15.09.2019 / 19:45

Ганна Севярынец: Агрэсія як сведчанне бездапаможнасці. Пра настаўніц з партамі ў руках 28

Назіраючы за гісторыяй з гомельскай настаўніцай, якая абмацюкала вучня, падумала, што тэма булінгу, у якім ахвярай становіцца настаўнік, у нас зусім не раскрытая. Між тым са шматлікіх каментароў, дый з асабістага досведу, усе мы ведаем, што аб’яднаныя ў класы дзеці ўмеюць і любяць, калі маюць такую магчымасць, паздзекавацца з дарослага чужака, піша ў сваім блогу на Радыё Свабода Ганна Севярынец.

На відэа з гомельскай школы, што абляцела ўвесь байнэт, выразна бачна, што вучні ў клясе не разгубленыя, не спуджаныя, не заплаканыя, яны даволі добра пачуваюцца, а настаўніца стаіць перад клясай, нібыта закрываючы сябе партай, і самым недазваляльным чынам (бо разгубленая і спужаная) рэагуе на булінг.

Настаўніцкая агрэсія амаль заўсёды — сьведчаньне бездапаможнасьці (у прынцыпе, як і вучнёўская). Маем завязку: настаўніца прыходзіць на замену ў чужую клясу. Дзеці ня любяць заменаў, асабліва калі настаўнік мае намер ня проста адбыць чужы занятак, дазволіўшы дзецям сядзець у тэлефонах, а правесьці паўнавартасныя ўрокі. Дзеці наогул цяжка прымаюць чужакоў, тым больш тых, хто зараз будзе тут камандаваць, і таму яны імгненна і падсьвядома аб’ядноўваюцца супраць.

Разьвязаць гэтую імгненную рэакцыю нядобразычлівасьці, у прынцыпе, нескладана, але ня кожны ўмее. Пераважна рэагуюць узмацненьнем ціску і карнымі мэтадамі. Спружына сюжэту закручана.

Адзін з бацькоў тых чацьвераклясьнікаў патлумачыў, што падзеі ў клясе разьвіваліся не зусім так, якімі яны падаюцца на відэа. Прыкладам, на ім абрэзаны момант, як хлопчык, на якога ў выніку абрынулася настаўніца, ставіць ёй падножку.

Вучань чацьвёртай клясы — настаўніцы. Нармальна? Мэханізм булінгу запушчаны, дзеці сьмяюцца, нехта ўжо дастаў тэлефон: не для таго, каб запісаць мацюкі настаўніцы (хто ж ведаў, што яны будуць), а таму што дзеяньне пачалося і можна запасацца попкорнам.

Настаўніца нясе парту, каб адсадзіць хулігана, які зрывае ўрок, а ён ставіць ёй падножку. Што было б, калі б яна ўпала разам з партай на гэтага вучня? Думаю, яна адразу ўявіла сабе такі варыянт разгортваньня падзей. Тут, ведаеце, і Госпад Бог мацюкнецца.

Якія інструмэнты назапашаныя нашымі пэдагогамі супраць булінгу? Толькі інструмэнты ўціску. Крык. Пакараньне. Запіс у дзёньнік. Кабінэт дырэктара. Здаецца, усё. Між тым звычайная спакойная ветлівасьць і цьвёрдая прыстойнасьць дзейнічае на дзяцей значна мацней. Але дзе ж браць.

Кожны раз, калі мы едзем на курсы перападрыхтоўкі, у нас бываюць лекцыі псыхолягаў.

Пераважна на іх расказваецца адно і тое ж, вядомае шчэ з унівэрсытэцкіх лекцый, пра асаблівасьці дзіцячых вучэбных паводзін.

Іншы раз на іх расказваюцца нейкія асабістыя гісторыі лектараў, патлумачаныя з пункту гледжаньня папулярнай псыхалёгіі. Яшчэ бывае нейкая голая тэорыя, якая ня мае дачыненьня да школьнага жыцьця. Ніводнага разу там не разабралі вострых тэмаў: што рабіць, калі ў клясу ўваходзіць вучань з нажом, што рабіць, калі дзеці аднекуль дасталі тэлефон і здымаюць на камэру, што рабіць, калі кляса відавочна зьдзекуецца.

Мэханізмы булінгу закладзеныя ў кожнага з нас: зацкаваць чужака — гэты навык уваходзіць у базавую камплектацыю чалавека. Мэханізмы рэагаваньня на булінг — навык сацыяльны, яго трэба альбо выпрацоўваць, альбо атрымліваць у выглядзе ўрокаў. Мы ледзь-ледзь прызналі, што ў нас бывае булінг у дачыненьнях да дзяцей. Але ён бывае і ў дачыненьні да настаўнікаў.

Я памятаю, як мы ўсёй клясай зьдзекаваліся з настаўніка біялёгіі. Гэта быў выключна інтэлігентны, мяккі мужчына, ужо добра ва ўзросьце. Якраз перад тым, як ён прыйшоў да нас, у яго памерла жонка, і ён адзін карміў і вучыў двух сыноў-старшаклясьнікаў.

Мы, дарослыя байбусы, былі значна мацней за яго. Чамусьці нам было жудасна весела атрымліваць над ім вясёлыя перамогі: класьці на крэсла кнопкі, вымазюкваць стол, падкладаць нейкія жартачкі ў журнал. Аднойчы хлопцы прынесьлі ў клясу сьнег і паклалі халодныя камякі ў акуляры нашага біёляга, якія ён забыўся на стале. Празьвінеў званок, настаўнік увайшоў у клясу, падышоў да стала, узяў свае акуляры і насунуў на нос. Па твары ягоным пабеглі ручаі талага сьнегу.

Ён апусьціўся на стул. Зьняў акуляры. І заплакаў. Ціха, бязгучна. Проста разам са сьнегам па твары пацяклі сьлёзы.

Я памятаю, як «прабіла» нас усіх. Адначасова. І тых, хто быў завадатарам булінгу. І тых, хто падтрымліваў. І тых — як заўсёды, самых шматлікіх — хто не падтрымліваў, але назіраў і не спыняў.

Гэта быў адзін з самых моцных урокаў у маім жыцьці.

16
мясцовы2 / Адказаць
15.09.2019 / 19:55
спасибо, кэп
40
Mob100 / Адказаць
15.09.2019 / 20:01
Время возвращать розги, и специальную лавку для покарания, при всех, с голой опой. Это реально рабочий механизм, проверенный веками, когда сила слова не действует.
22
Звыклы беларус / Адказаць
15.09.2019 / 20:07
Брава, Спадарыня Ганна ! Вы выдатная Настауница! и Чалавек ! шкада, што таких у сучаснай школе - раз, два - и больш няма ...
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру