэхнічная над мінскім «Тарпеда». Таму самі разумееце, наколькі важнай будзе гульня для абедзвюх каманд.

Падчас паўзы клубы правялі спарынгі з замежнымі камандамі: «Тарпеда» перамагло ў гасцях тульскі «Арсенал» (1:0), а «Нёман» дома згуляў унічыю з літоўскім «Рытэраем» (1:1). Варта адзначыць, што гэты матч быў дабрачынным — сродкі збіраліся для гарадзенскага інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху.

Прагноз «НН»: З пагаршэннем вынікаў знізіўся і галявы патэнцыял абедзвюх каманд. У гульні, дзе вельмі важна здабыць балы, складана чакаць вялікай колькасці галявых момантаў і забітых мячоў. Таму спрагназуем тотал, меншы за 2.5

«Дынама-Брэст» — «Мінск»

Перад міжнароднымі матчамі барысаўскі БАТЭ зрабіў класны прэзент берасцейцам, прайграўшы «Мінску». Цяпер «Дынама» нават па згубленых балах апярэджвае барысаўчан. 

Але цяпер «Мінск» едзе ў Брэст. Ці адбудзецца яшчэ адно зняцце скальпаў, або «гараджане» патрапяць пад берасцейскі каток?

Гульцы «Мінска» святкуюць перамогу над БАТЭ. Фота: ФК «Мінск».

Гульцы «Мінска» святкуюць перамогу над БАТЭ. Фота: ФК «Мінск».

Прагноз «НН»: Абедзве каманды паказваюць цікавы атакуючы футбол. У суботу вечарам, калі надвор'е не парадуе, дакладна парадуюць футбалісты. Таму прагноз такі: тотал, большы за 2.5.

БАТЭ — «Гарадзея»

Мы ўсе добра ведаем, якія прыгоды адбываюцца з БАТЭ ў Гарадзеі, але на «Барысаў-Арэне» гаспадары звычайна праблем не адчуваюць у гульні з «цукровымі».

Можа, і добра, што пасля вылету з еўракубкаў і крыўднай паразы ад «Мінска» настала паўза — добрая нагода абнуліцца і сабраць усе сілы на апошнюю траціну чэмпіянату. 

Прагноз «НН»: Перамога БАТЭ.

«Славія» — «Энергетык-БДУ»

  • 15.09, 15:00. Мазыр, стадыён «Юнацтва».
  • Матч першага круга — 2:1

«Славія» ў мінулым туры мела ўсе шанцы адабраць балы ў брэсцкага «Дынама» — пры ліку 2:3 мазырчукі атрымалі права на пенальці, але не змаглі яго рэалізаваць. Пасля гэтага прапусцілі яшчэ адзін і прайгралі. 

«Студэнты» таксама мелі шанец зачапіцца за гульню з «Шахцёрам» — некаторы час мінчукі гулялі з кадравай перавагай, але таксама атрымалі паразу, якая стала чацвёртай у пяці апошніх матчах. А нічыя «Гомеля» апусціла «Энергетык» у зону вылету.

Прагноз «НН»: «Славія» не прайграе. За кошт больш дасведчанага і згулянага складу мазырчукі змогуць перамагчы.

«Іслач» — «Шахцёр»

  • 15.09, 17:00. Стадыён ФК «Мінск».
  • Матч першага круга — 0:1

У пачатку сезона «ваўкі» з «гарнякамі» гулялі ў паўфінале Кубка Беларусі, дзе выдалі два яркія матчы. Пасля быў матч чэмпіянату, не такі выніковы, але за ім пацягнуўся шлейф варожасці паміж Віталём Жукоўскім і Сяргеем Ташуевым. 

Цяпер зноў прыйшоў час даказаць усё адзін аднаму на полі. Тым больш «Іслач» не можа перамагчы вось ужо тры туры запар.

Прагноз «НН»: «Шахцёр» пераможа. У апошніх турах у прагнозах на перамогу «Іслачы» мы стабільна памыляліся, таму цяпер вось так.

«Дынама-Мінск» — «Слуцк»

  • 15.09, 19:00. Мінск, стадыён «Дынама».
  • Матч першага круга — 1:2

У нядзелю можна зладзіць футбольны марафон. Спачатку можна наведаць матч на «Камвольшчыку» (або матч НФК супраць «Смаргоні» ў першай лізе, які пачнецца а 16-й), а потым паехаць на «Дынама», дзе аднайменны клуб будзе прымаць «Слуцк».

Нягледзячы на тое, што случчакі ў першым крузе перамаглі ў «Дынама», статыстыка сустрэч «цукровых» з топавымі беларускімі камандамі застаецца незайздроснай. Тым больш у гасцях. 

Прагноз «НН»: «Дынама» пераможа. Нягледзячы на хатні разгром «Віцебска», не надта верыцца ў перспектывы «Слуцка». 

«Віцебск» — «Гомель»

  • 16.09, 19:30. ЦСК «Віцебскі»
  • Матч першага круга — 2:1

Як мы расказвалі раней, «Гомель» застаўся без Аляксея Мяркулава. Матч з «Віцебскам», які даўно жадае, каб гэты сезон прайшоў як страшны сон, стане першым для Аляксандра Кульчыя. І звычайна змена трэнера станоўча адбіваецца на гульні каманды.

«Віцебск» падпісаў чарговага незразумелага замежніка. Ім стаў 30-гадовы расійскі форвард Аляксандр Пруднікаў, які мае бэкграўнд з амаль усіх расійскіх каманд (у тым ліку і топавых), але ў апошні час кар'ера Пруднікава ўяўляе сабой нешта незразумелае.

Прагноз «НН»: «Гомель» не прайграе

У сувязі са зняццем з чэмпіянату мінскага «Тарпеда» ва ўсіх астатніх матчах «аўтазаводцам» будзе прысуджана тэхнічная параза 0:3. На гэты раз пашанцавала «Дняпро». 

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах і абавязкова схадзіце на стадыён! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?